«Віталюр» — усё. Гандлёвая сетка афіцыйна абвясціла аб закрыцці
Сетка крамаў «Віталюр» паведаміла, што 21 лютага быў апошні дзень яе працы.
«Гэта была па-сапраўднаму хвалюючая гісторыя: узлёты, падзенні, новыя адкрыцці... Пачынаючы з аднаго невялікага гандлёвага павільёна, за 27 гадоў «Віталюр» вырас у адну з найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі, стаўшы лідарам у многіх галінах і прыкладам для іншых. ... Ведаем, нялёгка развітвацца. Але мы верым — наперадзе ў нас яшчэ шмат добрага! Да пабачэння!» — паведамляе кампанія ў сацсетках.
Кампанія Аляксандра Яцука, названая ў гонар сыноў Віталя і Юрыя, якія працуюць разам з бацькам, налічвае амаль 100 гандлёвых аб'ектаў у 14 гарадах Беларусі. У іх працуюць каля сямі тысяч чалавек. Акрамя рытэйлу, кампанія займае адно з вядучых месцаў як імпарцёр рыбы, а таксама садавіны і гародніны. У мінулым годзе яна пачала адкрываць алкамаркеты «Нявінны», цяпер іх налічваецца каля васьмі.
Бізнес Яцука пачынаўся з аптовых паставак рыбы і морапрадуктаў у беларускія крамы, але ў нейкі момант Яцук вырашыў зайсці і ў розніцу. Яцукі маюць пазітыўную рэпутацыю ў асяроддзі беларускага бізнесу як людзі, якія «зрабілі сябе самі» і не былі заўважаны ў карупцыйных схематозах.
Асноўная праблема 27-гадовай кампаніі ў тым, што «Віталюр» узяў празмерна амбітны стратэгічны курс на адмову ад арэнды памяшканняў для сваіх крамаў і пабудову ўласных плошчаў.
«Віталюр» разгарнуў вялізнае будаўніцтва, але здарыўся 2020-ты, рэпрэсіі, напад на Украіну і санкцыі ў адказ. У выніку банкі скарацілі фінансаванне будоўляў.
Для працягу будаўніцтва «Віталюр» пачаў карыстацца схемай свайго роду кароткага самакрэдытавання, затрымліваючы плацяжы пастаўшчыкам. Зрабіць усё «прыгожа» не атрымалася, і праблемы сталі нарастаць, як снежны ком.
Дайшло да неплацяжоў: да прыкладу, у лістападзе 2022-га пастаўшчыкі падалі заявы на спагнанне з «Віталюра» праз суд 4,8 млн рублёў, у снежні (па стане на 15.12) — 1,5 млн рублёў.
Дакладнай справаздачнасці «Віталюра» за 2022-гі ў доступе яшчэ няма, але і 2020-ты, і 2021 год сетка спрацоўвала ў мінус — 19,7 і 14,9 млн рублёў адпаведна.
Ад абазнаных суразмоўцаў стала вядома, што ў структуры доўгу кампаніі цяпер пераважаюць кароткія даўгі — каля 90%. Прыкладна такі ж працэнт быў і ў 2021-м (на суму 376 млн рублёў).
Пры гэтым у кампаніі было даволі шмат даўгоў: 158 млн кароткатэрміновых крэдытаў і пазык і амаль 30 млн — доўгатэрміновых.
«Гэта чортава кола: канфлікты з пастаўшчыкамі вядуць да зніжэння асартыменту, што вядзе да зніжэння прыбытку на наменклатуры тавараў, што кепска адбіваецца на прывабнасці сеткі для пакупнікоў, што вядзе да наступнага пагаршэння плацежаздольнасці, што вядзе да зніжэння асартыменту, што вядзе… І асабліва кепска на стан спраў сеткі паўплываў указ аб гэтак званых "справядлівых цэнах"», — кажуць знаёмыя з сітуацыяй у сетцы.
Каб пагасіць запазычанасці перад пастаўшчыкамі, кіраўніцтва сеткі «Віталюр» пайшло на здзелку з «Санта Рытэйл». Цяпер былыя крамы «Віталюр» будуць працаваць пад кіраваннем «Санта Рытэйл».