Дзмітрый Крук: Праблемы ўнутры Беларусі пераходзяць у эканамічнае поле

Як уплываюць санкцыі на беларускія прадпрыемствы, што рабіць з залежнасцю ад Расіі, як лепш захоўваць грошы зараз і якія перспектывы ў эканомікі дэмакратычнай Беларусі ў будучыні. Пра гэта — у вялікай размове з старшым навуковым супрацоўнікам даследчага цэнтра «BEROC» эканамістам Дзмітрыем Крукам.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Эксперт пачаў сустрэчу з таго, што ў звычайныя часы ў Беларусі ўжо дастаткова сур'ёзны эканамічны крызіс. Але калі ўлічваць, што цяпер вайна, то ён мог быць значна больш глыбейшым і маштабным.

«Тое, што магло быць зусім дрэнна, аказалася трошкі лепш, чым чакалі»

«Мы ў BEROC праводзілі ў лістападзе апытанне хатніх гаспадарак. І былі здзіўленыя, што людзі досыць аптымістычна ацэньваюць бягучую сітуацыю і зусім кароткатэрміновую перспектыву. Маё асабістае тлумачэнне, што гэта спозненая рэакцыя на тое, што магло быць зусім дрэнна, але аказалася трошкі лепш, чым чакалі. Калі мы маем на ўвазе найгоршыя прагнозы, якія былі перад вайной, — гэта страты блізу 20% ВУП — тое, што мы называем «ляснуцца», можа адбыцца з эканомікай».
Страты адбыліся ў 7%, а не 20%, таму істотна палепшылася коштавая канкурэнтаздольнасць — прадаваць беларускія тавары на расейскім рынку беларускія вытворцы змаглі з нашмат меншымі праблемамі, бо беларускія кошты істотна ніжэйшыя, чым у аналагічных тавараў у Расеі (на мясныя, малочныя прадукты, сельскагаспадарчыя, машынабудаванне), кажа эксперт.
«Разрыў у коштах вельмі істотна павялічыўся праз спецыфічную дынаміку беларускага рубля, і ў Расеі вельмі істотныя змены на рынку адбываліся. Калі гэты фон зменіцца, то тыя патэнцыйныя страты, аб якіх вялі гаворку яшчэ ў лютым-сакавіку 2022 года, па-ранейшаму ў якасці пагрозы маячаць перад Беларуссю».

Дзеля чаго ўводзяцца санкцыі?

Дзмітрый звяртае ўвагу на тое, што ў масавым успрыманні санкцыі ўводзяцца з прыцэлам на Беларусь, але насамрэч гэта не зусім так.
«Санкцыі, сапраўды, выступалі да сярэдзіны 2021 года хутчэй пужалкай, яны выконвалі прэвентыўную ролю, каб не дапусціць горшых сцэнароў у дачыненні да самой Беларусі, а калі ўжо стала распальвацца пагроза вайны ва Украіне — каб прадухіліць удзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. Я часта параўноўваю іх з пагрозай турэмнага пакарання: любы чалавек, які здзяйсняе, напрыклад, разбойны напад, разумее, што за гэта можна сесці ў турму, і калі іншыя нармальныя стопары не працуюць, гэта яго стрымлівае. Але калі прэвентыўная функцыя не спрацавала, то далей спрабаваць неяк карэктаваць паводзіны таго, хто здзейсніў напад, сэнсу няма».
У такім выпадку, на думку эксперта, санкцыі набываюць у аналогіі турэмнага зняволення ролю пакарання. Менавіта так паводзілі сябе, у большасці выпадкаў, заходнія краіны, — гэта іх рэакцыя.
«Пры гэтым, якая будзе ўнутраная дынаміка сітуацыі ў Беларусі, мае значэнне, але адступае на другі план. Па турэмнай аналогіі атрымліваецца, чалавек, якога пасадзяць у турму, стане яшчэ горшым, паколькі будзе сядзець побач з забойцамі, гвалтаўнікамі і злодзеямі, — пра гэта ніхто не задумваецца, таму што ён парушыў закон».
Прывязка Беларусі да Расеі істотна ўзрасла праз саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
«Санкцыі сталі тым прамежкавым механізмам, які не выкарыстоўваць у гэтым выпадку ЕЗ, ЗША, проста не маглі. Гэта ключавы стрымліваючы фактар іх палітыкі».

Якая эканамічная «стабільнасць» чакае РФ і Беларусь да канца 2023 года?

«Эканамічнае самаадчуванне безумоўна ўплывае, але ёсць яшчэ і супрацьдзейныя сілы, якія спрыяюць і для Беларусі, і для Расеі паляпшэннем эканамічнага стану. Для Расеі гэта самыя відавочныя рэчы, якія ў 2022 годзе былі — высокія кошты на нафту і газ, для Беларусі яны былі спароджаныя трэндамі ў Расеі. Дынаміка расейскага рубля, якая ў выніку высокіх коштаў на нафту і газ, была вельмі спрыяльная для Беларусі».
Цэнавая канкурэнтаздольнасць (ступень цэнавых пераваг, якія атрымліваюць вытворцы адной краіны на знешніх рынках) у 3-4 квартале 2022 года выйшла на свой гістарычны пік, кажа Дзмітрый Крук.
«Нават пасля дэвальвацыі 2011 года цэнавая канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў не была такой высокай. Праблемы ўнутры Беларусі пераходзяць у эканамічнае поле, але ёсць і процідзейныя фактары. Адпаведна, да канца 2023 года самым галоўным зʼяўляецца тое, наколькі вось гэтыя базавыя рэчы, якія аказваюць станоўчы ўплыў на Беларусь і Расею, могуць захавацца. Ці захаваюцца высокія кошты на нафту? Ці змогуць зарабіць санкцыі на пастаўку нафты для Расеі і цэнавай столі? То-бок, ці Расеі ўдасца абсекчы кранік нафтагазавых даходаў, а Беларусь, шмат у чым, залежыць ад гэтага».
Тэмп пазбаўлення ад газавай залежнасці Еўропы ад Расеі вельмі высокі, але гэта пакуль не прыводзіць да таго, што Расея імгненна губляе ўсе прыбыткі, акрамя таго, у іх ёсць рэзервы, кажа Дзмітрый Крук.
«Таму чакаць рэзкіх зменаў хутчэй не прыходзіцца. Маё чаканне ў 2023 годзе — гэта нешта накшталт стагнацыі. Калі будзе пагаршацца знешняя сітуацыя — можа працягвацца рэцэсія. Пагроза зніжэння далейшага дабрабыту, павольнага і вельмі працяглага апускання ў змрок нікуды не дзелася, і тое, што ў 2022 годзе, па адчуваннях, сітуацыя была не такой дрэннай (паколькі магла быць горш), не азначае, што гэта горш не надыдзе крыху пазней».

«Санкцыі дзейнічаюць, проста не трэба чакаць, што яны, як цудадзейны лек, вырашаць усе пытанні»

Для большасьці рэальны вынік санкцый — змена паводзінаў улады, гатоўнасць ці не гатоўнасць пайсці на вызваленне палітвязняў, на зніжэнне ўзроўня рэпрэсій, шукаць нейкае выйсце.
«Для тых, хто разглядае і накладае санкцыі, чаканы вынік іншы. У першую чаргу, зніжэнне вайсковага патэнцыялу і пагрозы новага раўнду суагрэсіі з беларускай тэрыторыі. І вось такі вынік санкцый у значнай ступені здзейсніцца. Чысты эфект ад санкцый пры гэтым значна большы. У значнай ступені ён быў кампенсаваны тымі пазітыўнымі фактарамі, пра якія я казаў: знешняя канкурэнтаздольнасць, нізкія цэны на газ для Беларусі, стымуляванне ўнутранай эканомікі. Чысты эфект ад санкцый — гэта даволі спекулятыўна, бо не шмат доступу да статыстыкі, гэта цяжка палічыць».
Дзмітрый кажа, што прыкладны чысты эфект ад санкцый за гэтыя гады складае 12-13%. Гэта вельмі значныя страты, але каля 6% ВУП было кампенсавана ў пэўнай ступені яшчэ і прыставаннем уладаў да санкцый. На погляд эксперта, гэта натуральна.
«Безумоўна, яны спрабуюць неяк прыстасавацца і адпаведна знаходзяць тыя ж лагістычныя ланцужкі праз Казахстан, Грузію, Турцыю, змякчаюць гэты ўплыў. Важна яшчэ разумець, што нават нягледзячы на такое прыстасаванне, санкцыі — гэта перманентны шок. Яны працягваюць і працягваюць сваё дзеянне, яны не знікаюць, хоць часткова эканоміка да іх адаптуецца, але некаторыя санкцыі ў часе становяцца нават больш важнымі, больш чуллівымі для эканомікі. Напрыклад, доступ да імпартных тавараў, якія змяшчаюць у сабе тэхналагічныя вынаходніцтвы. Адпаведна, гэта не будзе ў адзін момант, але Беларусь будзе ўсё больш адставаць па тэхналагічным аздабленні і немагчымасці стварыць нейкую прадукцыю, якую год-два таму было цалкам магчыма зрабіць. Таму, санкцыі дзейнічаюць, проста трэба ўсведамляць, на што яны накіраваныя, і не чакаць, што яны, як цудадзейны лек, вырашаць усе пытанні».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Так экспартаваць Беларусі на свой асноўны расейскі рынак стала значна прасцей, паток экспартных даходаў стаў досыць вялікі ў абʼёмах, кажа эксперт.
«У намінальным, у грашовым выражэнні ён практычна не знізіўся ў параўнанні з 2021 годам, тады як у фізічным, у натуральным выражэнні, у кілаграмах, у штуках, экспарт Беларусі знізіўся дзесьці на 25% за 2022 год, а ў доларавым грашовым выражэнні ён застаўся практычна нязменным. Больш за тое, паколькі імпарт зніжаўся больш істотна, то атрымалася, што сальда знешняга гандлю нават палепшылася, — вось гэта натуральным чынам падсілкоўвала беларускі рубель».

Ці атрымаецца адвязаць беларускі рубель ад расійскага?

Дзмітрый Крук лічыць, што верагоднасць адмовы ад кошыка валюты прывязкі курсу беларускага рубля да расейскага не вельмі вялікая.
«У верасні або ў жніўні Нацбанк са складу кошыка валют вывеў еўра і ўвёў туды юань. Гэта была досыць гучная навіна, але для бягучай дынамікі рубля яна практычна ніякага ўплыву не мела. Што тут важна разумець: вось гэты кошык валют, які Нацыянальны банк разлічвае, на сёння не мае характару нейкага мэтавага арыентыру. У рэальнасці, калі Нацыянальны банк спрабуе ўздзейнічаць на курс (а ён робіць гэта досыць кропкавымі ўкрапінамі, курс не рэгулюецца адміністрацыйнымі метадамі), ён перш за ўсё глядзіць на курс да даляру ЗША».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Дынаміку задае расейскі рубель, а беларускі ідзе яго траекторыяй. Расея зʼяўляецца асноўным рынкам збыту, але для ўнутранай фінансавай стабільнасці галоўная валюта — долар (для зберажэнняў і фінансавых кантрактаў унутры краіны ён у прыярытэце).
«Яны спрабуюць знайсці баланс паміж двума гэтымі ключавымі валютамі і вось такім чынам ёсць прытрымліванне доўгатэрміновага трэнду расейскага рубля, уключаючы маніпулятыўныя адхіленні ад гэтага трэнду з арыентацыяй на даляр. На дадзены момант адмовіцца ад гэтага стратэгічнага канцэптуальнага падыходу я не бачу перадумоваў, то-бок, гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі беларусы перастануць унутры краіны захоўваць зберажэнні ў далярах ці абарачэнне даляра на тэрыторыі Беларусі будзе абмежавана, за кошт унутраных або знешніх рашэнняў. У адваротным выпадку, вось гэтая канцэптуальная рамка курсавай палітыкі захоўвае сваю актуальнасць і кошык валют у гэтай рамцы — проста разліковая велічыня, за якой мала чаго ў нашых умовах стаіць».

Ці атрымаецца вызваліцца ад уплыву Расеі і пры якіх умовах?

«Гэта пытанне палітычнай волі. Мне вельмі, асабліва ў апошнія два гады, не падабаецца пастаноўка пытання: «Ну, мы ж залежныя ад Расеі, таму трэба прыняць належнае, такая не real палітыка, але real эканоміка атрымліваецца і з гэтым нічога нельга зрабіць». Калі такім чынам разважаць, то з гэтым нічога не зробіш, гэта такі заганны замкнёны круг: мы залежныя ад Расеі, таму мы будзем прадаваць на расейскі рынак і працягваць быць залежнымі ад Расеі».
Дзмітрый кажа, што ў выпадку з нашай краінай ступень залежнасці дасягнула такой велічыні, што пазбаўленне ад яе не будзе балючым.
«Напрыклад, у 20 годзе гэтыя праблемы і пытанні вырашаць было б значна прасцей. Гэта пытанне не толькі эканамічнае, а ўжо больш шырокае — прывязкі да Расеі і тое, што Расея па вялікім рахунку праглыне нас і здушыць дзяржаўнасць. Таму безумоўна, на мой погляд, такая задача павінна ставіцца, а ўжо потым знаходзіцца спосабы яе рашэння. Так, у энергетычнай сферы, напэўна, самая праблемная сітуацыя, але нават там ёсць механізмы, як ад залежнасці можна спрабаваць пазбавіцца. На іншым баку шаляў — поўная страта незалежнасці, а гэта ўсё роўна вядзе да страты дабрабыту, таму шлях пазбаўлення ад расейскай залежнасці, нават з меркаванняў дабрабыту, больш абгрунтаваны і адэкватны».

Што трэба зрабіць перш за ўсё пасля змены ўлады, каб пачаць выратаванне эканомікі?

«У якасці лейтматываў, такой чырвонай лініі — сфармаваць давер. Гэта вельмі складана будзе зрабіць. У эканоміцы ўсё можа працаваць добра, калі сам эканамічны давер сфармаваны, калі фірмы разлічваюцца паміж сабой і не баяцца, што хтосьці кагосьці кіне, калі людзі працуюць і ўпэўненыя, што заўтра яны атрымаюць заробак, а ім не скажуць, што яны звольненыя, і адна з самых трагічных рэчаў, што на сёння эканамічны давер, калі не цалкам пахаваны, то дзесьці блізка да гэтага. То-бок, гэта, на мой погляд, — галоўнае, з чаго варта пачынаць».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Эксперт адзначае, што пачынаць трэба таксама з простых рэчаў, звязаных з максімальным спрыяннем працы прыватнага бізнесу.
«Прадвеснікам 2020-га ў сацыяльна-палітычным полі стала ўзмацненне прыватнага сектару. Не толькі самі бізнесмены, але і людзі, якія працавалі ў прыватным сектары, сталі незалежныя і ў эканамічным, і ў палітычным, і грамадзянскім сэнсе, і прыватны сектар набраў вельмі сурʼёзны патэнцыял. Праблема была ў тым, каб прыватны сектар, развіваючы сябе, развіваў краіну. І каб далей яму развівацца, яму неабходна было ўвабраць у сябе больш рэсурсаў. Пад рэсурсамі я маю на ўвазе людзей і фінансавыя рэсурсы. І шмат у чым гэты патэнцыял прыватнага сектару захоўваецца, хоць частка яго за апошнія два гады незваротна страчаная, але частка яшчэ захоўваецца».
Прыватны бізнес з яго кампетэнцыямі, тэхналогіямі, чалавечым капіталам яшчэ мае значны патэнцыял, лічыць эксперт.
«Неабходна прыбраць барʼеры, пачынаючы ад гэтага дурнога дэкрэту пра рэгуляванне коштаў, заканчваючы дэкрыміналізацыяй шэрагу таго, што класіфікуецца як эканамічныя злачынствы. Ці не поўная дэкрыміналізацыя, але хаця б каб перастаць садзіць людзей у турму. Трэба даць права на нармальную прадпрымальніцкую рызыку. Гэтыя досыць простыя меры дадуць штуршок прыватнаму сектару. Ну, і яшчэ важная рэч, якая ў нашых умовах таксама можа зарадзіць хвалю пазітыву — гэта зняцце санкцый. У дэмакратычнай Беларусі шанцы хутка зняць санкцыі будуць вельмі вялікімі».
Таксама неабходна будзе пазбавіцца ад пазыковых кайданоў і знізіць інтэрвенцыю дзяржсектару, каб ён перастаў ціснуць і скоўваць магчымасці развіцця прыватнага сектару.
«Я ўпэўнены, што эканамічны ідыятызм павінен быць ліквідаваны. Гэта дастаткова відавочна. Гэта значыць цэнавае рэгуляванне мае права на існаванне, але на абмежаваны пералік тавараў, а па змаўчанні ўсе цэны свабодныя. Калі была вялікая рэформа цэнаўтварэння, калі гэты нармальны прынцып усталяваўся, а далей можна доўга спрачацца, на колькі шырокі павінен быць пералік так званых сацыяльна значных тавараў, на якія цэны рэгулююцца. Падчас каранавірусу пералік стаў ледзь-ледзь пашырацца, і сталі зноў гуляцца з цэнарэгуляваннем. У прынцыпе з 2015 па 2020 год у гэтым плане была дастаткова нармальная сітуацыя».

Перспектывы развіцця навукаёмістых галін эканомікі ў новай Беларусі

«Не сказаць, што бліскучыя. Мы не ператворымся за 5-10 гадоў у Тайвань. Ад чаго залежыць наогул развіццё самых навукаёмістых галін? У першую чаргу — чалавечы капітал, канкрэтна створаны для біятэхналогіі, нанатэхналогіі, наяўнасць кампетэнцыі фундаментальнай навукі ў той ці іншай галіне. І тут адно з тлумачэнняў феномену беларускага IT, таму што база чалавечага капіталу — шмат у чым гэта спадчына яшчэ савецкага БДУІР, калі стварылася вялікая колькасць спецыялістаў з кампетэнцыямі ў праграмаванні, якія стварылі крытычную масу, якая змагла штурхнуць гэта наперад. Сказаць, што ў нас ёсць такі падмурак у многіх напрамках, якія сёння на перадавым краі навукі стаяць, на жаль, нельга».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Другі важны фактар — наяўнасць тэхналагічнай базы, лабараторый, магчымасцяў для правядзення даследаванняў, інавацый. Беларусь у нішавых тэхналогіях таксама ў адсталым становішчы.
«Але можна будзе займаць асобныя нішавыя пазіцыі, у тым жа IT. Ствараць мэтанакіравана кластары чалавечага капіталу і тэхналагічнага абсталявання ў асобных нішах, асабліва дзе не патрабуюцца вялікія капіталаўкладанні — гэта шмат у чым ёсць самы шматабяцальны шлях для развіцця Беларусі. Таму сказаць, што за адзін раз Беларусь стане такой супертэхналагічнай — не. Але тое, што асобныя нішавыя кірункі стануць рухаючай — так, з вялікай верагоднасцю».

Што цяпер рабіць звычайным людзям, каб не страціць тыя малыя ашчаджэнні, якія ёсць?

«Будучы ў Беларусі, калі дапусціць, я б захоўваў грошы проста наяўнымі. Так, я ведаю што ў многіх людзей тады ўзнікае пытанне, што гэта небяспечна — трымаць іх дома, але пастарацца вырашыць гэтую праблему. Але каб трымаць грошы сёння ў банку, трэба мець сталёвыя нервы. Калі ёсць магчымасць, добры спосаб — рахунак у замежным банку. У прынцыпе досыць бяспечны. Так, зарабіць не атрымаецца, але з пункту гледжання матыву захаванасці пытанняў няма. Але я добра разумею, што далёка не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Нейкіх іншых чароўных сродкаў, на жаль, няма».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Эксперт кажа, што магчымасці інвеставання ў Беларусі заўсёды былі абмежаваныя і таму многія ішлі ў нерухомасць. Але так рабіць Дзмітрый зараз не раіць.
«Калі горшыя сцэнары пачнуць спрацоўваць, патэнцыял падзення рынку нерухомасці дастаткова сурʼёзны. Таму, калі опцый няма, паўтаруся, лепш за ўсё — наяўныя, рахунак у замежным банку. Яшчэ часта кажуць — інвеставанне ў чалавечы капітал — у сябе, у сваіх дзяцей, у развіццё. Гэта вельмі добрая інвестыцыя, яна можа даць добрую аддачу».

Чаму ўлады цяпер засакрэчваюць многія артыкулы бюджэтных выдаткаў?

«У знешнім гандлі гэта цалкам зразумела і відавочна — каб быў недахоп інфармацыі па санкцыях. Напрыклад, там адбіваліся б тады нафтавыя, калійныя пошліны. Хоць можна было дробнымі рыскамі замазаць адпаведныя артыкулы, астатняе паказваць, але тады можна далічыць. У нашых уладаў узяла верх такая пазіцыя — чым менш людзі ведаюць, тым лепей спяць, і не трэба баламуціць ім мозг».
Зрабіць так, каб усе фінансавыя аперацыі, звязаныя з дзяржаўнай сістэмай, любыя з дзяржструктураў былі празрыстымі, каб любы грамадзянін краіны мог паглядзець, куды і колькі пайшло сродкаў, можна, упэўнены эксперт.
«Самая простая і відавочная рэч — апублікаваць максімальна дэталізаваную разбіўку бюджэту. Няхай нават гэта будзе вельмі нязручна тэхнічна, няхай трэба будзе спампаваць велізарныя файлы альбо ў нейкіх спецфарматах. Але калі такі доступ ёсць, людзі далей могуць выдаць ужо інтэрпрэтацыю ў больш простых характарыстыках. У нас у гэтым плане заўсёды была праблема. Бюджэт нават калі публікаваўся, быў на высокім узроўні агрэгацыі. Трэба проста рабіць даступнай гэтую інфармацыю».
Таксама неабходна арганізаваць празрыстую электронную сістэму дзяржзакупак, каб усе махінацыі былі відавочнымі.
«Ва Украіне зрабілі гэта ў 2019-м, можа раней. Такая сістэма «Прозорро» была. Дзяржаўныя закупкі ўсе праходзілі праз яе, гэта значыць фактычна можна было любую здзелку, якая падпадае пад дзяржаўныя закупкі, паглядзець і зразумець, на колькі яна адэкватная. Рух у гэтым кірунку трэба рабіць, нейкія тэхнічныя сродкі, софт, але ўсё гэта не вельмі дарагія прадукты, а па мерках дзяржавы — гэта капейкі. А эфект для эканамічнага даверу будзе ў сто разоў большы, таму на такія рэчы, безумоўна, грошы трэба выдаткоўваць».

Ці закране Беларусь эмбарга на нафтапрадукты РФ?

«Кошт расейскай нафты ў апошнія месяцы істотна знізіўся, і разбежка ад рынкавага кошту, розніца паміж Brent і Urals (Brent — міжнародны, брытанскі гатунак нафты, эталонны) вельмі моцна ўзрасла, амаль на ўзровень, калі толькі вайна пачалася. Гэта сведчанне на карысць таго, што цэнавая столя працуе. Але ёсць і контрсведчанні, што значная частка нафтавых паставак проста сыходзіць у цень, і мы проста іх не бачым. І ў Індыю, напрыклад, якая галоўны рэцыпіент гэтых схемаў. Ёсць сведчанні, што ствараюцца ўсялякія схемы, каб Расея з кімсьці абменьвалася ў некалькі этапаў нафтавымі актывамі, а далей нафта чужая прадаецца ў іншыя краіны, не падпадаючы пад дзеянне цэнавай столі».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Але з цэнавай столлю пакуль не зразумелая механіка, кажа Дзмітрый Крук.
«Я нават здагадак амаль ні ад каго не чуў, куды цяпер, дзесьці са жніўня месяца ідуць беларускія нафтапрадукты. З імі нешта здараецца. Здараецца ў тым плане, што яны сталі прадавацца ў значна большых абʼёмах, і да канца лета і восень 2022-га года выйшлі не цалкам на перадваенныя абʼёмы нафтаперапрацоўчага заводу, але на 85-90% ад перадваенных абʼёмаў. Гэта значыць нафтапрадукты кудысьці паехалі. Напэўна, яны паехалі ў Расею. Але што з імі адбываецца далей? Яны асядаюць унутры на расейскім рынку, альбо яны кудысьці экспартуюцца праз расейскія парты, змешваючыся з расейскай нафтай альбо пад выглядам расейскай нафты? Хутчэй за ўсё, нейкая камбінацыя».