Калі не долар, то што? Як беларусам абараніць свае грошы ад інфляцыі

Інфляцыя няўмольна з'ядае нашы грошы. Менавіта таму беларусы даўно сталі чэмпіёнамі ў прыдумлянні спосабаў захаваць зберажэнні. Класічны варыянт — купля долараў і еўра, некаторыя z-рамантыкі вераць у перспектывы расійскага рубля. А што яшчэ?

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Эканамісты праекта «Кошт Урада» вырашылі прапанаваць незвычайныя альтэрнатыўныя варыянты захавання грошай. Не толькі захавання, але і нават прымнажэння.

Сутнасць эксперымента наступная: ведаючы даныя па інфляцыі і цэнах на прадукты за апошні год, ведаючы працэнт па дэпазітах і дынаміку валютных курсаў, адмыслоўцы вырашылі высветліць, у што больш выгадна было ўкладвацца, каб атрымаць максімальны прырост у цане на працягу апошняга года. У якасці «базы» выкарыстоўваліся тры валюты — расійскі рубель, долар і еўра. А вось альтэрнатыўныя інструменты зберажэння нашмат цікавейшыя — гэта самыя распаўсюджаныя, сацыяльна значныя прадукты.

Проста ўявіце сабе: калі б вы ўсе свае рублёвыя зберажэнні на працягу года ўкладвалі не ў долар ці беларускі рубель, а ў грэчку ці, дапусцім, цукар... Выйгралі б ці прайгралі? Давайце разбірацца.

Цяпер стала зразумела, што ўсе, хто верыў у непахіснасць расійскага рубля, відавочна пралічыліся і аказаліся аўтсайдарамі. Расійскі рубель у чэрвені 2023 года ў адносінах да чэрвеня 2022-га страціў цэлых 20%. Больш абясцэнілася з нашага спісу толькі грэчка, яе кошт за гэты перыяд знізіўся на 35%.

Але ўсё ж большасць беларусаў, якія ўжо даўно спазналі інфляцыйны дзэн, разумеюць, што ёсць долар і еўра, якія хоць і могуць часам у кароткатэрміновай перспектыве прасесці, але пры гульні ў доўгую ўсё ж паказваюць выдатны вынік. Так выйшла і гэтым разам: еўра вырас за адзначаны намі перыяд на 19%, а долар — на 16%. Абедзве валюты паказалі прыстойны ашчадны эфект, тэмпы росту іх курсаў істотна абагналі інфляцыю беларускага рубля.

Улічваючы, што гадавая інфляцыя была каля 3%, можна сказаць, што, уклаўшы грошы ў цукар, выйшлі б у «нуль», а закупіўшы тушонку або згушчанае малако, нават выйгралі б 1% да зберажэнняў. Яшчэ больш прывабнай інвестыцыяй выглядае сала, якое вырасла за разгляданы перыяд на 9% (а значыць — на 6% вышэй за інфляцыю).

Такая экзатычная для беларусаў валюта, як кітайскі юань, аказалася цалкам разумным спосабам захавання сродкаў, за год яе кошт вырас на 9%. Але яе абагнала соль, зрабіўшы запасы якой, вы б убачылі рост на цэлых 10%.

Цікавымі варыянтамі аказаліся банкаўскія дэпазіты ў беларускіх рублях. Калі вы ўклалі ў адзыўны дэпазіт, то атрымалі за гэты час рост у 12%, а за безадзыўны — цэлых 19% (нароўні з захаваннем грошай у еўра і нават вышэй за долар). Гэта той выпадак, калі згуляла нестабільная і нявызначаная сітуацыя ў эканоміцы і палітыцы. Летась, пасля пачатку вайны, стаўкі па дэпазітах у беларускіх рублях значна выраслі. Людзі, якія размясцілі на іх грошы, згулялі ў самую сапраўдную рускую рулетку і гэтым разам выйгралі.

Цяпер гэта акно магчымасцей зачыняецца, верагоднасць таго, што «пракоціць» і ў гэтым годзе — значна меншая.

А што ж з лідарамі нашага топу? Аказваецца, што вельмі выгадным капіталаўкладаннем у чэрвені 2022 года была гарэлка (22%) і імпартныя цыгарэты (25%), а самымі прыбытковымі сталі капіталаўкладанні ў айчынную тытунёвую прадукцыю, якая вырасла ў кошце на цэлых 43%.

У заключэнне кароткае меркаванне, што ж будзе далей. Верагодна, укладанні ў долары і еўра застануцца надзейным інструментам захавання зберажэнняў. Беларускі рубель знаходзіцца ў вельмі няўстойлівым становішчы і залежыць ад шматлікіх знешніх і ўнутраных фактараў. Сітуацыя з ім можа стаць моцна горшай. А вось гарэлка і цыгарэты могуць і далей даражэць. Дзяржава з радасцю працягне зарабляць на залежнасцях грамадзян.

Глядзіце таксама