Чаму эканамісты прагназуюць рост інфляцыі?

Нацбанк адсправаздачыўся, што інфляцыя за чэрвень апусцілася на рэкордна нізкі ўзровень за апошнія 30 гадоў — да 2,9%. Але там, дзе прысутнічае афіцыйная статыстыка, узнікаюць пытанні. Пагаварылі з эканамістам Львом Марголіным пра тое, чаго чакаць беларусам.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg

Эксперты Еўразійскага банка развіцця расшыфравалі, што такая дынаміка ўва многім тлумачыцца захаваннем «адміністрацыйнага кантролю» за коштамі. І яна будзе назірацца яшчэ некалькі месяцаў: эксперты ЕАБР прагназуюць далейшае запаволенне гадавой інфляцыі да паказчыкаў у 2-2, 5%. Аднак ужо ў IV квартале, паводле іх прагнозаў, у Беларусі рост спажывецкіх коштаў паскорыцца, і да канца года паказчык інфляцыі складзе каля 7,8 працэнта. 

Спецыялісты ЕАБР таксама назвалі тры асноўныя прычыны, якія будуць гэтаму садзейнічаць:

  • змякчэнне адміністрацыйнага кантролю за коштамі,
  • эфекты ад аслаблення нацыянальнай валюты,
  • рост унутранага попыту на фоне павышэння рэальных даходаў і пашырэння крэдытавання.

Чым можна патлумачыць зніжэнне інфляцыі і што гэта кажа пра стан эканомікі? 

— Патлумачыць гэту сітуацыю вельмі проста, — кажа эканаміст Леў Марголін. — У нас існуе вельмі дзіўны паказчык: інфляцыя за месяц у гадавым вымярэнні. То-бок узялі і палічылі інфляцыю за год (з 31 чэрвеня 2022 года па 1 ліпеня 2023 года) — атрымаўся неблагі паказчык. А ўся фішка ў тым, што летась усплёск інфляцыі прыйшоўся на люты-сакавік, пасля гэтага асаблівых падстаў для росту інфляцыі і не было. 

Эксперты кажуць пра магчымае далейшае зніжэнне інфляцыі, але ў гэтым ёсць вялікія сумненні. З пачатку года ў краіне расце шырокая грашовая маса, падаюць курсы беларускага і расійскага рубля (у Расіі — з-за санкцый, накладзеных на нафтагазавую галіну), скарачаецца прыток валюты і ў Расію, і ў Беларусь. Калі ў нас заўсёды гандаль таварамі меў адмоўнае сальда, то гандаль паслугамі меў станоўчае сальда — гэтая акалічнасць і выцягвала агульны гандаль у плюс. Але на фоне праблем з грузаперавозкамі паглядзім, якім акажацца знешнегандлёвае сальда.


Глядзіце таксама

Я не кажу ўжо пра «варожыя галасы», але нават ЕАБР прагназуе рост інфляцыі да канца года. Так што куранят будзем лічыць увосень.

— Якія фактары на гэта ўплываюць?

— Зніжэнне спажывецкай здольнасці насельніцтва: курс беларускага рубля падае, кошты на аўтамабіль, умоўна кажучы, растуць, а колькасць пакупнікоў зніжаецца. Падаюць рэальныя заробкі, растуць кошты на тавары і паслугі (турыстычныя, напрыклад). Большая частка даходаў траціцца на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці.

А ў сувязі з тым, што многія звесткі афіцыйная статыстыка проста схавала, то мы не можам нават з упэўненасцю патлумачыць, чаму так адбываецца.


Глядзіце таксама

— Старшыня Нацбанка Павел Калаур кажа, што гадавая інфляцыя будзе ў межах 6%, ЕАБР называе трохі іншую лічбу — 7,8%. Рэалістычная лічба?

— Было б няблага, каб інфляцыя сапраўды затрымалася на гэтым узроўні. Аднак мне цяжка даваць прагнозы. У іх інфармацыі куды болей, відавочна, лічбы інфляцыі будуць імкнуцца занізіць, паказчыкі вытворчасці завысіць. Але калі нічога надзвычайнага не здарыцца, то такі ўзровень інфляцыі магчымы.