Раманчук: У Беларусі выраслі заробкі дзякуючы вайне, якую вядзе Расія

Заробкі беларусаў будуць расці, пакуль не скончыцца вайна і да таго часу, пакуль Расія здольная датаваць беларускую эканоміку.

_hroszy___rubli___kapejki__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Эканаміст Яраслаў Раманчук у каментары «Филину» распавёў пра прычыны і наступствы росту заробкаў у Беларусі і крэатыў кадравікоў, «які мы заслужылі».

— Сярэдні заробак да выплаты падаткаў у Беларусі набліжаецца да 2000 рублёў. Тым часам нашы чытачы з рэгіёнаў паведамляюць пра рост заробкаў на мясцовых прадпрыемствах да 1500 рублёў, чаго там раней не бывала. Гэта добрая навіна ці ўсё ж гаворка пра «бурбалку», якая можа хутка лопнуць?

— Я думаю, што гаворка тут ідзе пра стымуляванне ўнутранага попыту. Людзям павысілі заробкі, каб яны больш трацілі ў рознічным гандлі, на куплю тавараў і паслуг. Напрыклад, каб павялічыць тарыфы на камунальныя паслугі. Гэта такая эканамічная мадэль.

Гэтаму спрыяе, скажам так, вельмі далікатная манетарная палітыка. Такім чынам Лукашэнка спрабуе запусціць матор эканамічнага росту. Яго можна дамагчыся за кошт росту экспарту і інвестыцый, але ў нашым выпадку ўлады вырашылі зрабіць гэта за кошт людзей.

Людзі за гэта яго пахваляць, заадно можна будзе дасягнуць і некаторага росту палітычнай падтрымкі рэжыму.

Гэтая мадэль пачне даваць збоі ў выпадку, калі нешта негатыўнае пачне адбывацца з расійскім рынкам. Калі сумесныя расійска-беларускія інвестыцыйныя праекты не прынясуць жаданага выніку.

У такім выпадку банкі могуць назапасіць такую колькасць дрэнных актываў, што будуць вымушаны прасіць больш грошай у Нацбанка або ўрада.

Гэта часовая мера, якая праіснуе роўна столькі, колькі Расія прадоўжыць датаваць беларускую эканоміку. Па сутнасці, Беларусь зарабляе такім чынам на вайне. І калі вайна завершыцца, перастане працаваць і гэтая мадэль.


Глядзіце таксама

— Гэта значыць, калі падсумаваць, то сакрэт зарплатнага шчасця — у дапамозе Расіі і друкарскім станку?

— Так, як я і казаў, менавіта вельмі далікатная манетарная палітыка дазволіла павялічыць аб'ём грошай у абарачэнні. Усё гэта робіцца, каб павялічыць попыт на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў.

Але калі гэтыя прадпрыемствы не будуць займацца якаснай інвестыцыйнай палітыкай, то ўсё гэта скончыцца запазычанасцямі і прадпрыемстваў, і банкаў.

Той жа Нацбанк у дакладзе за першае паўгоддзе адзначыў некалькі прычын, праз якія ў Беларусі усё не ладзіцца з інвестыцыямі. Мы ўжо гэта праходзілі. І бачылі, чым заканчваецца кароткачасовы эфект ад стымулявання ўнутранага попыту пры адсутнасці іншых крыніц эканамічнага росту.


Глядзіце таксама

— І навіна з галіны крэатыву. Некалькі беларускіх прадпрыемстваў запусцілі рэкламныя ролікі аб перавазе працы ў іх. Але ў адрозненне ад традыцыйнай рэкламы вакансій гаворка не ідзе ні аб памеры зарплаты, ні аб кар'ерным росце.

Суіскальнікаў завабліваюць магчымасцю працаваць разам з прывабнымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі. Гэта значыць, будучаму грузчыку абяцаюць асяроддзе з калег-жанчын мадэльнай знешнасці, а патэнцыйнаму бухгалтару — з мужчын-атлетаў. Пра што кажа гэты палёт фантазіі кадравікоў? Ці можна такім спосабам вырашыць праблему кадраў?

— Гэта можа казаць пра тое, што хтосьці з прадстаўнікоў ЗАТ «Дзяржплан» завёў знаёмства з маркетолагам, які і прапанаваў за грошы такі эксперымент: маўляў, не трэба згадваць пра заробак, пакажы вось такі прыгожы ролік, і яны самі туды пойдуць.

Вось яны і выдзелілі сродкі для таго, каб у рамках нармалізацыі рынку працы правесці такую кампанію. Далі зарабіць маркетынгавым кампаніям, людзям на вытворчасцях.

Дадуць справаздачу Лукашэнку, што выкарыстоўваюць не толькі саўковыя метады, але і праяўляюць крэатыўнасць, ужываючы сучасныя спосабы прыцягнення людзей на прадпрыемствы. Вось такі маркетынг з прыбамбасамі.

— Крэатыў, які мы заслужылі.

— Так, як у тым анекдоце: «Якая краіна, такі і тэракт». Гэта з той жа оперы.

Пераклад «НЧ»