Эканаміст: Абяцаныя Галоўчанкам заробкі — сапраўдная маніпуляцыя

Раман Галоўчанка прагназуе налета заробкі звыш дзвюх тысяч рублёў. Эканаміст Віталь Алейнік разважае на «Белсаце», што такія заявы – не больш, чым уяўнае «святло ў канцы тунэлю» і «сапраўдная маніпуляцыя». Насамрэч, паводле яго меркавання, беларуская эканоміка з якасных паказнікаў пакідае жадаць лепшага, асабліва ў выпадку завязання гандлю толькі на Расію.

Віталь Алейнік. Фота "Белсата"

Віталь Алейнік. Фота "Белсата"

«Варта, канечне, адразу глядзець на тую абсалютную базу, ад якой бярэцца вось гэты рост. І калі глядзець менавіта на беларускую гэтую базу, то цалкам гэтыя лічбы несуцяшальныя. Так, напрыклад, у 2022 годзе ВУП Беларусі склаў амаль 73 мільярды долараў. У параўнанні з 2014 годам ён абваліўся амаль на 7,5 адсоткаў. А з улікам шакавальнай дэвальвацыі, вось на сённяшні дзень я паглядзеў, то гэта каля 42 адсоткаў па еўра і больш за 25 адсоткаў па доларах».

Віталь Алейнік падкрэслівае, што больш карысным у плане параўнання гэтых лічбаў з’яўляецца якасны бок ВУП, які, на жаль, на сённяшні дзень не мае трывалага падмурку. Прычынамі такога заняпаду эканаміст называе праблему з заляжалай прадукцыяй, дэбіторскія запазычанасці і, галоўнае, завязанне гандлю на Расію, прыводзячы прыклад Тураўскага малочнага камбінату:

«Цалкам паспяховае прадпрыемства завязала амаль 75 адсоткаў сваёй вытворчасці суцэльна на Расійскую Федэрацыю, а тая ў пэўны момант фактычна перарэзала ім горла, забараніўшы экспарт на сваю тэрыторыю. Ведаеце, улічваючы тое, што суцэльна гандаль Беларусі завязаны больш чым на 60 адсоткаў на Расію, бліжэйшы нават мінімальны гандлёвы канфлікт, нейкая недарэчнасць можа так ляснуць па эканоміцы».


Глядзіце таксама

Таму, на думку эканаміста, любы рост ВУП у першую чаргу павінен быць скіраваны на паляпшэнне дабрабыту насельніцтва, а не на падвышэнне лічбаў.

«Гэтае дэклараванае на паперы падвышэнне ВУП суправаджаецца, я б сказаў, нават сапраўднай сацыяльнай фрустрацыяй насельніцтва. Упершыню за доўгія гады, і гэта таксама пададзена Белстатам, узровень той жа алкагалізацыі насельніцтва і вось гэтых алкапсіхозаў у краіне за мінулы год падняўся больш чым на 12 адсоткаў, а па Менску гэта нават больш за 30 адсоткаў».

Такая эканамічная дэфрагментацыя, якая зараз адбываецца ў краіне, паводле Віталя Алейніка, прывяла нават да такіх сацыяльна-эканамічных праяваў, якіх мы не бачылі ўжо даўно. На тле той жа дэвальвацыі, якая зараз развіваецца ў Беларусі мы можам назіраць, як рэкорднымі тэмпамі скупаецца нерухомасць замежнікамі ў Беларусі, а таксама знаходзяць праяву такія рэчы і ўздымаюць галовы такія галіны ў эканоміцы, як, напрыклад, секс-турызм.

«Перспектываў для росту заробкаў нават у нацыянальнай валюце становіцца ўсё менш і менш, на кажучы ўжо пра грошы ў валюце, еўра ці долары», – падсумоўвае эксперт.