Якая ў Беларусі інфляцыя насамрэч?

Урад і Нацбанк, як вядома, засакрэцілі значную частку статыстыкі. Дый жорсткае рэгуляванне цэн, якое трывае ўжо дзевяць месяцаў, уносіць значныя карэктывы ў лічбы. Але па ўскосных даных эканамісты могуць вылічыць, што было б, калі б адміністрацыйнага ціску на эканоміку не існавала.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Анатоль Харытончык і даследчы цэнтр BEROC прадставілі чарговы экспрэс-аналіз сітуацыі ў эканоміцы Беларусі за чэрвень гэтага года, які закрыў другое паўгоддзе. Канечне, лічбы больш абнадзейваюць, але ў далейшай перспектыве яны могуць адбіцца на нас даволі балюча.

Па-першае, па папярэдніх даных, наш ВУП расце, і за паўгоддзе ён дасягнуў узроўню, прыкладна роўнага ўзроўню дакавіднага 2019 года — вырас прыкладна на 2%. Але цікава, за кошт чаго ён рос.

Па меркаванні адмыслоўцаў, спрыялі росту ВУП, у асноўным, два фактары — гэта рост інвестыцый і мяккая грашова-крэдытная палітыка. «Рост інвестыцый» у нашым выпадку трэба разумець як уліванне дзяржаўных грошай у пэўныя галіны эканомікі. Па словах Анатоля Харытончыка, такі рост быў заўважаны ў машынабудаванні, абсталяванні, транспарце, але найбольш актыўна расло будаўніцтва. А будаўніцтва ў беларускіх умовах — гэта, як правіла, дзяржаўныя грошы. Якраз яно было і адным з ключавых фактараў росту ВУП.

Зразумела, гэтыя грошы на інвестыцыі трэба аднекуль браць, і таму — мяккая крэдытна-грашовая палітыка: адносна танныя крэдыты, павышэнне іх даступнасці. І, як адзначыў эксперт, «верагодна, граюць ролю адміністрацыйныя рычагі, звязаныя са спробай урада дасягнуць мэтавых паказчыкаў».

Таму што насамрэч аб’ектыўных прычын для такога эканамічнага росту няшмат. Напрыклад, спажывецкі попыт у чэрвені заставаўся прыкладна на ўзроўні траўня — пасля некалькіх месяцаў росту. Зразумела, гэты попыт таксама падпітваецца ростам заробкаў і пашырэннем таго ж самага крэдытавання.

Знешні попыт у другім квартале, па словах аналітыка, таксама стагніраваў. Верагодна, паўплываў на гэту стагнацыю цэнавы фактар: кошт нашых тавараў за мяжой зніжаўся, але таксама не выключана, што зніжаліся і фізічныя аб’ёмы экспарту, то-бок колькасць нашых тавараў, што пастаўляецца ў іншыя краіны.

Гэта ўскосна бачна па даных апрацоўчай прамысловасці — яна ў другім квартале гэтага года засталася на ўзроўні першага квартала. То-бок росту не адбылося.

Глядзіце таксама

Магчыма, што на цэны нашага экспарту ўплывае і ўмацаванне беларускага рубля адносна расійскага, пра што эканамісты папярэджвалі ўжо даўно.

Усё ў сукупнасці прыводзіць да таго, што эканоміка краіны «пераграецца». Як сказаў пра гэта Харытончык, «аб’ём ВУП перавысіў свой раўнаважны ўзровень». 

Пад раўнаважным ВУП эканамісты разумеюць такі аб’ём вытворчасці, які адпавядае найбольш эфектыўнаму выкарыстанню фактараў вытворчасці. То-бок пры адпаведнасці ВУП раўнаважнаму ўзроўню дадатковыя дысбалансы эканомікі кшталту інфляцыі, занятасці, валютнага курсу не фарміруюцца.

У нас жа ў другім квартале, дзякуючы актыўнаму стымуляванню ўнутранага попыту, утварыўся «разрыў выпуску». «Разрыў выпуску» — гэта індыкатар, які паказвае адхіленні аб’ёму ВУП ад раўнаважнага ВУП.

І вось гэты «разрыў» у нас станоўчы — што па заробках, што па створанай прадукцыі. А гэта азначае, у сваю чаргу, што цэнавы ціск (то-бок інфляцыя) паступова ўзмацняецца.

berok1.png

Інфляцыя ў нас стрымліваецца не натуральным, а адміністрацыйным чынам — за чэрвень яна адзначыла гістарычны мінімум у 2,86% гадавых. Але так будзе не заўсёды. Пакуль нарастаючы інфляцыйны ціск у нас не пераходзіць у рост цэн шырокім фронтам — дзякуючы цэнаваму кантролю.

А якая ж сапраўдная інфляцыя ў Беларусі? Пакуль што ёсць адзін інструмент, які яе прыблізна паказвае. Гэта пункт «нерэгуляваныя паслугі» — цэны на паслугі, якія не падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне.

І ў гэтых «нерэгуляваных паслугах» у нас рост цэн застаўся набліжаным да 10%. То-бок гэта можа быць і сапраўднай беларускай інфляцыяй, так бы мовіць, «ачышчанай» ад сезоннасці ды адміністрацыйнага фактару.

Што будзе далей? Па меркаванні Харытончыка, у бліжэйшыя месяцы ВУП Беларусі можа наблізіцца і да 3% — калі нас у чарговы раз не падвядзе сельская гаспадарка, у якой цяпер ідзе ўборачная кампанія. Пакуль што яна нас асабліва не радуе — у краіне сабрана амаль 9,5% пасеваў збожжавых і зернебабовых, сярэдняя ўраджайнасць склала 34,8 ц/га, і пры такіх тэмпах агульны аб'ём сабраных збожжавых у краіне можа скласці каля 6,86 млн т збожжа.

Для параўнання: летась, паводле звестак Белстата, Беларусь атрымала 8,7 млн т збожжа ў гаспадарках усіх катэгорый. Мінімальным за апошнія 15 гадоў ураджай быў у 2018 годзе — 6,07 млн т збожжа.

Што ж да цэн — мажлівасць іх росту залежыць ад таго, як доўга ўрад здолее стрымліваць яго адміністрацыйнымі сродкамі. Відавочна, што «перагрэў эканомікі» спрыяе інфляцыі. І, па меркаванні Харытончыка, бліжэй да канца гэтага года інфляцыя пачне разганяцца. Чакаць гэтага можна недзе ў кастрычніку. Хоць, па словах эксперта, калі ўрад і далей будзе працягваць адміністрацыйнае рэгуляванне цэн, інфляцыя за гэты год можа нават не дасягнуць планаваных 7-8%.

Але варта зазначыць, што ўрад такім чынам назапашвае дысбалансы ў эканоміцы: так бы мовіць, вешае на сцяну ружжо, якое раней ці пазней абавязкова стрэліць. «Чым больш і даўжэй такая палітыка будзе праводзіцца, тым цяжэйшым і даўжэйшым будзе выхад з гэтай сітуацыі», — папярэджвае Харытончык.

Праўда, па чутках, прэм’ера Рамана Галоўчанку ўжо папярэдзілі пра мажлівую адстаўку. Таму яму нішто не перашкаджае мірна сысці, а з тым галаўным болем, які ён стварыў, давядзецца разбірацца новаму ўраду.

Праўда, народу ад гэтага прасцей не будзе.

Глядзіце таксама