«Гэта не Прыгожын, гэта надоўга». Чаму падаражэў долар у Беларусі

На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 26 чэрвеня долар перавысіў, як кажуць, «псіхалагічна важную» планку ў тры беларускія рублі за адзінку амерыканскай валюты. А расійскі рубель патаннеў на 0,5% — да 3,5475 рубля за 100 расійскіх рублёў. Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што Прыгожын тут ні пры чым.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

— Долар даражэе менавіта на фоне таго, што таннее расійскі рубель, — сказаў Леў Марголін у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Прычым перш за ўсё ён таннее ў сябе ў краіне, гэта значыць долар расце да расійскага рубля на таргах расійскай біржы.

А ў нас ёсць два істотныя, злучаныя між сабой фактары: першы — расійскі рубель займае ў нас лідзіруючае месца ў валютным кошыку, другі —асноўны экспарт у нас цяпер прыпадае на Расію.

Таму цяпер сітуацыя такая, што, як гаворыцца, у Расіі чхнуць, а ў нас ужо стан, блізкі да нябожчыка.

Я думаю, што, улічваючы дастаткова пісьменныя дзеянні Нацыянальнага банка, мы можам чакаць плаўнае паслабленне беларускага рубля ўслед за расійскім да канца года як мінімум. Наўрад ці будуць нейкія непрадбачаныя абставіны: ні дрэнных, ні добрых не чакаецца.

Пры гэтым Марголін адзначае, што ў суботу, 24 чэрвеня, на фоне бунту ў Расіі можна было чакаць калапс расійскага рубля, калі б Яўгену Прыгожыну ўдалося захапіць Маскву. Але паколькі гэтага не здарылася, працягваюць дзейнічаць доўгатэрміновыя фактары ў выглядзе санкцый, пераводу расійскай эканомікі на ваенныя рэйкі і іншае.

— Таму гэта сітуацыя не звязана з мяцяжом у Расіі. Магчыма, ён толькі яе ледзь-ледзь паскорыў. Калі мы ўбачым, што будзе невялікі адскок назад, тады можам выказаць здагадку, што гэта быў эмацыйны фактар.

Але я думаю, што справа тут усё ж такі не ў ім, а ў агульнай сітуацыі.