Заробкі ў лічбах усё большыя, а ў прадуктах — усё меншыя

На Захадзе існуе «індэкс Бігмака» — колькі такіх бутэрбродаў можна набыць за адзін заробак. Пасля таго, як Лукашэнка калісьці сказаў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «ЧаркаШкварка». Як гэты індэкс змяніўся за 4 квартал 2022 года, паглядзеў тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_minsk_kamarouka_koszty_pradukty_270322_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg


Нагадаем, гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі і разлічваецца штоквартальна на падставе звестак Белстата.

Трэба сказаць, што на першы погляд усё не так ужо дрэнна: год мы скончылі з самымі высокімі паказчыкамі сярэдняй заработнай платы ў гісторыі краіны і значна скарэктаваным у лепшы бок падзеннем ВУП, а таксама станоўчым сальда знешняга гандлю. Нібыта ёсць падстава парадавацца, ды толькі мала каму хочацца. І менавіта індэкс «ЧаркаШкварка» дазволіць нам убачыць сапраўдны стан рэчаў.

Сярэдняя снежаньская заработная плата ў Беларусі дасягнула гістарычнага максімуму не толькі ў доларавым эквіваленце (паводле інфармацыі Белстата, яна складала $746 у эквіваленце па курсе, які дзейнічаў на той момант), але і ў «чаркашкварачным» і дабралася да паказчыка 563 ЧШ у снежні або 514 ЧШ у сярэднім за квартал.

Можна крычаць трохразовае ўра? Не спяшайцеся, нас падсцерагае зусім нечаканае адкрыццё: цяперашні рэкорд — гэта нават на адну чарку і шкварку менш, чым у снежні 2021 года, калі сярэдні заробак у краіне канвертаваўся ў 564 ЧШ. Мы бачым вялікія і прыгожыя лічбы, але рэальная пакупніцкая здольнасць заработнай платы за год фактычна не змянілася.

Дарэчы, у снежні 2020-га гэты паказчык быў адчувальна меншым — 547 ЧШ.

Кошт адной чаркі і шкваркі ўпэўнена расце, у снежні 2022 года сума склала 3 рублі 40 капеек, падаражэўшы на 1,9% у адносінах да верасня (тады яна была 3 рублі 34 капейкі). Рост выкліканы павелічэннем кошту і свініны (+1,1%), і гарэлкі (+2,6%).

Важны трэнд — скарачэнне розніцы паміж заработнымі платамі ў ЧШ у сталіцы і ў рэгіёнах. Прычына не ў тым, што рэгіёны сталі жыць нашмат лепш, проста сярэднестатыстычны жыхар Мінска прыкметна збяднеў.

У першым квартале мінчук зарабляў 820 ЧШ, у другім — 755 ЧШ, трэцім — 715 ЧШ і толькі ў чацвёртым трохі нагнаў упушчанае да 758 ЧШ. У той жа час сярэднестатыстычны жыхар самай беднай, Магілёўскай, вобласці атрымліваў у першым квартале 349 ЧШ, а ў апошнім — 375 ЧШ.

Гарэлка ў кастрычніку ў краіне патаннела на 0,3% з 19 рублёў 16 капеек за літр да 19 рублёў 10 капеек за літр, пасля, у лістападзе, цана яе вырасла на 2% да 19 рублёў 46 капеек, а ў снежні дадала яшчэ 1% да 19 рублёў 65 капеек.

У Брэсцкай вобласці за чацвёрты квартал гарэлка патаннела на 9 капеек, у Віцебскай — на 5 капеек, у Гомельскай — адразу на 13 капеек. Пры гэтым у Магілёўскай вобласці яна падаражэла на 7 капеек, Гродзенскай вобласці — на 17 капеек, у Мінску — на 20 капеек. А цяпер увага: у Мінскай вобласці гарэлка падаражэла за апошнія тры месяцы 2022 года на 2 рублі 86 капеек!

Трэба заўважыць, што ў цэлым па Мінскай вобласці гарэлка самая дарагая ў краіне, а ў Мінску, наадварот, адна з самых танных (сярэдняя цана па краіне ў снежні — 19 рублёў 65 капеек, у Мінскай вобласці — 25 рублёў 22 капейкі, а ў Мінску — 18 рублёў 13 капеек).

А вось са свінінай сітуацыя ў краіне адносна роўная. За апошні квартал кошт практычна не змяніўся, вырас на 0,9% у кастрычніку, знізіўся на 0,1% у лістападзе і падрос на 0,3% у снежні, змяніўшыся сумарна за квартал крыху больш, чым на 1% або на 16 капеек. Пры гэтым з кастрычніка па снежань у Магілёўскай вобласці свініна нават скінула 21 капейку, а больш за ўсё, на цэлых 49 капеек, падаражэла ў Брэсцкай вобласці.

Што ўяўляюць сабой заработныя платы па розных галінах у пераліку на чаркі і шкваркі? Лідзіруе IT-сфера, сярэднестатыстычны яе супрацоўнік мог дазволіць сабе купіць у снежні 2022 года 2040 чарак і закусіць іх шкваркамі. На другім месцы — прадстаўнікі авіяцыйнай галіны з заробкам у 1555 ЧШ. На трэцім — шахцёры, у іх 1144 ЧШ.

Для кантрасту: у снежні 2022-га заробак настаўніка ў пераліку на чаркі і шкваркі склаў усяго 363 ЧШ, а медыка — 455 ЧШ.