«Перагрэў» эканомікі высокімі заробкамі можа скончыцца вельмі халодным душам
У нас — вы не паверыце! — па адчуваннях бізнесу і народа, усё добра ў эканоміцы. Прадпрымальнікі, малы і сярэдні бізнес выпраменьваюць аптымізм, у хатніх гаспадарках — рэкордна нізкі ўзровень людзей, што лічаць свае даходы нізкімі, скарачаецца колькасць людзей, якія страцілі працу апошнім часам. Але, падобна, гэта можа быць зацішшам перад навальніцай.
Усе станоўчыя тэндэнцыі, агучаныя вышэй, і плюс да іх рост індэксу спажывецкай упэўненасці, заўважаныя, як ні дзіўна, не прапагандыстамі БТ або Белстатам, а цалкам аб'ектыўным аглядам даследчага цэнтра BEROC, вынікі якога былі прадстаўленыя ў аўторак, 8 жніўня.
Цяпер эканамічнае адчуванне людзей, згодна з гэтым аглядам — самае лепшае за ўсе хвалі апытанняў. Сітуацыя ў малым і сярэднім бізнесе таксама ўражвае. У прамысловасці і будаўніцтве прадпрымальнікі заўважылі значнае паляпшэнне сітуацыі, у гандлі таксама намеціўся невялікі пазітыў. І фінансавае становішча сваё прадпрымальнікі цяпер ацэньваюць як досыць нядрэннае. Гэта значыць, людзі нарэшце адчулі сябе нармальна ў фінансава-эканамічным плане.
ВУП краіны працягвае свой «аднаўленчы рост». Людзі атрымліваюць высокія заробкі, абумоўленыя тым, што на рынку Беларусі праз міграцыю не стае высокакваліфікаваных спецыялістаў. Людзі нават бяруць крэдыты — па рэкордна нізкіх стаўках.
Усё так добра, што нехаця задумаешся: «А ў чым падвох»?
Падвохаў даволі багата, але ўсе яны стаіліся пад адміністрацыйным ціскам дзяржавы, як беларусы пад рэпрэсіямі. Вонкава ўсё выглядае добра і стабільна, але выбухнуць усё можа ў любы момант, як толькі дзяржава зробіць хоць маленькі «крок назад».
Узяць, напрыклад, высокія заробкі. Высокія заробкі людзей абумоўленыя менавіта становішчам на рынку працы ў Беларусі. Як вядома, высокая міграцыя вымывае з краіны самыя кваліфікаваныя кадры. І ва ўмовах, калі такіх кадраў усё менш і менш, прадпрыемствы і фірмы канкуруюць па заробку цяпер не толькі з мясцовымі аналагічнымі фірмамі, але і з замежнымі.
Такім чынам, высокія заробкі — гэта не паказчык прадукцыйнасці працы, а паказчык толькі дэфіцыту кадраў у краіне.
Калі людзі атрымліваюць рэкордныя заробкі, яны, натуральна, хочуць за гэтыя грошы нешта набыць. Таму рэкордныя заробкі яшчэ — гэта стымуляванне ўнутранага попыту. Аднак гэты ўнутраны попыт стымулюецца ва ўмовах, калі ўрад адміністрацыйна рэгулюе цэны на тавары і паслугі. Гэта значыць, людзі атрымліваюць вялікія заробкі, а кошты на тавары, за вытворчасць якіх яны атрымалі гэты вялікі заробак, застаюцца на ранейшым узроўні.
Відавочна, што гэта як мінімум прыводзіць да наяўнасці «лішак» грошай у насельніцтва, а як максімум, да «правалу» таго самага бізнесу, які цяпер выпраменьвае аптымізм. Кіраўніцтва прадпрыемстваў вымушанае выплачваць людзям больш, чым яны рэальна зарабілі (з-за боязі страціць работнікаў), а прадаюць сваю прадукцыю па цэнах, якія не змяняюцца. У выніку ў вытворчасці ўзнікае фінансавы цяжар, і доўгатэрміновым вынікам такой фінансавай палітыкі можа быць толькі банкруцтва.
Ужо цяпер прадпрымальнікі называюць адміністрацыйны кантроль коштаў калі не самай галоўнай, дык даволі важкай праблемай для сваіх прадпрыемстваў. І гэтая праблема паступова падымаецца ўверх па шкале значнасці.
Канечне, такі рост заробкаў мог бы быць скампенсаваны за кошт «знешніх фактараў» — напрыклад, экспартам, калі мы б прадавалі сваю прадукцыю за мяжу і задорага. Але экспарт у нас, хоць і прызвычаіўся ўжо да шокаў, выкліканых санкцыямі, але паказчыкамі насамрэч не бліскае. У прыватнасці, цяпер утварылася цікавая рэч, калі ўзровень экспарту і ўзровень імпарту практычна супалі — гэта значыць, што купляем мы за мяжой роўна столькі ж, колькі і прадаем. Так што пра паступленні грошай з-за мяжы казаць не прыходзіцца. Нашы праблемы — гэта выключна нашы праблемы, створаныя нашымі ж рукамі.
Зразумела, для таго, каб падтрымліваць унутраны попыт і плаціць павышаныя заробкі, патрэбныя грошы ў фізічным іх увасабленні. І ўрад напампоўвае эканоміку гэтымі грашыма. Як было адзначана падчас прэзентацыі, шырокая грашовая маса за кожны квартал прырастае прыкладна на 4,5%, рублёвая грашовая маса —прыкладна на 7% у квартал. Гэтыя тэмпы росту прыкладна ўдвая вышэйшыя за такі ж, як цяпер, «аднаўленчы рост» 2017 года — пасля крызісу 2015-га і дэнамінацыі 2016 года.
Пры гэтым у доўгатэрміновыя зберажэнні гэтыя грошы не сыходзяць: 60% нашых «вялікіх заробкаў» — гэта альбо «гатоўка», альбо сродкі на бягучых рахунках, адкуль іх можна лёгка зняць. Апошні раз такі ўзровень назіраўся толькі ў лютым 2003 года, гэта значыць крыху больш за 20 гадоў таму.
І гэта таксама — своеасаблівы «інфляцыйны навес», патэнцыял для росту коштаў.
Такім чынам: у нас непрацыянальна вытворчасці растуць заробкі. Пры гэтым урад працягвае штучна стрымліваць хоць бы прапарцыйны рост коштаў. І адначасова — напампоўвае эканоміку надрукаванымі (будзем казаць шчыра) грашыма. А праінфляцыйныя тэндэнцыі, якія маглі б «ацвярозіць» гэтую сітуацыю, штучна душацца тым самым адміністрацыйным рэгуляваннем цэн.
Усё гэта стварае выбухованебяспечную сітуацыю, калі пазней «пустыя» грошы трэба будзе нейкім чынам вымаць з абарачэння. Самы просты спосаб — інфляцыя з дэвальвацыяй.
Няўжо ўрад, які столькі разоў наступаў на граблі эканамічных крызісаў, гэтага не разумее? Канечне, разумее. Але тут эканоміка, хутчэй за ўсё, прыносіцца ў ахвяру палітыцы. Ураду кроў з носу трэба выйсці на прагнозныя ўзроўні па інфляцыі і ВУП краіны. Таму ён адной рукою, стрымлівае рост коштаў, ставячы ў складанае становішча прадпрыемствы, а другой рукой — стымулюе ўнутраны попыт высокімі заробкамі і «напампоўкай» эканомікі грашыма.
Не трэба забывацца, што напачатку наступнага года (а гэта насамрэч ужо хутка) ва ўлады і ўрада — так званы «адзіны дзень галасавання» выбарах у мясцовыя саветы і Усебеларускі народны сход, і халера ведае яшчэ куды. Таму ім — не меншая кроў з носу — трэба ўлагодзіць электарат. Як мінімум да дня галасавання.
Заўважым, што такая ж «напампоўка эканомікі грашыма» ішла напярэдадні выбараў 2010 года і крышачку пасля іх. Што ў далейшым стварыла перадумовы да маштабнага фінансавага крызісу года 2011-га.
Ну і, канечне, перад выбарамі Лукашэнка традыцыйна мяняе склад урада, адпраўляючы ў адстаўку прэм’ер-міністра. Імаверна, урад хоча скончыць сваё існаванне «на добрай ноце», а з наступствамі хай разбіраюцца паслядоўнікі.
Так што пытанне тут можа быць толькі адно: калі «ірване»?
Эксперты чакаюць як мінімум паскарэння інфляцыі ў пачатку-сярэдзіне восені гэтага года да 5-7%. У наступным годзе інфляцыя можа скласці 7-10% у год. І гэта, вядома, пры пісьменных дзеяннях урада, які паволі будзе перакрываць прыток «верталётных», па азначэнні Лукашэнкі, грошай у эканоміку.
Але кожны крок у гэтым кірунку — гэта як крок на мінным полі. Напрыклад, зняцце адміністрацыйнага рэгулявання коштаў ці хаця б паслабленне гэтага рэгулявання можа пацягнуць за сабой выбух росту цэн і інфляцыі вышэй за «прагназаваны», што пацягне за сабой валютную паніку, што пацягне… Карацей, тое, што «ніколі такога не было, і вось ізноў».