Індэкс агурка. Чым мы закусім гарэлачку на Новы год?
Гаспадыні і гаспадары менавіта ў гэты час робяць закаткі на зіму. Але цяпер з гэтым узнікаюць вельмі неспадзяваныя складанасці.
Рэцэпт хрусткіх агуркоў у мяне вельмі нескладаны — замарочвацца з ім асабліва не трэба, дый часу на тое, каб зрабіць на зіму некалькі слоікаў агуркоў, патрабуецца не вельмі шмат.
У рэцэпце разлік солі, цукру, воцатнай кіслаты 70% ідзе на трохлітровы слоік (гэта дзесьці на 1,5 літры вады), або на тры літровыя слоікі, або прыкладна на 2 кг кароткаплодных агуркоў.
Такім чынам, для таго, каб на Новы год смачна закусіць гарэлачку, нам спатрэбяцца:
Соль — 2 сталовыя лыжкі.
Цукар — 2 сталовыя лыжкі.
Воцатная эсэнцыя — 2 гарбатныя лыжкі.
Спецыі — па гусце.
Агуркі трэба вымыць, зрэзаць «попкі», замачыць на 3-4 гадзіны ў халоднай вадзе. На дно стэрылізаваных слоікаў пакласці лісце вішні, парэчкі, галінку кропу з парасонам і спецыі па маленькай жменьцы. У мяне гэта — перац чорны гарошкам, перац духмяны гарошкам, каляндра, гарчыца, 3-4 зубчыкі часныку.
Трэба запоўніць слоікі агуркамі і заліць кіпенем на 2 хвіліны (літровы слоік), ці 5 хвілін (на тры літры). Потым ваду з слоікаў выліць у рондаль, дадаць соль, цукар, закіпяціць і дадаць воцатную кіслату. Я дадаю 1 дэсертную лыжку воцату, або 2 чайныя. Гэтым расолам заліваем агуркі, закатваем стэрылізаванымі накрыўкамі і пераварочваем да поўнага ахалоджвання банак.
А цяпер паглядзім, што ёсць у нас у крамах з нашых інгрэдыентаў.
Агурок і часнык
Будзем лічыць, што агуркі і часнык вы вырасцілі самі, на градцы — гэта самы прыемны варыянт. Але, калі гэта не так, усё роўна ёсць падстава для радасці: па дадзеных сакавік агуркі і часнык увайшлі ў тройку (не ў «ТОП-тройку», а проста ў тройку! Іх усяго тры!) прадуктаў, якія патаннелі ў параўнанні са снежнем мінулага года. Агуркі скінулі ў цане аж 62,6%. Часнык патаннеў сціпленька — на 2,9%, але ж патаннеў!
Такім чынам, у крамах кароткаплодныя «пупырышкі» каштуюць ад 1.30 да 1.70 рубля за кілаграм.
Соль
Гаспадыні і гаспадары ведаюць, што для кансервацыі патрэбная «буйная соль». Тут мы трошкі патлумачым: па якасці соль бывае «экстра», вышэйшага, першага і другога гатункаў. Вызначальнай прыкметай з'яўляюцца дэталі хімічнага складу, лімітавае ўтрыманне вільгаці і памер часціц.
Пры гэтым соль першага і другога гатунку найбольш блізкая па складзе да прыроднай, таму некаторыя спецыялісты лічаць яе найбольш карыснай.
І праблема ў тым, што «соль буйнога памолу», то-бок першага і другога гатункаў, у нас пастаўлялася з Украіны. Цяпер, з-за нападу Расіі на Украіну, да якога здуру далучылася Беларусь, буйная соль у беларускіх крамах проста знікла. Прынамсі, сэрвіс «Яндэкс.Ежа» паказвае яе адсутнасць у гандлёвых сетках як «Суседзі», «Гіпа», «Віталюр». «Е-дастаўка» таксама не паказвае наяўнасць такой солі ў «Еўраопце».
Даўно не бачылі такой солі ў Гомелі, не заўважалі яе і ў Мінску. А агульнадаступная «экстра» — гэта зусім не тое, што нам патрабуецца для закаткі агуркоў.
Цукар
З цукрам у нас усё ў парадку (быццам бы), таму што ў нас цукровых заводаў вельмі шмат, цана на гэты прадукт даўно і шчыльна рэгулюецца дзяржавай, і за кілаграм цукру просяць 2,49 — 2,59 рубля. У параўнанні са снежнем мінулага года ён стаў даражэй напалову — на 49%.
Праўда, днямі ў Брэсцкай вобласці ўзнікла паніка з-за чутак, што цукар падаражэе да 4,5 рублёў за кілаграм, і людзі кінуліся ажыятажна яго скупляць. Белдзяржхарчпрам і МАРГ выступілі нават з адмысловымі супакаеннямі, што цукру хапае, а падняцце цаны на яго нават не абмяркоўваецца. Але пасля такіх словаў становіцца яшчэ больш трывожна — усе мы ведаем, як словы чыноўнікаў суадносяцца са справамі.
Але цукар, хоць і ўзрос у цане, але хаця бы ёсць.
Спецыі
Перац чорны (гарошкам) каштуе ад 1 рубля (0,99 капеек у «Е-дастаўцы», калі быць дакладным). У сэрвісе «Яндэкс.Ежа» 20 грам чорнага перцу гарошкам у «Віталюры» каштуе 3 рублі (!), а духмяны — 2,49.
І гэта яшчэ нармальна, таму што ў «Суседзях» і «Гіпа» перац нам паказалі толькі молаты.
Таксама «Е-дастаўка» паказала, што ў Еўраопце ёсць насенне гарчыцы і каляндра — у сярэднім ад рубля да паўтара. А вось «Яндэкс.Ежа» цалкам праігнаравала такія тавары ў «Суседзях», «Гіпа», «Віталюры». Ці то гэта зноў дэфіцыт, ці то праз Інтэрнэт такое не заказваюць, але ў іх гарчыца была выключна ў выглядзе гатовага прадукту.
Воцат таксама ёсць усюды — ад 1,40 да 2,65 рублёў.
Ну а лісце вішні, парэчкі, роўна як і кроп, звычайна растуць разам з агуркамі.
Такім чынам, для таго, каб паставіць на зіму хрумсткія агурочкі, нам не хапае аднаго, але вельмі важнага інгрэдыенту — буйной солі. І гэта наўпроставы вынік таго, што Беларусь улезла ў вайну з Расіяй.
P.S. Уважлівы чытач заўважыць, што вышэйпрыведзены рэцэпт агуркоў можна лічыць «антыкрызісным», бо соль дадаецца не непасрэдна ў слоік, а ў расол. Але ўсё ж я ніколі не рабіла такія агуркі з «дробнай соллю». І таму не скажу стоадсоткава, як яны будуць стаяць, і ці не «выбухнуць» нашыя агуркі раней часу.