Эканаміст: Заробак расце, але гэта можа вылезці бокам

У Беларусі рэальны заробак вырас на 14,2% у траўні. ЕАБР звязвае гэты рост як з яго павелічэннем у намінальным выражэнні (18,4% у траўні пасля красавіцкіх 14,8%), так і з запаволеннем інфляцыі (3,7% у траўні ў параўнанні з 4,7% у красавіку).

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg_logo.webp

Павелічэнне заработнай платы станоўча адбіваецца на дынаміцы рознічнага тавараабароту, які вырас на 5,1% у траўні, пасля скарачэння на 0,4% у красавіку. Аднак, папярэджваюць эксперты ЕАБР, пашырэнне спажывецкага попыту будзе фарміраваць інфляцыйны ціск у другой палове года. А таму прагноз банка па інфляцыі — 7,8% па выніках 2023 года.

За кошт чаго расце заработная плата? Якія дадатковыя фактары рызыкі ўплываюць на інфляцыю? Пра гэта sn-plus.com паразмаўляла з эканамістам Львом Марголіным.

— Прывязка заробку да росту прадукцыйнасці працы — рэч жаданая, але не заўсёды дасягальная. Рост заработнай платы дыктуецца недахопам працоўнай сілы, ёсць бюджэтнікі, якія фактычна нічога не вырабляюць, але іх зарплаты растуць.

Такая карціна назіралася практычна ўвесь мінулы год. Нашы эканамічныя партнёры, у прыватнасці, ЕАБР, папярэджваюць, што павышэнне заработнай платы стымулюе спажывецкі попыт і выклікае рост інфляцыі. Але сур'ёзных крокаў па прадухіленні такога сцэнара эканамічныя ўлады не робяць. Рост зарплаты сапраўды апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.

— Якія рызыкі нясе ў сабе вось такое своеасаблівае «ўзбагачэнне» насельніцтва?

— Калі на руках аказваецца больш грошай, чым таварная маса і маса паслуг, тады кошты пачынаюць расці, правакуючы інфляцыйныя працэсы. Разлічваць на тое, што людзі стануць адкладаць лішняе на «чорны дзень» або панясуць яго ў банкі, не даводзіцца: у бягучай сітуацыі, калі яна вельмі нявызначаная, калі прысутнічае мноства фактараў рызыкі, людзі аддаюць перавагу марнаванню, а не збіранню.

Сапраўды, павышэнне зарплаты стымулюе спажывецкі попыт, які ў сваю чаргу правакуе інфляцыйны ўсплёск. Гэты працэс неімгненны, ён некалькі расцягнуты ў часе. Пакуль нельга сказаць, што такі фактар моцна раскручвае махавік інфляцыі, але месяцы праз 2-3, да восені, ён адаб'ецца.


Глядзіце таксама

— ЕАБР прагназуе рост гадавой інфляцыі да 7,8% у гадавым выражэнні. Але разлікі банка ўлічваюць адзін фактар — рост зарплаты. Якія яшчэ фактары рызыкі могуць паўплываць на інфляцыйныя працэсы?

— Другі істотны фактар — рост курсу валют, перш за ўсё долара, што прывядзе да росту коштаў на імпарт, таксама разганяючы інфляцыю.

Яшчэ адзін важны фактар — скарачэнне валютных паступленняў у Расіі. Калі раней мы імкнуліся дыверсіфікаваць свой экспарт (30% — Еўрасаюз, 30% — Расія, 30% — іншыя краіны), то цяпер вялікая частка ідзе ў РФ. Паколькі беларуская эканоміка цяпер вельмі залежыць ад расійскай, то прастуда суседскага рубля абарочваецца для нашага наймацнейшым кашлем.

Ну і скарачэнне валютных паступленняў у Беларусь. Звычайна ў нас як было? Знешні гандаль таварамі сыходзіў у мінус, але ў выніку выходзіў на плюсавыя паказчыкі за кошт экспарту паслуг, і перш за ўсё транспартных. Але ў цяперашніх умовах, улічваючы санкцыі і абстаноўку на мяжы, экспарт транспартных паслуг можа значна скараціцца, і ў выніку знешні гандаль апынецца ў мінусе. Гэты фактар таксама можа прывесці да росту інфляцыі.

— Які ваш прагноз наконт яе з улікам дадатковых фактараў рызыкі?

— Я быў бы вельмі задаволены, калі б удалося ўкласціся ў названыя лічбы. Многае ў гэтай сітуацыі залежыць ад Нацыянальнага банка: наколькі моцна на яго будуць ціснуць. Але нават калі ён захавае дастаткова ўзважаную манетарную палітыку, баюся, што інфляцыя можа дасягнуць леташніх паказчыкаў (12,8%) і нават перавысіць іх.