Індэкс агурка. Рост цэн, дадзены нам у адчуваннях
«Цэны павышаць за-ба-ро-не-на!» — грукаў па стале Лукашэнка 10 месяцаў таму. І цяпер урад і Нацбанк шчасліва рапартуюць: інфляцыя ў краіне знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні ў 2,7%. Аднак вось дзіва — ні «забароны росту цэн», ні «рэкордна нізкай інфляцыі» мы чамусьці не бачым у крамах.
Год таму (дакладней — 13 месяцаў) мы падавалі рэцэпт смачных салёных агуркоў на тое, каб закусіць імі на Новы год. Рэцэпт нікуды не знік. А вось паглядзець, як змяніліся кошты за гэтыя 13 месяцаў, ён дазваляе. Ну і, канечне, зрабіць яшчэ такую ж «закатачку» на Новы год.
Паглядзім, што змянілася на сёння.
Агуркі і часнык
Зразумела, першае, што нам патрэбнае для прыгатавання — гэта агуркі. У мінулым годзе, паглядзеўшы па крамах, мы вызначылі, што кошт кілаграму зялёных і пупыркавых вагаўся ад 1.30 да 1.70 рублёў. Сёння разбежка не такая вялікая, але ёсць адно істотнае адрозненне ў параўнанні з мінулым годам. Цяпер мы не можам паглядзець тавары на сайце крамы «Віталюр», бо «Віталюр» за год збанкрутаваў. І гэта, канечне, дадае, кажучы сацыялагічнай мовай, «нерэлевантнасці» ў наш агурковы індэкс. Затое крышачку дае ўяўленне пра тое, што ўмовы для вядзення бізнесу ў Беларусі лепей, канечне, не сталі.
Такім чынам, праз «Е-дастаўку» мы можам набыць агурочкі па 2 рублі 39 капеек за кілаграм. У «Суседзях» будзе крыху даражэй — 2.62 за кіло. Дзіўна, што ў «Алмі» на момант падрыхтоўкі матэрыялу свежых агуркоў у продажы не было ўвогуле.
Узяўшы на ўзбраенне калькулятар і мінімальны кошт агуркоў у «Еўраопце», мы бачым, што за год нашы зялёныя і ў будучым хрусткія падаражэлі на 40% па верхняй планцы (ад 1.70) і на 80% па ніжняй (ад 1.30).
І гэта пры тым, што агурок — гародніна сезонная, сезон вось толькі-толькі сышоў, і, па ідэі, іх у нас павінна быць заваліся — айчынных і танных. Тым не менш мы робім выснову, што:
Сярэдняя інфляцыя за год у агурках — 60%.
Кошты на часнык мы тады не пазначылі, але цяпер (на будучыню) заўважым: у тым жа «Еўраопце» ён толькі кітайскі па 8.99 рублёў за кілаграм, а ў «Алмі» — проста «імпартны» па 12.99 за той жа кілаграм.
«Герасімаў, Шайгу, дзе снарады?» — крычаў Прыгожын. «Лукашэнка, Галоўчанка, дзе часнык?» — заенчым мы, бо цяпер для свежага часныку — самы сезон.
Соль
На соль мы таксама коштаў не пазначалі, таму што яе — патрэбнай нам, першага-другога гатунку і буйнога памолу — проста не было: вайна ва Украіне адрэзала ад нас пастаўкі «Арцёмсолі». Але цяпер і «імпартазамяшчэнне» спрацоўвае, і санкцыі мы неяк навучыліся абыходзіць (калі верыць нашаму ўраду, канечне).
Цяпер мы з настальгіяй узгадваем тую самую ўкраінскую «Арцёмсоль», і вымушаныя карыстацца расійскім заменнікам — «Соль Ілецкая», якая, як напісана на пакунку, «падыходзіць для ўсіх відаў кансервавання». Каштуе яна ў крамах 1.06 — 1.12 рублёў за пакунак.
Альбо можна абысціся соллю каменнай першага гатунку ад «Беларуськалію» — ад 0.36, да 0.49 рублёў за пакунак. У наступным годзе паглядзім, што змянілася.
Цукар
З цукрам у нас па-ранейшаму ўсё ў парадку. Як і заўважалася ў мінулым годзе, кошты на яго даўно і шчыльна рэгулююцца дзяржавай, і цукровыя заводы нашы нікуды не падзеліся. Цяпер як слуцкі, так і гарадзейскі цукар у крамах па адным кошце — 2 рублі 69 капеек.
Але нельга сказаць, што за год ён не падаражэў. Рост склаў 20 капеек у параўнанні з мінуўшчынай, што, адпаведна, складае 8% інфляцыі. Але, магчыма, што гэта не толькі дзякуючы рэгуляванню коштаў. Нагадаем, у мінулым годзе ад пачатку да ліпеня ён скочыў у цане ажно на 49%. Можа быць, гэты прадукт проста вычарпаў сваю «столь росту» менавіта тады.
Спецыі і воцат
Перац чорны (гарошкам) год таму каштаваў ад 1 рубля (0,99 капеек) у «Е-дастаўцы», і гэта быў мінімальны кошт на яго. Цяпер мінімальны кошт у той жа дастаўцы — 1.35. Можна набыць і «больш круты» за 1.59, і вышэй. Але возьмем кошт мінімальны і заўважым, што ён падаражэў роўненька на 35%.
Перац духмяны гарошкам мы тады не знайшлі ў «Суседзях» і «Гіпа». Цяпер яго ў крамах багата. На любы аб’ём, густ і цэннік. У «Алмі» мы знайшлі самы танны — па 2.79. Больш разнастайныя — па 3.89, па 4.29…
А ў «Е-дастаўцы» духмяны перчык ад 3.09 да 3.69.
У мінулым годзе мы згадвалі пра яго кошт — 2.49. Калі браць па «ніжнім парогу», то ён падаражэў усяго на 12%. Але, калі ўзяць сярэдні кошт, то гэта будзе прыкладна тыя самыя 3.69 «Еўраопта».
І тады акажацца, што інфляцыя ў духмяным перцы складае 50%.
Але ўжо ад каго мы не чакалі такога выбрыку, дык гэта ад воцату. Простага беларускага 9%-нага воцату, які каштаваў па ніжняй планцы 1.40 рублёў. Цяпер літровая бутэлька самага звычайнага спіртавога харчовага воцату ААТ «Слуцкі воцатны завод» каштуе 2.17 у «Еўраопце» і 2.24 у «Алмі».
Гэта азначае, што інфляцыя ў воцаце склала 55-60%.
Хто там сказаў, што цэны павышаць забараняецца?
Сярэдні налічаны заробак
Канечне, паказанні коштаў, «дадзеныя нам у адчуваннях», могуць быць, нібыта, не такімі ўжо і крытычнымі. Нам могуць сказаць, што інфляцыя — працэс натуральны (і гэта праўда), і яна кампенсуецца ростам заробкаў, які ў нас цяпер дасягнуў найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню.
Ну, давайце паглядзім на сярэдні налічаны заробак. У мінулым ліпені (бярэм мінулы ліпень, таму што за жнівень грошы, зазвычай, атрымліваюць у верасні) сярэдні налічаны заробак склаў роўненька 1644 рублі.
Даных па заробку за ліпень гэтага года яшчэ няма, але ў чэрвені сёлета, згодна з Белстатам, сярэдні налічаны заробак склаў 1927.1 рубля.
Такім чынам, узяўшы той жа калькулятар, мы атрымліваем, што сярэдні налічаны заробак з ліпеня 2022-га па чэрвень 2023-га павялічыўся аж на 17%. І, такім чынам, перабіў інфляцыйны паказчык толькі «сацыяльна значнага» цукру ды духмяны перац, узяты «па мінімуме». У астатнім рост заробкаў:
Удвая ніжэй, чым рост цэн на перац чорным гарошкам, утрая ніжэй, чым рост цэн на сезонныя агуркі, «сярэдні» перац духмяны гарошкам і воцат. Воцат, блін!
Што тут можна ўзгадаць? Толькі стары савецкі анекдот, калі ў ідэолага (кажучы сучаснай моваю) запыталіся, чаму ў краіне няма мяса. Ён адказаў, што «мы ідзем да камунізму сямімільнымі крокамі, худоба за намі не паспявае».
Так і мы — ідзем да мінімальнай інфляцыі і максімальнага заробку. Але цэны, якія забаронена павышаць, гэтага проста не заўважаюць.