«Клуб самазабойцаў» у Расіі папаўняецца. «Выпала з акна» кіраўніца ўпраўлення фінансавага забеспячэння МА РФ

Цела 58-гадовай Марыны Янкінай, кіраўніцы ўпраўлення фінансавага забеспячэння Міністэрства абароны па Заходняй акрузе знайшлі пад вокнамі шматпавярховіка ў Санкт-Пецярбургу ўвечары 15 лютага. У якасці асноўнай версіі разглядаецца самагубства.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: ask.fm/gosha_demin

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: ask.fm/gosha_demin


Гэта ўжо не першае, і, напэўна, не апошняе загадкавае «самагубства» сярод расійскіх чыноўнікаў з пачаткам вайны. Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» налічыў каля 12 неадназначных смерцяў топ-менеджараў расійскіх карпарацый за апошні час.

Напрыклад, 28 верасня стала вядома пра самагубства топ-менеджара «дачкі» Расійскіх чыгунак — дырэктара па камунікацыях ТАА «Лічбавая лагістыка» Паўла Пчэльнікава.

У пачатку верасня топ-менеджар ЛУКОЙЛа Равіль Маганаў (брат гендырэктара «Татнафты» Наіля Маганава) выкінуўся з акна ЦКБ.

8 траўня ў прыватным доме ў Падмаскоўі знайшлі цела экс-топ-менеджара ЛУКОЙЛа Аляксандра Субоціна. Нібыта загінуў ён падчас правядзення шаманскага абраду ад вострай сардэчнай недастатковасці.

21 красавіка ў Іспаніі былі выяўленыя цела экс-топ — менеджара «Новатэка» Сяргея Пратасені з жонкай і дачкой. Паводле папярэдняй версіі паліцыі, мужчына забіў дачку і жонку, пакуль яны спалі, а пасля здзейсніў самагубства.

18 красавіка ў Маскве знайшлі цела віцэ-прэзідэнта «Газпрамбанка» Уладзіслава Аваева і членаў яго сям'і.

61-гадовага Юрыя Воранава (кіраўніка кампаніі-падрадчыка «Газпрома») знайшлі ў Маскве ў басейне з прастрэленай галавой.

У студзені памёр 60-гадовы Леанід Шульман, кіраўнік транспартнай службы «Газпрам Інвест». Цела кіраўніка знайшлі ў ваннай пакоі яго дома ў пасёлку Ленінскі (Ленінградская вобласць). Побач з Шульманам была запіска, у якой ён скардзіўся на болі ў зламанай назе.

У лютым у тым жа Ленінскім выявілі труп Аляксандра Цюлякова, намесніка гендырэктара адзінага разліковага цэнтра «Газпрома». «Новая газета» пісала, што цела знайшлі ў пятлі, побач ляжала запіска, а самога Цюлякова перад смерцю яго бачылі моцна збітым.

Былыя месцы працы загінулых звязаны з бліжэйшым асяроддзем Пуціна.

Былы віцэ-прэзідэнт «Газпрамбанка» Ігар Валабуеў распавёў «Инсайдеру» пра загінулага разам з сям'ёй Уладзіслава Аваева, якога СК назваў былым віцэ-прэзідэнтам «Газпрамбанка». «Хачу ўдакладніць — ён быў не проста віцэ-прэзідэнт, ён быў першы прэзідэнт, праз адну пасаду, — адзначыў Валабуеў. — Я ведаю, што на момант нібыта яго самагубства ён быў дзейным першым віцэ-прэзідэнтам "Газпрамбанка". Не веру ў тое, што ён мог забіць жонку і дачку, лічу, што гэта інсцэніроўка. Чаму? Складана сказаць. Можа быць, ён нешта ведаў і ўяўляў нейкую небяспеку».

Суразмоўца канала «Можам патлумачыць», блізкі да ўрада, таксама выказаў упэўненасць у тым, што гэтыя смерці не выпадковыя, і што паспяховыя 50-гадовыя менеджары і бізнесмены не сталі б забіваць сябе і тым больш сваіх жонак і дзяцей. Паводле яго версіі, яны былі бенефіцыярамі, намінальнымі трымальнікамі «сродкаў партыі» (гэта значыць, актываў бізнесоўцаў з пуцінскага атачэння) за мяжой. І забойства іх дзяцей азначае нежаданне пакідаць спадчыннікаў, якія маглі б прэтэндаваць на намінальныя рахункі сваіх бацькоў.

Паводле версіі суразмоўцы «МП», з пачаткам вайны пачаўся перавод актываў з еўрапейскіх банкаў, дзе група следчых ЗША і ЕС спрабуе іх знайсці і арыштаваць, у азіяцкія банкі (у Катары, ААЭ і гэтак далей.) Магчыма, гэтыя людзі неяк перашкаджалі гэтаму працэсу.