Ці сапраўды Беларусь выдаткоўвае шмат грошай на войска? Лічым у шкарпэтках
У што абыходзіцца рэспубліканскаму бюджэту беларускае войска? Ці сапраўды яго фінансаванне ў гэтым годзе вялікае? І як «вайсковыя» грошы будуць выглядаць у традыцыйным мемным падарунку мужчынам на 23 лютага — у шкарпэтках?
Сёння ўсе навінныя стужкі дзяржпрапаганды будуць стракацець святочнымі віншаваннямі. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» лічыць, што ў перыяд, калі Беларусь фактычна ўцягнута ў агрэсіўныя ваенныя дзеянні, амаральна віншаваць беларускіх вайскоўцаў з прафесійным святам. Замест гэтага эканамісты паразважалі наконт фінансавання беларускай арміі. Тым больш, што з гэтым пытаннем звязана некалькі памылак.
Галоўная памылка заключаецца ў тым, што фінансаванне беларускай арміі празмерна раздзьмутае. Калі мы паглядзім больш уважліва, то ўбачым, што за апошнія пяць гадоў яно ні разу не перавысіла 8% ад рэспубліканскага бюджэту. Гэта адносна няшмат. Для параўнання, Расія ў 2023 годзе плануе вылучыць на войска 17,1% федэральнага бюджэту, а на практыцы, хутчэй за ўсё, будзе значна больш.
Разам з тым, з 2019 года выдаткі на войска ў Беларусі пастаянна растуць — ад 1 млрд 332 млн да 2 млрд 773 млн. Пры гэтым важна адзначыць, што выдаткі штогод прырастаюць больш, чым на велічыню, якая проста пакрывае інфляцыю. Мала таго, практычна штогод запланаваны бюджэт на войска на працягу года карэктуецца ў большы бок.
Але адначасова з гэтым мы бачым, што доля выдаткаў на войска ў рэспубліканскім бюджэце падала з 2018 па 2020 гады, пасля трымалася два гады на адным узроўні (5,6%), а ў 2022 і 2023 гадах пачала адчувальна прырастаць. Асабліва рэзкі рост запланаваны на 2023 год, у параўнанні з папярэднім годам розніца складае плюс 963 млн рублёў.
А цяпер давайце паспрабуем палічыць рэальную пакупніцкую здольнасць грошай, якія выдаткоўваюцца на войска. Для таго, каб гэта зрабіць, мы вырашылі перавесці выдаткі на войска ў колькасць пар шкарпэтак па актуальных на той час цэнах. Чаму шкарпэткі? Таму што гэта самы папулярны падарунак на 23 лютага, трэба ж і нам на гэтую тэму неяк пажартаваць.
Здавалася б, несур'ёзны паказчык дэманструе вельмі сур'ёзную праблему — падзенне рэальнай пакупніцкай здольнасці беларускага рубля. Толькі ў планах на 2023 год «шкарпэткавы» індэкс вырас да 790 млн пар. Але нават у гэтым выпадку выдаткі на войска ў грашах вырастаюць на 53%, а ў шкарпэткавым эквіваленце — усяго на 29%. Пры гэтым мы гаворым з вамі пра студзеньскія цэны на шкарпэткі, яны могуць адчувальна падаражэць на працягу года.
У заключэнне некалькі важных агаворак.
Першая. Удзел рэспубліканскага бюджэту ў фінансаванні арміі пераважны, з мясцовых бюджэтаў грошы калі і выдаткоўваюцца, то ў несупастаўна меншай ступені. І гэта зразумела — войска амаль заўсёды корміць «цэнтр».
Другая. Відавочна, што лічба, агучаная ў рэспубліканскім бюджэце, — гэта толькі тыя грошы, пра якія простым смяротным дазваляецца ведаць. Армія можа дадаткова фінансавацца многімі іншымі спосабамі, у тым ліку праз фонды, якія не прадугледжваюць агалоскі, а таксама ў выглядзе звычайных грамадзянскіх выдаткаў. А гэта значыць, што ацаніць рэальныя выдаткі на «ваенку» ў поўным аб'ёме, даследуючы пытанне збоку, практычна немагчыма.
Трэцяя. Варта ўзгадаць, што велізарныя грошы з рэспубліканскага бюджэту трацяцца на пенсіі вайскоўцам. Нагадаем, што гэтыя людзі атрымліваюць падвышаныя пенсіі і выходзяць на заслужаны адпачынак значна раней за большасць беларусаў. І гэтыя грошы намінальна не адносяцца да «армейскіх», а значацца як сацыяльныя выдаткі. Але доля гэтых «сацыяльных выдаткаў» імкліва расце: у 2023 годзе на ваенныя пенсіі будзе выдаткавана 1,6 мільярда рублёў, а гэта — больш за палову той сумы, што выдаткавана непасрэдна на войска!
І калі мы падсумуем выдаткі, выдзеленыя на войска, з тымі, што плануюць выдаткаваць на пенсіі для вайскоўцаў, то атрымаецца больш за 4,3 млрд рублёў. А гэта ўжо — 12% ад рэспубліканскага бюджэту. Такая лічба, пагадзіцеся, выглядае нашмат паважней.