Павольная тэндэнцыя да зніжэння беларускага рубля захаваецца

На таргах па стане на 12 гадзін дня 14 жніўня долар склаў 3,26 беларускага рубля, дадаўшы крыху больш за шэсць капеек. Тым часам курс долара ў Расіі перасягнуў псіхалагічна важную планку ў 100 расійскіх рублёў. Што чакаць беларусам ад росту долара?

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg

«Салідарнасць» абмеркавала сітуацыю на валютным рынку ў Беларусі з эканамісткай, старшай навуковай супрацоўніцай BEROC Анастасіяй Лузгіной.

— Асноўная прычына, па якой цяпер дзейнічае ціск на курс беларускага рубля — гэта дынаміка на валютным рынку Расіі, — тлумачыць эканамістка. — Расійскі рубель зніжаецца да долара, еўра, юаня.

Асноўная прычына гэтага — больш нізкае гандлёвае сальда балансу ў параўнанні з мінулым годам. Беларускі рубель цяпер вельмі залежыць ад дынамікі расійскага, таму што ідзе гандаль на Расію, таму што калі мы паглядзім на кошык валют, то 60% у ім займае расійскі рубель.

Таксама калі мы паглядзім таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы, то больш за палову займаюць таргі з расійскім рублём, таму беларускі рубель залежны ад сітуацыі, якая складваецца з расійскім рублём.

Цяпер, дадае Лузгіна, мы бачым вонкава расійскія фактары, якія ўздзейнічаюць на курс беларускага рубля. Але існуюць рызыкі, што на працягу паўгода-года, калі ў нашай эканоміцы сітуацыя не будзе змяняцца, на зніжэнне беларускага рубля можа дзейнічаць ужо не фактар расійскага рубля, а беларускія ўнутрыэканамічныя фактары, такія як дэфіцыт працоўнай сілы, які правакуе рост заробкаў і стымулявальная эканамічная палітыка дзяржавы.

— Як будзе развівацца далей сітуацыя на расійскім рынку, сказаць складана. Я думаю, што да канца года тэндэнцыя будзе на плаўнае зніжэнне, але ўнутры месяца можа быць як адскок у адзін бок, так і ў іншы — і ўмацаванне, і зніжэнне.

Напрыклад, праз тыдзень-паўтара надыходзіць падатковы перыяд, што можа аказваць уплыў у бок умацавання расійскага рубля або яго стабілізацыі. Адпаведна, і беларускага рубля. Але гэта фактар кароткатэрміновы.

Другі фактар — гэта сітуацыя ў знешнім гандлі Расіі. Раней меркавалася, што, калі кошты нафты будуць расці, зніжэнне расійскага рубля як мінімум не будзе адбывацца хуткімі тэмпамі, як цяпер.

Пры гэтым мы бачым, што кошты нафты трохі растуць, але курс расійскага рубля рэагуе ў бок зніжэння. Гэта значыць, сітуацыя ў знешнім гандлі ў Расіі застаецца для яе не вельмі добрай — там станоўчае сальда, але яно ў разы меншае, чым было раней. Таму прагназаваць тут вельмі складана.

На мой погляд, у цэлым захаваецца павольная тэндэнцыя да зніжэння беларускага рубля, але з кароткатэрміновымі скокамі ў бок умацавання.

Глядзіце таксама

Што пры гэтым рабіць беларусам — здаваць валюту ці, наадварот, мяняць? Экспертка лічыць, што ўсё залежыць ад патрэб чалавека. Напрыклад, адпачынак для беларусаў за мяжой у рублёвым эквіваленце становіцца даражэйшым.

— Калі мяркуюцца нейкія выдаткі, асабліва ў замежнай валюце, лепш зрабіць нейкі запас. Другі момант — гэта пытанне зберажэнняў, у чым іх захоўваць? Цяпер гэта дыскусійны момант.

Трэба разумець, што добрага рашэння тут не будзе, таму што зберажэнні ў доларах, еўра схільныя да інфляцыі. А стаўкі (калі мы гаворым пра дэпазіты ў замежнай валюце) — нізкія, гэта значыць усё роўна ў нейкай ступені гэтыя грошы будуць абясцэньвацца. У рублях стаўкі таксама невысокія, і тут высокія рызыкі зніжэння прыбытковасці ў выпадку паскарэння інфляцыйных працэсаў.

Калі чалавек здзяйсняе або плануе нейкія выдаткі ў валюце — вядома, трэба фарміраваць запас у замежнай валюце. У іншым выпадку — праводзіць дыверсіфікацыю зберажэнняў у розных валютах, — заключае Анастасія Лузгіна.

Глядзіце таксама