«Віталюр» — усё? Рытэйлер заявіў аб здачы сваіх крам у арэнду канкурэнту
Кампанія «Віталюр» мае намер перадаць у арэнду ўсе свае гандлёвыя аб'екты сетцы «Санта Рытэйл».
На сёння патэнцыйная дамоўленасць мае «высокі статус гатоўнасці», заявіў гендырэктар «Віталюра» Аляксандр Калеснікаў, піша «Л*стэрка». Як паведамляецца, здзелка прадугледжвае продаж абсталявання і рэшткаў тавару. Завяршыць пачатае плануецца да канца студзеня.
— Паміж ТДА «Віталюр» і ТАА «Санта Рытэйл» дасягнута
пагадненне па заключэнні здзелкі, якая прадугледжвае перадачу ў арэнду ўсіх
гандлёвых аб'ектаў сеткі «Віталюр». Мэтай і ўмовай здзелкі з'яўляецца поўнае
пагашэнне дэбіторскай запазычанасці перад пастаўшчыкамі. На сённяшні дзень мы
маем высокі статус гатоўнасці здзелкі, — заявіў гендырэктар «Віталюра»
Аляксандр Калеснікаў. — Узгоднены ключавыя параметры, у тым ліку аб'ём плошчаў,
якія перадаюцца ў арэнду. Гэта 84 гандлёвыя аб'екты. Хачу падкрэсліць, што мы
не плануем ніякіх рэарганізацыйных рухаў. У рамках бягучай здзелкі юрыдычныя
асобы аб'ектаў нерухомасці, якія перадаюцца ў арэнду, застануцца ранейшымі.
Ніякіх іншых суб'ектаў гаспадарання, каб пазбегнуць патрабаванняў па запазычанасці,
стварацца не будзе. Тым больш не разглядаюцца ніякія пытанні, звязаныя з
ліквідацыяй альбо банкруцтвам.
Паведамляецца, што фактычна здзелка складзена, але патрабуе
часу на юрыдычнае афармленне дамоўленасцей.
Гендырэктар «Санта Рытэйл» Аляксандр Чуйко пацвердзіў,
што здзелка павінна адбыцца ў самыя кароткія тэрміны. Здзелка прадугледжвае для
пакрыцця доўгу продаж абсталявання ўнутры гандлёвых аб'ектаў. Паведамляецца,
што гэта прыкладна дзве траціны агульнага доўгу кампаніі. Чакаецца таксама
продаж рэшткаў тавару. Завяршыць усё плануецца да канца студзеня.
Таксама паведамляецца, што разглядаецца магчымасць уступкі па даўгах, але з 1 студзеня па пастанове ўрада любыя падобныя аперацыі
забаронены. Таму кіраўнікі кампаній звярнуліся ў МАРТ, Мінгарвыканкам і КДК
з просьбай аб дапамозе — афіцыйны дазвол спрасціў задачу ліквідацыі
запазычанасцей перад пастаўшчыкамі.
У «Віталюра» ёсць пратэрмінаваная запазычанасць
перад пастаўшчыкамі, якія спрабуюць праз суд спагнаць грошы.
— Да канца наступнага тыдня мы зразумеем фінальную
канструкцыю здзелкі. У залежнасці ад гэтага па ўсіх пастаўшчыках будзе
складзены графік пагашэння бягучай і пратэрмінаванай запазычанасці. Рух і
закрыццё даўгоў перад пастаўшчыкамі будзе адбывацца пад кантролем кампаніі
«Санта Рытэйл». Два тыдні таму мы таксама дасягнулі ключавых дамоўленасцей са
сваімі банкамі-крэдыторамі, — паведаміў Аляксандр Калеснікаў. — Падпісаны
Пратакол на ўзроўні старшынь праўлення ўсіх банкаў, якія ўваходзяць у склад
крэдытнага партфеля кампаніі «Віталюр».
Інфармацыю аб пераходзе гандлёвых плошчаў «Віталюра» да «Санты» пацвердзілі таксама некалькі работнікаў гэтай сеткі.
У 2019-2020 гадах «Віталюр» адкрыў 30 новых гандлёвых
аб'ектаў і на 60% павялічыў тавараабарот. У 2021-м планавалася адкрыць яшчэ 10
крам, а таксама новую вытворчасць па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў.
Кампанія Аляксандра Яцука, названая ў гонар сыноў Віталя і
Юрыя, якія працуюць разам з бацькам, налічвае амаль 100 гандлёвых аб'ектаў у 14
гарадах Беларусі. У іх працуюць каля сямі тысяч чалавек. Акрамя рытэйлу, кампанія
займае адно з вядучых месцаў як імпарцёр рыбы, а таксама садавіны і гародніны.
У мінулым годзе яна пачала адкрываць алкамаркеты «Нявінны», цяпер іх
налічваецца каля васьмі.
Пашырэнне бізнесу, відавочна, патрабуе інвестыцый. Нярэдка
бізнес выкарыстоўвае для гэтага крэдытныя рэсурсы. Мяркуючы па ўсім, менавіта з
развіццём бізнесу звязана акумуляванне даўгоў, адлюстраванае ў леташняй фінансавай
справаздачы кампаніі.
У гэтым годзе кампанія працягнула пашырацца і развівацца. У
сакавіку адкрыўся супермаркет побач з паркам Чалюскінцаў у Мінску. З'явілася
дастаўка прадуктаў, у крамах усталёўваюць касы самаабслугоўвання.
У той жа час, калі паглядзець справаздачнасць кампаніі за
мінулы год, то гандлёвая сетка завяршыла яго з чыстым прыбыткам у 4 млн рублёў
пасля 25 млн страт у 2020-м. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі па выніках 2021
года склала 978 млн рублёў.
Пры гэтым у кампаніі было даволі шмат даўгоў: 158 млн кароткатэрміновых крэдытаў і пазык і амаль 30 млн — доўгатэрміновых. А кароткатэрміновая крэдыторская запазычанасць, то-бок абавязацельствы перад іншымі кампаніямі, на той момант складала 190 млн рублёў.