«Курс мусіць быць у калідоры 3,4-3,5 рубля». Чаму рэжыму трэба, каб долар даражэў
Долар пабіў чарговы рэкорд за апошнія паўтара года. 10 жніўня ён вырас амаль на тры капейкі і каштуе 3,1788 рубля. Еўра таксама дасягнуў максімуму прыкладна за той жа перыяд. Ён падаражэў больш чым на тры капейкі і каштуе 3,46 рубля. «Еўрарадыё» даведалася, чаму долар і еўра ўмацоўваюцца, навошта эканоміцы дарагі долар і ці час бегчы ў абменнік.
«Толькі кэш пад матрацам!»
Падзенне курсу беларускага рубля да долара і еўра апошнім часам звязанае перш за ўсё са зніжэннем курсу рубля расійскага, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.
— Па-другое, пагоршылася сальда гандлёвага балансу. Стала больш імпарту, бо пачалі працаваць новыя гандлёвыя ланцужкі.
Калі моцна расце імпарт, расце і попыт на замежную валюту. Значыць, яна даражэе.
— І па-трэцяе, мы зноў бачым штучнае павелічэнне даходаў людзей, звязанае з тым, што Лукашэнка хоча задобрыць насельніцтва. Прадукцыйнасць працы вырасла толькі на 2,5 працэнта, а рэальныя даходы — амаль на 15 працэнтаў, калі паглядзім на апошнія пятнаццаць месяцаў. Так што мы прыходзім да таго, што ціск на беларускі рубель расце, і ён пачынае таннець да долара.
У такіх умовах час бегчы ў абменнік, калі вы яшчэ не паспелі, лічыць эканаміст.
— Я ніколі не давяраў беларускай банкаўскай сістэме і беларускай манетарнай палітыцы. Я заўсёды раю трымацца далей ад сістэмы, якая вас хранічна падманвае. Толькі кэш пад матрацам! Ніякіх укладаў, дэпазітаў, аблігацый. Калі вы давяраеце свае грошы дзяржаве, не думайце, што яна іх выкарыстоўвае з карысцю для вас.
Тым больш мы бачым, што расійскі рубель таннее, Расія вось-вось пачне прайграваць вырашальную стадыю вайны. Тады пачнуцца бунты незадаволеных у Расіі, і гэта будзе негатыўна ўплываць на стан беларускай эканомікі. Таму што такой ступені залежнасці, якая ёсць цяпер, я даўно не бачыў.
Падымаць долар ці абрынуць ВУП
Эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін адзначае, што беларускі рубель можа ўпасці яшчэ мацней.
— Беларускія тавары становяцца даражэйшымі на расійскім рынку. Гэта азначае, што трэба альбо дэвальваваць беларускі рубель, альбо скідваць цэны [на беларускія тавары ў Расіі]. Ці трэці вынік, які можа быць, — гэта продаж беларускіх тавараў у Расіі спыніцца, а імпарт з Расіі ў Беларусь павялічыцца. То-бок эканоміка адрэгулюе гэтую сітуацыю або праз падзенне ВУП і рост імпарту з Расіі, або праз дэвальвацыю.
Каб і рост ВУП застаўся хаця б паблізу нуля, і расійскі рынак не страціць, курс долара мусіць быць у калідоры 3,4-3,5 рубля, мяркуе эксперт.
— Галоўчанку [прэм'ер-міністру] гэта трэба, бо тады беларускі рубель патаннее адносна расійскага, і цэны на беларускія тавары — ад МАЗаў да малочкі — знізяцца.
Інакш расійскія пакупнікі будуць выбіраць у Расіі
таннейшыя расійскія тавары, а прадаўцы будуць іх купляць у Расіі і везці ў
Беларусь, каб зарабіць на розніцы. Калі будзе працяглы перыяд такіх курсавых
розніц паміж расійскім і беларускім рублём, можа быць некалькі вынікаў:
падзенне экспарту, падзенне ВУП і праз гэта далейшае падзенне беларускага рубля
альбо дэвальвацыя і захаванне расійскага рынку, — заключае Уладзімір Кавалкін.