«Адказ будзе на перадавой»: Расіяне абстралялі Запарожжа, вядома пра двух загінулых
Расійскія вайскоўцы 9 жніўня зноў абстралялі тэрыторыю Запарожжа. У выніку нападу ў горадзе загінулі два чалавекі, сямёра параненыя. Хоць спачатку казалі пра трох загінулых, але аднаго атрымалася рэанімаваць.
Пра гэта адразу пасля здарэння паведаміў сакратар Запарожскага гарсавета Анатоль Курцеў.
«Праціўнік атакаваў жылы квартал Запарожжа. На жаль, паводле папярэдняй інфармацыі, два чалавекі загінулі, ёсць параненыя», — сказаў Курцеў.
Інфармацыю аб «прылёце» ў горад таксама пацвердзіў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Юрый Малашка.
«Цяпер выязджаю на месца здарэння. Папярэдне вядома, што пацярпеў аб'ект грамадзянскай інфраструктуры», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.
Вынікі абстрэлу
Пазней Малашка паведаміў: «Сёння расійска-тэрарыстычныя войскі нанеслі чарговы ракетны ўдар па мірным Запарожжы. З «высокадакладнай» зброі знішчаны храм і гандлёвыя цэнтры ў Шаўчэнкаўскім раёне».
Паводле яго слоў, на гэты момант вядома аб трох загінулых мірных жыхарах.
«Медыкі аказваюць дапамогу параненым. Выбуховай хваляй выбіла шыбы ў шматпавярховых дамах. Працуем па ліквідацыі наступстваў дзеянняў краіны-тэрарыста», — дадаў ён. Пры гэтым ён паведаміў, што пацярпелі 5 чалавек.
Пазней стала вядома, што павялічылася колькасць ахвяр. Па словах кіраўніка Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі, ужо ёсць 7 пацярпелых.
Уладзімір Зяленскі таксама адрэагаваў на абстрэл Запарожжа:
«Працягваецца выратавальная аперацыя. Усім пацярпелым будзе аказаная неабходная дапамога. І гэта ваеннае злачынства Расіі абавязкова атрымае свой прысуд. А адказ расійскім тэрарыстам будзе на перадавой — дзякуючы нашым гераічным воінам», — адзначыў ён.
Аднаго чалавека здолелі рэанімаваць
У выніку абстрэлу Запарожжа загінулі два чалавекі, Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка позна ўвечары ўдакладніў, што ў выніку абстрэлу Запарожжа загінулі два чалавекі:
"Першапачаткова інфармацыя была пра трох загінулых. На шчасце, аднаго чалавека ўдалося рэанімаваць", — напісаў ён. Міністр дадаў, што параненыя сем чалавек.
Як паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, паводле папярэдніх даных, удар быў нанесены ракетай "Іскандэр".