Рост заробкаў можа працягнуцца яшчэ месяц-другі, аднак потым пазітыву паменшыцца
Згодна з Белстатам, у траўні намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў склала 1861 рубель. Гэта адразу на 65 рублёў вышэй, чым у красавіку. Пры гэтым да траўня мінулага года рост заробкаў у рэальным выражэнні склаў цэлых 14,2%. Апошні раз такія высокія тэмпы росту рэальнага заробку ў Беларусі назіраліся толькі ў канцы 2017 — пачатку 2018 гадоў.
Аптымізму ўраду дадае таксама тое, што сярэдні заробак у доларах у траўні склаў $643, што адразу на $22 больш, чым годам раней. Нягледзячы на тое, што падаткі і рост курсу робяць такі пералік месяц да месяца ўсё менш уражлівым, такія валютныя заробкі для Беларусі ўсё яшчэ з'яўляюцца высокімі, піша «Кошт Урада».
На карысць высокіх заробкаў цяпер грае адразу некалькі фактараў: нізкая інфляцыя і ўмераная дэвальвацыя. Аднак па меры вычарпання станоўчага ўплыву гэтых фактараў рэальныя зарплаты будуць зніжацца.
Пра перспектывы росту цэн у Беларусі ў другой палове года гавораць усе буйныя міжнародныя арганізацыі, як і пра рост курсаў валют.
Яшчэ некалькі цікавых назіранняў: у траўні 2023 года працягнуўся рост рэальных заробкаў у сталіцы. Месяцам раней тут спынілася трынаццацімесячнае падзенне ў аплаце працы. У красавіку 2023 года Мінскія заробкі нарэшце прадэманстравалі рэальны рост на 4,5% у гадавым вылічэнні, у траўні рост склаў ужо 10,2%.
Па іншых рэгіёнах сітуацыя выглядае яшчэ больш пазітыўна. У траўні гэтага года (у параўнанні з траўнем мінулага) у Віцебскай і Мінскай абласцях заробкі выраслі на 15,3%. Рост звыш 16% Белстат зафіксаваў у Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях.
У намінальным выражэнні максімальныя заробкі традыцыйна ў сталіцы (2,5 тыс рублёў). Па абласцях яны знаходзяцца ў межах ад паказчыка Магілёўскай вобласці (1,5 тыс.) да Мінскай (1,9 тыс). Такім чынам, вышэй за сярэдні па краіне заробкі адзначаны толькі ў сталіцы і сталічнай вобласці.
У намінальным выражэнні самыя высокія заробкі ў траўні па-ранейшаму ў сферы высокіх тэхналогій (6,5 тысяч рублёў). За імі, сярод ключавых сфер, ідуць фінансісты (2,8 тысяч). Прамысловасць, нарэшце, дасягнула дзвюх тысяч рублёў, і ў маі да яе далучылася сфера будаўніцтва. У транспарце сярэдняя заработная плата перавысіла 1,9 тысяч.
У сферах гандлю і аховы здароўя сярэднія заробкі перавысілі 1,6 тысяч рублёў. А замыкаюць рэйтынг традыцыйна сельская гаспадарка (1,5 тысяч) і адукацыя (1,3 тысяч).
У адносінах да траўня мінулага года аплата працы з улікам папраўкі на інфляцыю вырасла ва ўсіх ключавых сферах. Мацней за ўсё заробкі выраслі ў будаўніцтве (+24,3%), транспарце (+19,8%) і сельскай гаспадарцы (+18,5%). Крыху менш, але ўсё роўна прыкметна, у прамысловасці (+17,7%), ахове здароўя (+16,9%). На гэтым фоне толькі сфера IT ідзе не ў нагу. Тут травеньскія заробкі апынуліся толькі на 3,5% вышэй за леташнія.
З улікам макраэканамічных тэндэнцый можна чакаць, што рост заробкаў працягнецца яшчэ месяц-другі. Аднак па меры паскарэння тэмпаў росту коштаў пазітыўнага настрою ў заработных плат паменшыцца.
Акрамя таго, нельга скідаць з рахункаў вельмі далікатную карціну развіцця эканомікі не толькі Беларусі, але і ўсяго рэгіёна. Цяпер любыя нечаканыя фактары могуць вельмі хваравіта і даволі рэзка адбіцца на стане эканомікі Беларусі і заробках беларусаў.