Ашчаднасць больш не ратуе: «падушкі бяспекі» няма ў кожнай трэцяй сям'і
Калі раней у беларусаў атрымлівалася адкладваць сродкі са сваіх заробкаў «на чорны дзень», то цяпер у краіне з гэтым праблемы.
Беражлівасць з'яўляецца адной з рыс беларусаў. Які б ні быў малы даход, пэўная частка насельніцтва заўсёды знаходзіла магчымым нешта адкласці. З 1990-х ашчадныя паводзіны не раз падвяргаліся зменам. Чарговыя метамарфозы адбываюцца цяпер, калі пасля 2020-га і 2022-га гадоў беларуская эканоміка сутыкнулася з новымі выклікамі, піша «Цэнтр новых ідэй».
Беларусь беражлівая
На працягу ўсёй сучаснай гісторыі Беларусі яе эканоміка развівалася, мякка кажучы, не без складанасцей. Пры гэтым, з аднаго боку, насельніцтва традыцыйна не адмаўлялася ад патэрналісцкіх перакананняў, перакладаючы значную частку клопату наконт свайго дабрабыту на плечы дзяржавы. Але, з іншага боку, нават у самыя складаныя ў эканамічным плане гады яно фармавала ўласную падушку бяспекі, справядліва мяркуючы, што, у выпадку чаго, спадзявацца давядзецца толькі на сябе.
У гэтым перакананні грамадзяне не памыліліся, бо надзейная сістэма сацыяльнай падтрымкі ў краіне не сфармавалася ні ў выглядзе дапамогі па беспрацоўі, ні ў выглядзе дзеючай сістэмы льгот для малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Той прыватны бізнес, які ўсё ж сфармаваўся, вырас хутчэй насуперак, чым дзякуючы дзеянням дзяржавы пры пабудове сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі. А заменай сістэмы сацыяльнай падтрымкі стала нізкая заработная плата на шматлікіх неэфектыўных дзяржпрадпрыемствах, дзейнасць якіх прама ці ўскосна падтрымліваецца сіламі бюджэту.
Колькі зберагаюць беларусы
Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта ў 2022-м годзе, кожны дзявяты рубель грашовых выдаткаў беларусы лічаць за лепшае адкласці ў выглядзе зберажэнняў. Такую магчымасць маюць каля дзвюх трацін беларускіх хатніх гаспадарак. Такім чынам, без зберажэнняў жыве (хоць больш правільна варта было б сказаць «выжывае») кожная трэцяя сям'я ў краіне.
Дынаміка зберажэнняў беларусаў паказвае яе цесную і цалкам лагічную сувязь з заробкамі. Калі ў 1990-х пры ўзроўні сярэдняй аплаты працы ў эквіваленце менш за $100 беларусы знаходзілі магчымым адкладаць 2-3% сродкаў, то цяпер, пры дасягненні запаветных $500, зберагаць на «светлую будучыню» або на «чорны дзень» насельніцтва гатова на парадак больш — каля 12% сродкаў.
Аналіз зберажэнняў беларусаў паказвае цікавую дэталь: зніжэнне ў 2021-м і 2022-м гадах долі даходу, якую насельніцтва накіроўвае на зберажэнне, пры росце рэальнай заработнай платы. Раней падобнае ўжо здаралася, аднак яшчэ ні разу на працягу двух гадоў запар.
Горад ці вёска: хто больш ашчадны?
Калі паглыбіцца ў даныя, можна ўбачыць, што насельніцтва па-рознаму зберагае ў гарадах і сельскай мясцовасці. Прычым досыць працяглы час зберажэнні на вёсцы былі ў працэнтных адносінах да выдаткаў вышэй, чым сярод гарадскога насельніцтва. Пасля 2008 года сітуацыя кардынальна памянялася, і ашчадныя паводзіны ў гарадах выйшла ў лідары.
Аж да 2022-га года вяскоўцы маглі дазволіць сабе зберагаць у меншых маштабах, чым гарадскія жыхары. Аднак трэнд 2021-га і 2022-га гадоў можа змяніць гэтую карціну: у той час, як у гарадах доля зберагаемых сродкаў зніжаецца, то на вёсцы, наадварот, насельніцтва знаходзіць магчымасці зберагаць, прычым больш, чым калі-небудзь.
У 2022-м годзе зберажэнні насельніцтва ў сельскай мясцовасці перавысілі 11% грашовых выдаткаў, што з'яўляецца гістарычна максімальным паказчыкам для дадзенай катэгорыі людзей. Рост тут назіраецца з 2016 года. Сярод гарадскога насельніцтва сітуацыя істотна іншая, а галоўнае адрозненне заключаецца ў спадзе ўзроўню зберажэнняў на працягу папярэдніх двух гадоў — з 13,2% да 11,6%. Прычыну з'явы можна зразумець, больш істотна вывучыўшы асаблівасці зберажэнняў у рэгіянальным разрэзе.
Наколькі ашчадная сталіца? А рэгіёны?
Нягледзячы на традыцыйна самыя высокія заробкі, у Мінску не заўсёды ашчадныя паводзіны былі больш развітымі, чым у іншых рэгіёнах. Працяглы час — з 2003-га па 2007 год — мінчане і зусім эканомілі менш, чым жыхары большасці беларускіх абласцей. Толькі пачынаючы з 2014 года мінчане сталі адкладаць у выглядзе ўкладаў і зберажэнняў найбольшую сярод жыхароў беларускіх рэгіёнаў долю наяўных сродкаў.
Аднак з прыходам 2020-га года сітуацыя рэзка змянілася. Магчымасці або жаданне накіроўваць сродкі ў зберажэнні ў сталіцы скараціліся з рэкордных 17,7% грашовых выдаткаў у 2019 годзе да 13,9% у 2022 годзе. Дарэчы, гэта дазволіла сталічнай вобласці летась абагнаць па ўзроўні зберажэнняў саму сталіцу.
З улікам высокай долі, якую займае Мінск у фарміраванні агульнага аб'ёму зберажэнняў, відавочна, што менавіта зніжэнне схільнасці да зберажэння ў сталіцы негатыўна адбілася на агульнай карціне зберажэнняў насельніцтва ў цэлым па Беларусі.
Зніжэнне ўзроўню ашчадных паводзін сярод мінчан ужо здаралася, але раней яно мела іншыя, чым сёння, прычыны. Цяпер на першы план выходзіць не агульнае зніжэнне заробкаў як такое, а адток кваліфікаваных і высокааплатных спецыялістаў, асноўная маса якіх і была якраз засяроджаная ў Мінску.
Скарачэнне зберажэнняў — комплексная праблема
Асобным пытаннем з'яўляецца форма зберажэнняў насельніцтва, якая таксама зведала змены ў апошнія гады. Зніжэнне даверу да банкаўскай сістэмы і праблемы з безнаяўнай аплатай у валюце прывялі да росту наяўнай формы зберажэнняў. Гэта зніжае ўстойлівасць эканомікі, паколькі павышае ўзровень нявызначанасці: вялікая маса наяўных сродкаў можа ў выпадку рэзкага росту попыту на тавары ці валюту моцна паўплываць на валютны і спажывецкі рынак, выклікаючы рызыкі імклівага і бескантрольнага росту інфляцыі, а таксама дэвальвацыі нацыянальнай валюты.
Цяпер відавочна: паколькі прычыны змены ашчадных паводзін, рэлакацыі цэлых бізнесаў і самастойнага ад'езду не знікнуць у сярэднетэрміновай перспектыве, то можна чакаць, што трэнд на зніжэнне ўзроўню зберажэнняў захаваецца. Працягнуцца таксама змены структуры і формы зберажэнняў. У сваю чаргу, гэта толькі павысіць узровень нявызначанасці развіцця эканомікі Беларусі і толькі ўмацуе ўпэўненасць насельніцтва ў правільнасці змянення падыходаў да зберажэння.