«Гэта ж дэфіцыт». На Kufar прадаюць украінскую соль па 50 рублёў за паўтара кілаграма
Аб'явы аб продажы солі легендарнага ўкраінскага завода «Артемсоль», які з-за расійскага ўварвання спыніў працу, з'явіліся на сайце прыватных аб'яваў Kufar.by. Кошт пачынаецца ад 40 рублёў за кілаграмовы пачак.

Па стане на 19 ліпеня на сайце было чатыры аб'явы аб продажы
ўкраінскай солі. За кілаграмовы пачак прасілі 40 рублёў, за ўпакоўку ў паўтара
кілаграма — 50 рублёў. Дзве аб'явы размясцілі прадаўцы з Гомельскай вобласці, па
адным — з Мінска і Гродна.
«НН» звязалася з некаторымі прадаўцамі. Яны
патлумачылі, што такую цану ўсталявалі на свой тавар з-за абмежаванай прапановы.
— Гэта проста дэфіцыт, у нас такой солі няма. А па 1,5
кілаграма тым больш, — патлумачыў адзін з суразмоўцаў.
Журналісты выдання прапанавалі скінуць кошт да 10 рублёў за
ўпакоўку. Адзін прадавец адмовіўся, другі пагадзіўся, але толькі таму, што
застаўся апошні пачак.
— Астатняе хутка разабралі, было 12 пачкаў, — распавёў аўтар адной з аб'яваў.
Іншы прадавец ўкраінскай солі распавёў, што выклаў аб'яву ў
тры гадзіны ночы, а ўжо на 11.00 наступнага дня ў яго засталося 9 пачкаў з 15.
Соль у яго куплялі па заяўленай цане — 50 рублёў за 1,5 кг.
Пры гэтым кілаграм беларускай солі ад «Мазырсоль» каштуе ад 50
да 70 капеек. Салігорскую каменную соль першага памола ў «Е-дастаўцы» можна
купіць за 29 капеек.
Нагадаем, найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і
рэалізацыі паваранай солі «Артемсоль» знаходзіцца ў горадзе Саледар, Данецкай
вобласці Украіны. Падчас расійскага ўварвання завод спыніў працу для бяспекі
персаналу. Пасля гэтага пастаўкі ўкраінскай солі ў Беларусь спыніліся.