«Імпарт інфляцыйных трэндаў». Чым небяспечная прывязка беларускага рубля да расійскага

Як вядома, курс беларускага рубля да замежных валют разлічваецца цяпер як да «кошыка валют». У гэтым кошыку ў нас засталіся амерыканскі долар, кітайскі юань і расійскі рубель. Пры гэтым расійскі рубель мацней за іншых уплывае на беларускую валюту.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg

Старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна на брыфінгу спрабавала растлумачыць, што адбываецца сёння на беларускім валютным рынку. Але атрымалася так, што ў асноўным яна распавядала пра валютны рынак Расіі. І гэта зразумела: беларускі рубель практычна паўтарае ўсе рухі яго расійскага субрата — не ў дакладнасці, але ўсё ж. І гэта таксама зразумела: расійскі рубель застаецца дамінуючай цяпер валютай у таргах на беларускай валютнай біржы.

А ўсё таму, што экспарт Беларусі сёння, па падліках эканамістаў, на 60-70% ідзе ў Расію. Адпаведна, прадпрыемствам ёсць што прадаваць на біржы, і цяпер прыкладна 25% валюты на таргах — гэта долары ЗША, каля 20% — кітайскі юань, і тыя 55%, што засталіся — расійскі рубель. Таму любыя ваганні расійскага рубля прыводзяць у неспакой і беларускі рубель.

Усе мы гэта бачылі: варта было толькі расійскаму рублю абваліцца да ста за 1 долар, і беларускі рубель практычна адразу ж паўтарыў кульбіт расійскага, пакаціўшыся ўніз.

Беларускі рубель моцна залежыць ад расійскага рубля, хоць і не цалкам капіруе яго паводзіны.

k3_2.png

Чхнуў, але не ачуняў

Таму нам сапраўды вельмі важна, як будзе адчуваць сябе расійскі рубель бліжэйшым часам. І, на думку Анастасіі Лузгіной, адчуваць ён сябе будзе ўсё роўна не вельмі добра.

Так, пасля падзення да ста за долар расійскі Цэнтрабанк паспрабаваў прывесці рубель да прытомнасці рознымі спосабамі, самым вядомым з якіх стала ўзняцце ключавой стаўкі (аналага нашай стаўкі рэфінансавання) да 12%. Гэта ўмацавала расійскі рубель, але, як адзначыла экспертка, падобныя крокі ніяк не ўплываюць на прычыны, па якіх расійскі рубель упаў. А гэтых прычын  — вялікае мноства: пагаршэнне гандлёвага балансу (у тым ліку з прычыны ўвядзення санкцый), памяншэнне экспарту і зніжэнне коштаў на асноўны экспартны тавар Расіі — энерганосьбіты, адток капіталу з Расіі, абмежаванні па разліках, захоўванне экспарцёрамі валютнай выручкі за межамі Расіі, дэфіцыт бюджэту. І гэтак далей, гэтак далей, гэтак далей.

Пры гэтым, са слоў Лузгіной, наша цяперашняя залежнасць ад расійскага рубля — гэта не толькі залежнасць курсаў, гэта і залежнасць іншых эканамічных паказчыкаў, напрыклад, інфляцыі. Паслабленне расійскага рубля прывядзе да інфляцыі ў Расіі, і, адпаведна, пераносіць у Беларусь яшчэ і іхнюю інфляцыю. Лузгіна назвала гэта прыгожым словазлучэннем «перанос інфляцыйных трэндаў».

Гэта значыць, калі расійскі рубель падае, падае не толькі беларускі рубель. Пачынаюцца інфляцыйныя працэсы ў Расіі, а затым — і ў Беларусі.

Дарэчы, паводле звестак расійскага даследчага цэнтра «Рамір», гадавая інфляцыя ў РФ склала 17% пры афіцыйнай лічбе ў 3,25%. У Беларусі афіцыйная інфляцыя «рэкордна нізкая» ў 2,9%, але пры гэтым незалежныя даследаванні паказваюць яе значна вышэйшай, і таксама прыкладна на расійскім узроўні.

Глядзіце таксама

Бліжэй да Беларусі

Зразумела, на курс рубля ўплывае і ўнутраная эканамічная сітуацыя: паказчыкі валютнай выручкі, імпарту і экспарту, нашага ВУП. Не сакрэт, што ўрад запланаваў наш ВУП на гэты год да 3,8% і спрабуе дасягнуць гэтай планкі. Меркавалася, што такі рост будзе забяспечаны ростам інвестыцый, і той жа ўрад ставіў задачу нарасціць інвестыцыі ў асноўны капітал на 20%. Аднак пакуль гэтага не атрымліваецца, і інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі ўсяго толькі 8,6%.

Забеспячэнне ж патрэбнага адсотка ВУП ідзе за кошт раскручвання ўнутранага попыту: больш высокіх заробкаў і мяккай грашова-крэдытнай палітыкі (гэта значыць больш даступных спажывецкіх крэдытаў). Але высокія заробкі і даступныя крэдыты (о, дзіва!) не ідуць на карысць менавіта беларускай прамысловасці: насельніцтва ну ніяк не хоча «купляць беларускае». У першым паўгоддзі імпарт нехарчовых спажывецкіх тавараў вырас на 93%. Гэта азначае, што людзі купляюць імпартныя, а не беларускія тавары. Беларускія тавары застаюцца на складах.

Вядома ж, гэтыя тавары, якія не карыстаюцца попытам у Беларусі, трэба кудысьці прадаць. Рынак у нас цяпер практычна адзін — Расія. «Патанненне» расійскага рубля прыводзіць да падаражэння беларускіх тавараў на рынку ў Расіі, а значыць, трэба аслабіць беларускі рубель, каб гэтыя тавары былі канкурэнтаздольныя. 

Таму эксперты і кажуць пра «перагрэў эканомікі» высокімі заробкамі, якія ствараюць рызыкі раскручвання інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў.

Жорсткая палітыка ўрада па рэгуляванні коштаў стварае «інфляцыйны навес», які, абрынуўшыся, таксама будзе спрыяць раскручванню інфляцыі.

Глядзіце таксама

У чаканні цуду?

Цяпер беларускі рубель знаходзіцца ў рэжыме «кіраванага плавання» — гэта значыць яго курс больш-менш рынкавы, а Нацбанк згладжвае яго моцныя ваганні валютнымі інтэрвенцыямі. Але, як мы бачым, для турбот ёсць даволі грунтоўныя падставы, і вельмі шмат падстаў. Нельга сказаць, што айчынная валюта — стабільная. Яна толькі такой выглядае (і тое не заўсёды).

Любое ваганне не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, здольнае абваліць беларускі рубель. 

Пытанне толькі ў тым, якім гэты абвал будзе. Ці хопіць у Нацбанка рэсурсаў зрабіць гэта плаўна, ці будзе рэзкі абвал, як у 2011-м. Але перадумоў да зніжэння курсу беларускага рубля занадта шмат, каб гэтыя «трывожныя званочкі» ігнараваць.