Якой будучыні чакаць беларусам ад эканомікі?

Што будзе з цэнамі бліжэйшым часам і які курс замежных валют прагназуюць эксперты?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Якія тавары могуць падаражэць да канца года, ад чаго залежыць кошт медыцынскіх паслуг і як вызначыць, якія галіны сёння з'яўляюцца найбольш эфектыўнымі?

На гэтыя пытанні для thinktanks.by адказала экспертка «BEROC», калумністка «Беларусь. Экспертыза» Анастасія Лузгіна

Пытанне 1. Топ прыбытковых і стратных сектараў эканомікі

У Беларусі часта гавораць пра прыбытковасць і стратнасць. Хоць у свеце адным з асноўных паказчыкаў фінансавага стану любой кампаніі з'яўляецца рэнтабельнасць. Гэты паказчык дазваляе больш дакладна ацаніць эфектыўнасць працы, чым абсалютныя значэнні выручкі або прыбытку.

У сусветнай практыцы бяспечным лічыцца ўзровень рэнтабельнасці ў 10% і вышэй. Пры больш сціплых значэннях могуць узнікаць фактары няўстойлівасці і фінансавыя праблемы. Сярэдняя рэнтабельнасць продажаў усіх кампаній Беларусі знаходзіцца ніжэй за гэтае значэнне. Больш за тое, яна скарацілася з 8.2% у студзені-маі 2022 года да 8% у студзені-маі 2023 года, а рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі знізілася з 10.2% да 9.8%. Такім чынам, беларускія кампаніі дэманстравалі пагаршэнне эфектыўнасці. Больш за 35% з іх працавалі з рэнтабельнасцю продажаў ніжэй за 5%.

Найбольш высокія паказчыкі рэнтабельнасці паказвалі кампаніі такіх галін, як «Інфармацыя і сувязь», «Прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць», «Аперацыі з нерухомай маёмасцю», а таксама «Адукацыя».  Самыя нізкія паказчыкі рэнтабельнасці мелі такія галіны, як «Аптовы і рознічны гандаль», «Рамонт аўтамабіляў і матацыклаў», «Транспартная дзейнасць», «Складаванне», «Паштовая і кур'ерская дзейнасць», а таксама «Творчасць», «Спорт», «Забавы» і «Адпачынак».


Глядзіце таксама

Акрамя рэнтабельнасці і іншых канчатковых паказчыкаў пры аналізе працы важна ўлічваць асаблівасці працы і фінансавання галіны. Напрыклад, сельская гаспадарка змагла забяспечыць рэнтабельнасць продажаў трохі вышэй за сярэдні паказчык па краіне: яна склала 8.1%. Аднак адбылося гэта шмат у чым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, без якой вынікі працы галіны маглі б аказацца значна больш сціплымі.

Калі казаць пра стратныя прадпрыемствы, то больш за ўсё ў студзені-маі 2023 года іх налічвалася ў прамысловасці (259 кампаній) і «Аптовым і рознічным гандлі», «Рамонце аўтамабіляў і матацыклаў» (232 кампаній). Удзельная вага стратных прадпрыемстваў была найбольшай у галінах «Аптовы і рознічны гандаль», «Рамонт аўтамабіляў і матацыклаў» (32.4%), транспартная галіна (22.6%), прамысловасць (17%) і будаўніцтва (18.9%)

Пытанне 2. Як размяркоўваюцца медыцынскія паслугі паміж прыватнымі і дзяржаўнымі цэнтрамі і як такое размеркаванне ўплывае на якасць і даступнасць медпаслуг для насельніцтва?

Асноўная частка медыцынскіх паслуг у Беларусі прадастаўляецца дзяржавай. Гэта азначае, што платныя медыцынскія паслугі звычайна ідуць звыш гарантаванага дзяржавай аб'ёму медыцынскага абслугоўвання. Пры гэтым прыватныя медыцынскія паслугі падлягаюць дзяржрэгуляванню. Да прыкладу, не так даўно прыватным медцэнтрам было загадана скарачаць час на аказанне стаматалагічных паслуг з мэтай зніжэння іх кошту.

Пры гэтым трэба разумець, што дзяржаўныя медыцынскія паслугі не з'яўляюцца па сваёй сутнасці бясплатнымі. Яны ажыццяўляюцца за кошт сродкаў падаткаплацельшчыкаў. Плюс дзяржаўныя паліклінікі і бальніцы аказваюць некаторыя сэрвісы на платнай аснове, па сутнасці, выконваючы ролю прыватных медыцынскіх цэнтраў.

У цэлым можна адзначыць, што прыватная медыцына не атрымала ў Беларусі належнага развіцця. Гэта звязана з недастатковым развіццём рынку медыцынскага страхавання, а таксама дамінуючай роляй дзяржавы ў эканоміцы. У выніку атрымліваецца, што, хоць дзяржава імкнецца забяспечыць даступнасць і якасць медыцынскіх паслуг, неразвітасць прыватнай медыцыны і адсутнасць сур'ёзнай канкурэнцыі на рынку звужаюць даступнасць і разнастайнасць медыцынскага абслугоўвання. Частыя праверкі прыватных медыцынскіх цэнтраў і закрыццё некаторых з іх толькі пагаршаюць сітуацыю.


Глядзіце таксама

Пытанне 3. Якія тавары могуць больш за ўсё падаражэць да канца года? Ці можна чакаць дэвальвацыі рубля?

Да канца года падаражанне закране перш за ўсё прадукты харчавання, цэны на якія змяняюцца ў залежнасці ад сезону. Гаворка ідзе найперш пра садавіну і гародніну. На традыцыйны рост цэн будзе накладвацца павелічэнне лагістычных выдаткаў пры ўзрастанні долі імпарту садавіны і гародніны ў зімовы перыяд.

Таксама актыўны рост могуць паказваць тавары і паслугі, цэны на якія залежаць ад змены ўзроўню акцызаў і тарыфаў, што ўстанаўліваюцца дзяржавай. Напрыклад, за 7 месяцаў 2023 года цыгарэты з фільтрам айчыннай вытворчасці ўжо падаражэлі амаль на 43%, водазабеспячэнне – на 13.5%, а абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі – на 16%.

Можна чакаць і працягу росту кошту турыстычных паслуг і пасажырскіх перавозак, якія даражэюць перш за ўсё за кошт больш складаных маршрутаў міжнародных паездак.


Глядзіце таксама

Нарэшце, цалкам верагодны і рост коштаў на імпартныя тавары ці тавары з высокай доляй імпартнага складніка. На іх будзе аказваць уплыў дынаміка курсу беларускага рубля да замежных валют.

У жніўні 2023 года можна было назіраць досыць хуткае зніжэнне курсу беларускага рубля да долара і еўра. Гэта было звязана з дэвальвацыяй расійскага рубля да замежных валют. Пры гэтым станоўчы ўплыў на цэны аказвала ўмацаванне беларускага рубля да расійскага: за кошт таго, што расійскі рубель падаў да беларускага, тавары, імпартуемыя з Расіі, пры іншых роўных умовах каштавалі танней. Залежнасць дынамікі беларускага рубля ад расейскага захаваецца і ў будучыні. Аднак напрыканцы 2023 — у першай палове 2024 года можа скласціся сітуацыя, калі беларускі рубель стане зніжацца да ўсіх замежных валют праз тое, што ў краіне праводзіцца мяккая манетарная палітыка і эканамічная палітыка ў цэлым з'яўляецца мяккай. Дадатковым фактарам з'яўляецца хуткі рост заробкаў. Калі сітуацыя ў бліжэйшыя месяцы не зменіцца, то высокі ўнутраны попыт можа прывесці да фармавання адмоўнага сальда гандлёвага балансу. Гэта азначае, што валюты ў краіну будзе паступаць менш, чым расходавацца на імпарт. У гэтым выпадку да канца 2023 года або ў першай палове 2024 года можна будзе назіраць дэвальвацыю курсу беларускага рубля да замежных валют за кошт дысбалансаў, якія ўзніклі ў нацыянальнай эканоміцы.