Беларусаў чакае «сталінскі курс»: чатыры рублі за долар?

У лютым 1950 года Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне СССР па тэрміновым заданні Сталіна пералічыла курс пасляваеннага рубля. Выйшлі на лічбу 14 рублёў за долар. Гэты паказчык «правадыра народаў» не задаволіў. Сінім алоўкам ён перакрэсліў разлікі эканамістаў і напісаў: «4 рублі».

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

На Беларускай валютна-фондавай біржы працягваецца падзенне курсу беларускага рубля да долара і еўра. Мабыць, гэта ўжо пастаянны і незваротны працэс. Увосень варта чакаць курс 4 рублі за 1 долар ЗША, лічыць Віктар Чарныш у «Белнавінах».

Сталін і 4 рублі

Трэба памятаць, што ў Беларусі не зусім рынкавая мадэль эканомікі і курс нацыянальнай валюты. І хоць Аляксандр Лукашэнка, які любіць усякую эканоміка-гаспадарчую дэмагогію, імкнецца абыходзіць бокам пытанне курсу, аднак менавіта ён вызначае эканамічную палітыку ў краіне. У гэтым Лукашэнка падобны да Сталіна.

У 1947-м у СССР прайшла грашовая рэформа. Тады рублі сталі ў дзесяць разоў даражэйшымі, а Іосіф Сталін асабіста павялічыў кошт рубля ў дачыненні да долара ў 3,5 разы. Аднак ужо ў лютым 1950 года Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне СССР па тэрміновым заданні правадыра пералічыла курс пасляваеннага рубля. Выйшлі на лічбу 14 рублёў за долар. Гэты паказчык Сталіна не задаволіў. Сінім алоўкам ён перакрэсліў разлікі эканамістаў і напісаў: «4 рублі».

Прыблізна ў гэтай жа парадыгме рухаецца Лукашэнка. Толькі цяпер ён выкарыстоўвае паслабленне курсу рубля для патаннення аплаты працы беларусаў і патаннення вырабленых у Беларусі тавараў. Такім чынам стымулюецца экспарт.

Іншымі словамі, як і Сталін, Лукашэнка праводзіць эканамічную палітыку за кошт штучнага зніжэння якасці жыцця людзей.

«Брацкі рубель» цягне ў прорву

Другім фундаментальным фактарам, які ўплывае на беларускі рубель, з'яўляецца Расія і курс расійскага рубля.

Нядаўна расійская валюта пераадолела адзнаку ў 100 рублёў за долар. Хоць Цэнтрабанк РФ падняў стаўку з 8,5 да 12% (у Беларусі яна 9,5%), сумніўна, што расійскі рубель вернецца да паказчыкаў 80-85 рублёў за долар, не кажучы пра даваенныя 75 рублёў.

Цяпер беларуская валюта апусцілася да гадавога мінімуму 3,2 рубля за долар. На першы погляд наш рубель слабее ўслед за валютай саюзніка. Аднак і гэты ўзровень не задаволіць Лукашэнку. Бо прадаваць тавары ў Расію (галоўны гандлёвы партнёр РБ) становіцца ўсё менш выгадна, і ўлады Беларусі пойдуць сталінскім шляхам, толькі наадварот — паскораць дэвальвацыю беларускага рубля. Такім чынам паспрабуюць аднавіць суадносіны курсаў, якія існавалі на пачатак года.

Ужо ўвосень варта чакаць 3,7-4 беларускія рублі за долар.

Глядзіце таксама

Праблемы з каліем

Кампенсаваць страты на расійскім рынку поспехамі на іншых кірунках не атрымаецца. Па-першае, Беларусь пад санкцыямі страціла значную частку экспарту ў краіны Еўрасаюза.

Па-другое, калійныя ўгнаенні, якія разам з нафтапрадуктамі з'яўляюцца адным з асноўных экспартных тавараў, у апошні час моцна падаюць у цане.

Калі год таму сярэдняя цана на калій перавышала 1 тысячу долараў за тону, то ў траўні гэтага года тона калійных угнаенняў каштавала ўжо 380 долараў, а ў чэрвені — 330. У ліпені цана ўгнаенняў падрасла да 340, але гэта не тыя паказчыкі, якія здольны дапамагчы беларускаму калійнаму экспарту ва ўмовах санкцый. Спадзявацца на зняцце заходніх абмежаванняў няма ніякіх падстаў. А на перспектыўным кітайскім рынку адчувальна дэмпінгуюць канадскія вытворцы.

Увогуле, калій ужо не ўратуе беларускую валютную выручку, што стварае яшчэ адну перадумову да падзення валюты да адзнакі 4 рублі за долар.

Збожжа разладу

Сітуацыю пагаршае неўраджай. Яшчэ ў пачатку года Мінсельгасхарч абяцаў сабраць 8,9 млн тон збожжа, гэта значыць выйсці на самазабеспячэнне Беларусі. Аднак засуха падкарэкціравала планы.

У ліпені кіраўнік беларускага Мінсельгасхарча Ігар Брыло заявіў, што Беларусь сёлета разлічвае атрымаць 7,3 млн тон збожжа, а яшчэ 500 тысяч тон дакупіць у Расіі. Але ёсць меркаванне, што не атрымаецца сабраць і 7 млн тон, таму экспарт будзе павялічаны. Гэта, вядома, адаб'ецца на эканоміцы ў цэлым.

Словам, улічваючы ўсе фундаментальныя фактары, «сталінскія 4 рублі» — не жарт, а будучая рэальнасць Беларусі.

Глядзіце таксама