Які курс долара і еўра варта чакаць?
І долар, і еўра 10 жніўня пабілі чарговыя рэкорды за апошнія паўтара года. Курс долара вырас амаль на тры капейкі і склаў 3,1788 рубля. Еўра таксама падаражэла больш, чым на тры капейкі, і каштуе 3,46 рубля. Чаму растуць курсы, асабліва еўра, якое ўвогуле выключаны з валютнага кошыка? Запыталіся ў эканаміста Льва Марголіна.
— Што да еўра, то сітуацыя тут вельмі простая: раз мы не праводзім таргі, не каціруем еўра, то суадносіны пары долар-еўра вызначаюцца на іншых рынках.
Долар — той жа тавар: калі павышаецца попыт і памяншаецца прапанова тавару, то цана на яго расце. У Беларусі паступова аднаўляецца імпарт: пасля леташняга шока, пасля санкцыяў знаходзяцца абыходныя шляхі для аднаўлення паставак імпарту. Каб купляць імпарт, патрэбная валюта, а заходнія санкцыі моцна ўдарылі па асноўных экспартных таварах.
Другі момант — сітуацыя ў Расіі. Амаль тры чвэрці беларускага экспарту ідзе ці ў Расію, ці праз Расію. Таму беларуская эканоміка вельмі моцна залежыць ад сітуацыі на валютным рынку Расіі. У валютным кошыку вялікая доля расійскага рубля. Пасля сур’ёзных абмежаванняў на расійскія энергарэсурсы, уведзеныя Захадам у снежні 2022-га і ў лютым 2023 года, істотна ўпаў фізічны экспарт і кошты на яго. А частка здзелак рэалізоўваецца не ў свабодна канвертаванай валюце, а ў кітайскіх юанях, індыйскіх рупіях ці проста разлікі не адбываюцца. Калі, напрыклад, з-за санкцыяў валютныя паступленні маглі скараціцца на 50 працэнтаў, то з-за разлікаў не ў СКВ і з-за неразлікаў яшчэ 10% валютных паступленняў з’ядаюць манератныя пытанні.
Рынак у Расіі таксама аднаўляецца. Мы бачым, як растуць пастаўкі тавараў у Расію праз Арменію, Кыргызстан, Турцыю, іншыя краіны, прычым значная частка гэтых паставак носіць ваенны характар. А раз так, то Расія за цаной не пастаіць.
Вось дзве прычыны, якія ціснуць на курсы расійскага і беларускага рубля. А любое падзенне нацыянальнай валюты выклікае рост інфляцыі. Для многіх імпартныя тавары становяцца непад’ёмнымі, таму людзі паступова адмаўляюцца ад іх.
Калі Нацбанк у гэтай сітуацыі не будзе нічога рабіць, то не будзе расці імпарт, бо знікне плацёжаздольны попыт. Сітуацыя вельмі моцна залежыць ад дзеянняў Нацыянальнага банка, які зараз праводзіць досыць узважаную палітыку. Таму будзе ісці плаўнае зніжэнне курса рубля, які можа дайсці да 3.40-3.50 рублёў за долар, але долар не падскочыць да 5-10 рублёў.
— Нацбанк мае многа рычагоў для ручнога рэгулявання валютнага рынку. Не задзейнічае іх, бо нявыгадна?
— Валютны рынак — такі водны басейн з рэкамі і азёрамі, якія паміж сабой узаемазвязаны.
Адзіная разумная палітыка Нацбанка — не ўлазіць у працэс валютнага рэгулявання. За выключэннем хіба валютных інтэрвенцый, якія неабходныя для таго, каб не дапусціць рэзкіх усплёскаў на валютным рынку. Калі Нацбанк пачне актыўна ўмешвацца ў працэс, то ўсё можа закончыцца чарговым абвалам — мы памятаем падзенні беларускага рубля і ў два, і ў тры разы.
Другі момант — друкаванне грошай. Калі Нацбанк пачне друкаваць грошы, каб крэдытамі падтрымаць прадпрыемствы, то гэта прывядзе да новага вітка інфляцыі. І замест аднаго дэфіцытнага тавару — валюты мы атрымаем яшчэ і лішкі другога тавару — беларускіх рублёў.