Якіх змен чакаць у верасні для нашых кашалькоў?

Дзяржава гатовая выдзяліць бюджэтнікам яшчэ некалькі капеек для павышэння заробкаў і пенсій, а банкі павышаюць стаўкі на абслугоўванне рахункаў.

З верасня падымаецца базавая стаўка і пенсіі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

З верасня падымаецца базавая стаўка і пенсіі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Першы месяц восені рыхтуе для беларусаў разнастайныя сюрпрызы. Не ўсе з іх будуць прыемнымі, але многія заўважна паўплываюць на жыццё простых людзей.

У верасні ў беларусаў вырастуць працоўныя пенсіі. Іх павышэнне, згодна з указам, складзе з 1 верасня ў сярэднім 5%. Паводле разлікаў уладаў, сярэдняя пенсія па ўзросце ў непрацуючых пенсіянераў у верасні складзе 737 BYN і павялічыцца на 15% да верасня мінулага года. Пенсіянеры, старэйшыя за 75 і 80 гадоў, ужо адчулі прыток грошай у кашалькі. З 1 жніўня ў іх падняліся памеры «узроставых» надбавак. Гэтыя надбаўкі павялічваюцца, як правіла, 4 разы на год, піша партал banki24.by.

Сёлета памер пенсій ужо павышалі вясной. Не выключана, што будзе і трэцяе павышэнне, бліжэй да навагодніх святаў.


Глядзіце таксама

Таксама з 1 верасня вырастуць заробкі бюджэтнікаў, прыраўнаваных да іх катэгорый работнікаў і іншыя выплаты з казны. З гэтай даты павышаецца памер базавай стаўкі, ад якой залежаць памеры заробкаў у бюджэтным сектары. У параўнанні з мінулым вераснем рост базавай стаўкі складзе каля 11,4%.

Грузія паступова забараняе рээкспарт аўтамабіляў у Беларусь і Расію. Пра гэта паведамілі медыя са спасылкай на падатковую службу грузінскага Мінфіна. З 1 жніўня забарона на перапродаж у РБ і РФ пачала дзейнічаць у дачыненні да аўтамабіляў з ЗША, а ў верасні яна распаўсюдзіцца на аўтамабілі, увезеныя з Еўрасаюза.

Стан спраў у расійскай эканоміцы ўжо 30 гадоў аказвае вялікі ўплыў на Беларусь. Пасля 2022 года гэты ўплыў толькі ўзмацніўся. Нядаўна расійскі Цэнтрабанк павысіў ключавую стаўку на 350 базісных пунктаў — да 12% гадавых. Паводле інфармацыі ЦБ РФ, гэтае рашэнне было прынята ў мэтах абмежавання рызык для цэнавой стабільнасці. Але ўжо хутка павышэнне ключавой стаўкі можа паўтарыцца. Пасяджэнне Савета дырэктараў «Банка Расіі», на якім разгледзяць пытанне аб узроўні ключавой стаўкі, запланавана на 15 верасня.


Глядзіце таксама

У верасні беларускія банкі ўводзяць або змяняюць камісіі на абслугоўванне рахункаў у валюце. Так, «Прыёрбанк» з 1 верасня ўводзіць штомесячную камісію за сэрвіснае абслугоўванне рахункаў кліента ў доларах, еўра, злотых, фунтах стэрлінгаў, швейцарскіх франках і шведскіх кронах з сумарным сярэднядзённым астаткам ад 50 000 USD у эквіваленце.

Пры гэтым камісія складзе:

— 750 BYN для рахункаў з астаткам ад 50 000 USD да 100 000 USD,

— 1 500 BYN для рахункаў з астаткам ад 100 000 USD да 200 000 USD,

— 2 500 BYN для рахункаў з астаткам ад 200 000 USD да 300 000 USD,

— 4 500 BYN для рахункаў з астаткам ад 300 000 USD да 500 000 USD,

— 9 000 BYN для рахункаў з астаткам ад 500 000 USD да 1 000 000 USD,

— 12 000 BYN для рахункаў з астаткам ад 1 000 000 USD і вышэй.


Глядзіце таксама

«БНБ-Банк» з 25 верасня зменіць парадак збірання камісіі за вядзенне рахунку (у тым ліку рахункаў з карткай) у доларах і (або) еўра. Камісія будзе прымяняцца пры наяўнасці астатку на рахунку на апошні працоўны дзень месяца, які перавышае 40 000 USD у эквіваленце. Памер камісіі складзе 0,1% ад сумы (мінімум 500 BYN), але не больш за агульную велічыню сум астаткаў на вашых рахунках на момант спісання камісіі. Камісія прымяняецца да астаткаў па рахунках у доларах ці еўра за вылікам 40 000 USD у экв. Пры наяўнасці больш за адзін рахунак у доларах і (або) еўра камісія прымяняецца да сумарнага астатку па іх за вылікам 40 000 USD у эквіваленце.

«Банк БелВЭБ» з 22 верасня спыняе выпуск картак для фізічных асоб «Platinum, Infinite», «Gold» (за выключэннем карт «Яркая крэдытка»), «Standard», «Classic», «World», «Rewards». Таксама з 22 верасня спыняецца выпуск карпаратыўных карт «Business». Гэтыя карткі выключаюцца з пераліку паслуг, уключаных у пакеты паслуг для карпаратыўных кліентаў «Бізнес-Узлёт», «Бізнес-Планёр», «Бізнес-Манеўр». Названыя карткі, эмітаваныя «Банкам БелВЭБ» па 21 верасня, будуць абслугоўвацца на ранейшых умовах да заканчэння тэрміну іх дзеяння.