ВУП Беларусі: стаіць, нават калі «расце»

У ВУП Беларусі былі перыяды росту, былі перыяды спаду, аднак, па вялікім рахунку, нашая эканоміка вось ужо дзесяцігоддзе банальна топчацца на месцы. Цэлае дзесяцігоддзе мы толькі «адыгрываем падзенні». 

_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» разглядае дынаміку валавога ўнутранага прадукту Беларусі больш дэталёва — без фокусу на апошніх зменах, а ў доўгім трэндзе. У новым аглядзе сфакусаваліся на форме разліку велічыні нацыянальнай эканомікі.

Калі паглядзець на дынаміку ВУП Беларусі з 2000 года ў доларах ЗША і беларускіх рублях, то можна заўважыць як шэраг агульных рыс, так і істотныя адрозненні. Так, відавочна, што праз інфляцыйныя працэсы рост у рублях значна вышэйшы за рост паказчыка ў замежнай валюце. Долар ЗША, хоць і схільны абясцэненню, але не так моцна, як беларускі рубель. Аднак абодва паказчыкі на доўгім часовым адрэзку паказваюць рост.

За апошнія два дзясяткі гадоў беларуская эканоміка сапраўды адчувальна павялічылася. Аднак калі рост першага дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя быў упэўнены і спрытны, то наступныя дзесяць гадоў, што асабліва прыкметна па дынаміцы ВУП у валюце, характарызаваліся рэгулярнымі рэзкімі спадамі.

Прычына ўсяму банальная — падтрымка з боку Расіі і рост яе эканомікі ў нулявых. Пасля таго як дапамога аказалася абмежаванай, а рост асноўнага гандлёвага партнёра стаў прабуксоўваць, цяжкія гады надышлі і для Беларусі.

Калі паглядзець на тое, як расла і падала эканоміка Беларусі ў апошнія дзесяць гадоў, можна ўбачыць цікавую карціну. Па сутнасці, эканоміка вось ужо дзесяцігоддзе топчацца на месцы. Па выніках 2022 года яе рэальны памер у рублях быў ніжэйшы, чым у 2013 годзе, на 0,9%! У доларавым выражэнні сітуацыя будзе яшчэ горшай. Калі ў 2013 ВУП Беларусі складаў $75,5 млрд, то ў 2022 годзе — усяго $72,8, гэта значыць на 3,6% менш.

vvp4.jpg

Да гэтага трэба дадаць, што з 2013 па 2022 год амерыканская валюта сама страціла каля чвэрці сваёй пакупніцкай здольнасці з-за інфляцыі.

Акрамя стагнацыі беларускага ВУП як такога, блізкія да нуля рэальныя тэмпы росту зніжаюць адносную канкурэнтаздольнасць краіны. Бо большасць эканомік свету расце значна хутчэй. Праз гэта доля беларускай эканомікі ў глабальным ВУП цяпер ніжэйшая, чым дзесяць гадоў таму. І без прыняцця кардынальных мер нават гэтая сціплая велічыня мае вялікія шанцы на зніжэнне.