Чарка і шкварка 2023 года: як пабачыць сапраўдны твар крызісу

Мы падышлі да завяршэння першага квартала 2023 года ў неадназначнай сітуацыі. З аднаго боку, многія эксперты заяўляюць, што сітуацыя з эканомікай краіны вельмі трывожная. З іншага боку, дзяржпрапаганда трубіць, што ўсё ў краіне выдатна, заробкі растуць, падзення ВУП не здарылася. Дзе праўда?

Ілюстрацыйнае фота povar24.info

Ілюстрацыйнае фота povar24.info


Праект «Кошт Урада» традыцыйна ў якасці меркі выкарыстоўвае звыклы і зразумелы кожнаму беларусу індэкс чаркі і шкваркі — сукупны сярэдні кошт 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі. Дзіўным чынам жартаўліваму жыццёваму індэксу ўдаецца выразна падсвятляць усе тыя праблемы, якія спрабуюць схаваць ад шараговага беларуса.

Маніпулюючы статыстыкай, можна прыгожа зваліць у адну кучу цэны на малако, айфоны, бульбу і камбайны і, выводзячы сярэдняе арыфметычнае, казаць пра невысокі рост коштаў. Жангліруючы фактамі аб заработнай плаце, можна паднесці сітуацыю так, быццам жыццё наша зайграла новымі яркімі і перспектыўнымі фарбамі, хоць пры гэтым не праходзіць адчуванне таго, што мы становімся бяднейшымі. Але дастаткова ўзяць за базавую кропку адліку два народныя прадукты, любыя ваганні кошту якіх наўпрост уплываюць на жыццё беларусаў, і ўсё становіцца на свае месцы.

Што мы бачым? Сітуацыя, насамрэч, несуцяшальная, яна рэзка кантрастуе з тымі звесткамі, якія агучвае Белстат і прапагандысты. У першую чаргу, пад сумнеў можна паставіць два тэзісы: пра тое, што ў краіне заробкі выраслі як ніколі, і пра тое, што інфляцыя зніжаецца нейкім цудоўным чынам.

Паводле інфармацыі беларускага ўрада, сярэдні заробак у студзені-сакавіку дасягнуў 1731 рубля. У доларавым эквіваленце гэта 627 долараў, што з'яўляецца рэкордам для апошніх 10 гадоў, падкрэсліў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні ўрада.

Але калі пералічваць сярэднюю заработную плату ў чарка-шкварачным эквіваленце, становіцца зразумела, што яна ўпала да ўзроўню першага квартала 2021 года. Тады на адну сярэднюю ЗП можна было купіць 478 чарак і шкварак (пры гэтым каштавала адна ЧШ 2 рублі 76 капеек). У першым квартале 2023-га года гэты паказчык складае 484 чаркі і шкваркі (пры кошце адной ЧШ 3 рублі 57 капеек).

У сакавіку мінулага года сярэдняя ЗП па краіне складала 503 ЧШ, гэта значыць яна была на 19 ЧШ большая, чым цяпер. Мы бачым, што адносна стабільнай цана адной ЧШ захоўвалася толькі да канца 2020 года, а пасля гэтага яна пачала досыць інтэнсіўна расці, дадаўшы ў кошце на 30% за два гады.

Што ж адбылося ў першым квартале 2023 года? «Зламаліся» кошты. Нягледзячы на тое, што зарплата адчувальна расце ў сваім намінальным выражэнні, інфляцыя ўсе гэтыя дасягненні хутка з'ядае. У выніку, усяго за адзін квартал кошт адной чаркі-шкваркі вырас на 6,9%. Падаражанне гэта адбылося, у першую чаргу, з-за росту цаны на гарэлку, якая ў сярэднім па краіне стала даражэйшай на 13,4%. Заўважым, што пры гэтым кошт свініны знізіўся на 2,1%.

Літр гарэлкі ў сярэднім па краіне ў сакавіку 2023 года каштаваў 22 рублі 29 капеек, годам раней кошт складаў 18 рублёў 35 капеек (падаражанне на 21,5%).

Свініна ў сярэднім па краіне каштавала ў сакавіку 2022 года 12 рублёў 72 капейкі за кілаграм. Сёлета кошт вырас да 14 рублёў 6 капеек (падаражанне на 10,5%).


Калі глядзець сукупны кошт чаркі і шкваркі па рэгіёнах, то мы ўбачым, што больш за ўсё за год яна вырасла ў Брэсцкай вобласці — з 2 рублёў 99 капеек да 3 рублёў 63 капеек (рост на 21,4%). Таксама ў лідарах Гарадзенская вобласць, дзе кошт адной ЧШ у сакавіку мінулага года складаў 3 рублі 5 капеек, а сёлета стаў 3 рублі 70 капеек (падаражанне на 21,1%). Менш за ўсё паказчык вырас у Магілёўскай вобласці, дзе год таму адна ЧШ каштавала 3 рублі 48 капеек, а цяпер дайшла да 3 рублёў 93 капеек (падаражанне на 12,9% , і гэта самая дарагая ЧШ па рэгіёнах). Пры гэтым самая танная ЧШ у сакавіку гэтага года ў Мінску — 2 рублі 85 капеек.

Зніжэнне пакупніцкай здольнасці, выяўленай у чарках і шкварках, у Мінску прыкладна ў 10 разоў большае, чым, напрыклад, па Гродзенскай вобласці. І гэта вельмі выразна адрознівае бягучы крызіс ад усіх іншых, да якіх беларусы ўжо, здаецца, прывыклі. Міжнародны фінансавы крызіс, гандлёвыя войны з Расіяй, рэзкае павышэнне цэн на газ — усе гэтыя арэлі фінансавага дабрабыту рэзка накрывалі ўсю краіну, але пры гэтым найбольш перспектыўныя галіны і самыя насычаныя бізнесам рэгіёны (Мінск у першую чаргу) лепш за астатніх трымалі ўдар і хутчэй за ўсіх аднаўляліся пасля шоку.

Цяпер мы бачым кардынальна іншую карціну, у якой ад крызісу ў першую чаргу і больш за ўсё пакутуюць перспектыўныя галіны і рэгіёны. Яны падаюць больш, больш балюча і хутка — без надзеі на скорае аднаўленне. Прынамсі, ніякіх перадумоў для гэтага мы не бачым — сітуацыя быццам бы перавярнулася з ног на галаву. Цяпер краіна спрабуе выйсці з крызісу, але пры гэтым тыя драйверы эканомікі, якія раней дапамагалі выкарасквацца, наадварот, больш за ўсё псуюць карціну.

Пры гэтым галіны, якія пачалі нечакана расці (хоць раней гэтага не адбывалася), выклікаюць сумневы адносна якасці іх росту. Бо, па сутнасці, ён адбываецца таму, што беларускія тавары пачалі займаць апусцелыя прылаўкі расійскіх крамаў пасля ўведзеных санкцый. Гэта не канкурэнтная перамога, а ўдалы збег абставінаў (калі тое, што адбываецца сёння, можна назваць удалым). Калі ўявіць, што нечакана еўрапейскія тавары вернуцца ў Расію ці будзе адносна стабільна наладжаны паралельны імпарт, гэта імгненна анулюе ўсе «стратэгічныя заваёвы» беларускай эканомікі.

І напрыканцы традыцыйна паглядзім, як праявіў сябе індэкс ЧШ у розных галінах эканомікі. Звыкла на першым месцы з велізарным адрывам IT-сфера — у сакавіку 2023 года сярэдняя заработная плата ў айцішнікаў склала 1990 чарак і шкварак. Але што было летась? У сакавіку 2022 гэты паказчык быў роўны 2382 ЧШ — падзенне за год больш за 10%. Упалі заробкі ў ЧШ-эквіваленце і ў фінансістаў: з 1024 ЧШ у сакавіку 2022-га да 814 ЧШ у сакавіку гэтага года.

Млявае спаўзанне ў зону «ніжэй за плінтус» працягваецца ў настаўнікаў (было 346 ЧШ, стала 341 ЧШ) і медыкаў (было 429 ЧШ, стала 424 ЧШ).