«Падзенне нашай эканомікі можа быць вельмі балючым». Аснова знешняга гандлю Беларусі — «шэрыя схемы»
2022 год цалкам перафарматаваў беларускі знешні гандаль. Калі раней у эканоміцы хоць і прысутнічалі «шэрыя схемы», яны з'яўляліся хутчэй непрыемным выключэннем з правілаў, то цяпер шэры рынак няўмольна становіцца «нормай», без якой сённяшняй сістэме проста немагчыма выжыць.
Такую выснову робіць эканамічны тэлеграм-канал «Нашы грошы», аналізуючы гадавыя даныя па знешнім гандлі Беларусі, якія апублікаваў надоечы Белстат.
Важна адзначыць, што даных нам падаюць усё менш, яны няпоўныя і не дазваляюць рабіць адназначных высноў па кожным канкрэтным кірунку экспарту і імпарту, як раней. Таксама няма даных з разбіўкай па краінах: часцей за ўсё нават няма Расіі, а ёсць СНД, і няма Еўрасаюза, але ёсць увесь свет па-за СНД.
Сёння мы абмяркоўваем толькі даныя па вартасным выражэнні экспарту і імпарту тавараў. Пры гэтым маем на ўвазе, што ў першую чаргу атрымальнікам тавараў і іх прадаўцом у краінах СНД з'яўляецца менавіта Расія.
Вывучым верхні графік. Мяркуючы па ім, сітуацыя складваецца наступным чынам: пасля спаду ў сакавіку паказчыкі пачалі падрастаць і да снежня фактычна наблізіліся да паказчыкаў таго ж перыяду 2021 года — як у экспарце, так і ў імпарце. Але мы ж памятаем, што д'ябал крыецца ў дробязях, таму давайце паглядзім на паказчыкі больш уважліва.
Калі мы разгледзім, як гэты вынік складваецца ў разрэзе рынкаў СНД (лічы — Расіі) і па-за Расіяй, то ўбачым трохі іншую карціну.
У СНД першыя два месяцы была «прыгажосць». Паказчыкі мала чым адрозніваліся ад папярэдніх гадоў. Але з сакавіка пачаўся сапраўдны «трэш»: відавочна, што адбылося поўнае парушэнне лагістычных і вытворчых ланцужкоў, у выніку чаго імпарт і экспарт паміж Беларуссю і СНД упалі больш чым на 20%. Каб хоць неяк аднавіцца, спатрэбілася тры месяцы — да чэрвеня беларускі экспарт змог павялічыцца і працягнуў утрымліваць пазіцыі да снежня.
А вось імпарт тавараў стаў адчувальна ніжэйшым. Мяркуючы па ўсім, на гэта паўплывала тое, што Беларусь перастала закупляць дадатковыя аб'ёмы нафтапрадуктаў, якія раней перапрацоўвала і прадавала на Захад і ва Украіну.
Пры гэтым імпарт, пачынаючы з верасня, пачынае актыўна расці.
Што ж адбываецца? Па-першае, міжнародная статыстыка лічыцца ў доларах ЗША. Як мы ведаем, расійскі рубель празмерна ўмацаваўся да долара ў 2022 годзе, таму збольшага мы бачым такія рэкордныя паказчыкі экспарту па краінах СНД. Гэта значыць, што цалкам верагодна, мы гандлюем з Расіяй, як і раней, але пры пераліку ў долары атрымліваюцца яшчэ больш уражлівыя лічбы.
Па-другое, імкліва расце імпарт з краін па-за СНД — гэта не што іншае, як «шэрыя схемы», дзякуючы якім Расія сутаргава спрабуе кампенсаваць страты ад санкцый, а Беларусь ёй паслужліва дапамагае, паралельна зарабляючы.
Важна таксама разумець, што менавіта экспартуюць у Беларусь і потым у Расію. Гэта не еўрапейскае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое цяпер практычна перастала перасякаць беларускую мяжу. Гэта часцей спажывецкія тавары. Мала таго, хутчэй за ўсё, не маючы асаблівага выбару, мы, як і Расія, вымушаны закупляць іх па завышанай цане і больш нізкай якасці.
Не выключана, што хутка, зраўняўшы ў статусе ізгоя Беларусь з Расіяй, цывілізаваны свет прычыніць і гэтую брамку. І з гэтага моманту ўсе паказчыкі па экспарце і імпарце пачнуць зніжацца. А ўлічваючы, што яны і так «надзіманыя», гэта падзенне можа быць для нашай эканомікі вельмі балючым.