Што адбываецца з эканомікай Беларусі і чаго чакаць далей?

Эксперты Еўразійскага банка развіцця прагназуюць, калі ў Беларусі пачнецца паскарэнне росту спажывецкіх цэн. Гэта можа здарыцца ў IV квартале 2023 года.

_belarus_lida_horad_sneh_2023_fota_novy_czas__10__logo.jpg

Эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) у чарговым аглядзе распавялі, як развіваецца эканоміка Беларусі, а таксама спрагназавалі, калі ў краіне пачнецца паскарэнне росту спажывецкіх цэн, піша Myfin. 

ВУП

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) адзначаюць, што ў Беларусі працягваецца паскарэнне эканамічнага росту. Тэмп прыросту ВУП склаў 2% год да года (г/г) па выніках студзеня-чэрвеня пасля 0,9% г/г за студзень-травень 2023 года.

Асноўным драйверам застаецца прамысловасць (прырост на 6% г/г у студзені-чэрвені), уклад якой у рост эканомікі склаў 1,8 працэнтных пункта. Значны ўплыў на павелічэнне ВУП аказалі ўнутраны гандаль (рост на 5,5% г/г) і будаўніцтва (рост на 6,1% г/г). Уклад гэтых сектараў у прырост ВУП склаў 0,5 працэнтных пункта і 0,3 працэнтных пункта адпаведна.

Працягваецца спад у галіне «Інфармацыя і сувязь» — ажно на 17,3%. Гэта прывяло да скарачэння ВУП на 1,3 працэнтных пункта.

Таксама яшчэ не аднавіўся транспартны сектар: за студзень-чэрвень зніжэнне склала 5,8% г/г — у асноўным з-за скарачэння грузаперавозак (-14,2% г/г).

«Гэта следства змены лагістычных ланцужкоў: праз уведзеныя санкцыі ўдзел беларускіх транспартных кампаній у абслугоўванні таварапатокаў значна скараціўся», — адзначаюць эксперты. 

Інфляцыя

Гадавая інфляцыя ў Беларусі працягнула запавольвацца, рост цэн склаў 2,9% год да года па выніках чэрвеня 2023 года (у ліпені — 2,7%).

На думку экспертаў, шмат у чым гэта звязана з захаваннем адміністрацыйнага кантролю за цэнамі, уплыў якога, паводле ацэнкі Нацбанка, нават узмацніўся ў другім квартале 2023 года ў параўнанні з першым кварталам. У бліжэйшыя месяцы чакаецца далейшае запаволенне гадавой інфляцыі да 2-2,5% г/г.

«Паскарэнне росту спажывецкіх цэн прагназуецца ў IV квартале. Асноўнымі фактарамі стануць высокі ўнутраны попыт на фоне павышэння рэальных даходаў і пашырэння крэдытавання, а таксама дэфіцыт на рынку працы», — лічаць у ЕАБР. 

Знешні гандаль

Рост унутранага попыту сфарміраваў перадумовы для пагаршэння сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Дэфіцыт гандлёвага балансу перавысіў 1,2 мільярда долараў у студзені-чэрвені 2023 года ў параўнанні з прафіцытам 0,3 мільярда долараў годам раней.

Рост дэфіцыту абумоўлены больш высокімі тэмпамі росту імпарту (21,3% г/г) у параўнанні з экспартам (12,2% г/г). Павелічэнне імпарту шмат у чым звязана з ростам увозу інвестыцыйных і спажывецкіх тавараў.

Прафіцыт знешняга гандлю паслугамі склаў 1,4 мільярда долараў — ён скараціўся больш чым на 0,6 мільярда. Гэта выклікана скарачэннем экспарту паслуг на 5,1% пры росце імпарту на 26,8%.

У ЕАБР падкрэслілі, што на дынаміку сальда паслуг аказалі ўплыў змена лагістыкі, а таксама скарачэнне экспарту камп'ютарных і інфармацыйных паслуг з-за падзення іх выпуску. 

Зарплата

Рэальная заработная плата ў Беларусі вырасла на 15,2% г/г у чэрвені пасля 14,2% г/г у траўні і 9,6% г/г у красавіку. Рост фіксуецца па ўсіх відах эканамічнай дзейнасці, акрамя інфармацыі і сувязі, дзе скарачэнне склала 1% г/г.

Такая дынаміка звязана з павышэннем попыту на працоўную сілу. Пры гэтым абмежаванні росту, звязаныя з колькасцю занятых у эканоміцы, набываюць усё больш выяўлены структурны характар.

«Усё заўважней робяцца прыкметы перагрэву эканомікі, пра што сведчыць у тым ліку пазіцыя Нацыянальнага банка: паводле яго ацэнак, эканамічны рост у другім квартале ўжо знаходзіўся вышэй за патэнцыял», — адзначылі эксперты ЕАБР.