Бывай, Br? Чаму Расія больш не хоча «адзінай валюты Саюзнай дзяржавы»?
Калі кажуць, што Лукашэнка не ў стане супрацьстаяць ціску Пуціна, то гэта не так. Ёсць сфера, у якой ён ужо некалькі дзесяцігоддзяў супрацьстаіць ціску Масквы, адзначае Генадзь Лук’яновіч на «Белнавінах». Гаворка ідзе аб банкаўскай сістэме краіны і ідэі ўвядзення агульнай валюты для так званай «Саюзнай дзяржавы».
Ідэя сумеснай валюты нарадзілася ў апошнія дні праўлення Барыса Ельцына і зафіксавана ў дамове аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы», падпісанай двума прэзідэнтамі 8 снежня 1999 года (набыла моц 26 студзеня 2000 года). У прыватнасці, артыкулы 13 і 22 прадугледжвалі паэтапнае ўвядзенне адзінай грашовай адзінкі (валюты) з адначасовым стварэннем агульнага эмісійнага цэнтра. Праца павінна была быць цалкам завершана да 2005 года. У пацвярджэнне гэтага ў лістападзе 2000 года новы прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, у якога заканчваўся першы прэзідэнцкі тэрмін, падпісалі пагадненне «Аб увядзенні адзінай грашовай адзінкі і фарміраванні адзінага эмісійнага цэнтра Саюзнай дзяржавы».
Меркавалася, што з 1 студзеня 2005 года ў якасці агульнай валюты будзе выкарыстоўвацца расійскі рубель, а з 1 студзеня 2008 года будзе ўведзена адзіная грашовая адзінка Саюзнай дзяржавы. У рамках пагаднення для падтрымання курса беларускай нацыянальнай валюты Цэнтрабанк Расіі вылучыў крэдыт у суме 4,5 млрд рублёў.
На пытанні аб «эмісійным цэнтры» рэалізацыя праекта і застопарылася. Лукашэнка цалкам слушна палічыў, што без уласнага друкавальнага станка ні пра якую ўладу ў краіне казаць не давядзецца — як, зрэшты, і пра існаванне самой краіны ў якасці незалежнай дзяржавы. Беларускі бок рэзка даў па тармазах: тэма расійскага рубля як адзінай валюты дзвюх краін на нейкі час забылася.
У верасні 2002 года была створана рабочая група для падрыхтоўкі прапаноў аб статусе адзінага эмісійнага цэнтра і адзінай валюце. У ролі адзінага эмісійнага цэнтра зноў павінен быў выступаць Цэнтрабанк Расіі. Уладзімір Пуцін адправіў беларускаму калегу ліст, у якім прапанаваў паскорыць падпісанне дакумента. На што ў пачатку верасня 2003 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пагадненне павінна прымацца ў комплексе са «стварэннем адзінай эканамічнай прасторы і роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, прыняццем Канстытуцыйнага Акта Саюзнай дзяржавы, ажыццяўленнем іншых мерапрыемстваў». Гэта значыць, адсунуў пытанне на далёкую перспектыву.
Коратка пералічу наступныя падзеі і заявы.
На пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы ў лютым 2004 года не ўдалося канчаткова дамовіцца аб увядзенні з 1 студзеня 2005 года расійскага рубля як адзінага законнага плацежнага сродку ў Беларусі.
У студзені 2007 года старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што ўвядзенне адзінай валюты Саюзнай дзяржавы нерэальна датуль, пакуль не будзе створана адзіная мытная і эканамічная прастора.
Кіраўніцтва Беларусі прапанавала стварыць два эмісійныя цэнтры — у Маскве і Мінску, аднак у кастрычніку 2010 года адмовілася ад гэтай ідэі, пры гэтым высунуўшы новую ўмову — сфарміраваць аб'яднаны цэнтральны банк «на прынцыпах 50 на 50%».
У красавіку 2017 года Лукашэнка сказаў, што казаць аб паўнавартасным фарміраванні Саюзнай дзяржавы з усёй уласцівай ёй атрыбутыкай (агульнай Канстытуцыяй, адзінай валютай і гэтак далей) пакуль не даводзіцца. «Мы сёння да гэтага не гатовыя. І не столькі беларусы, колькі расійцы, расійскае кіраўніцтва», — растлумачыў ён.
Лукашэнка 18 студзеня 2019 года: «Саюз — калі ласка. Аб'яднанне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы. Мы не супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі».
У агульных рысах ход перамоў аб эмісіі беларускі лідар апісаў на прэс-канферэнцыі ў сакавіку 2019-га: «І галоўнае — эмісійны цэнтр. Ён [Пуцін] мне кажа: ну што, у Мінску будзе? Я кажу — не, у Смаленску. Так адрэагаваў. Хай будзе ў Піцеры, на радзіме прэзідэнта Расіі, мой любімы горад — Ленінград, Пецярбург цяпер. Хай там будзе».
То-бок Лукашэнка да апошняга дурыў галаву расійцам. Але ўсё змянілася пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і разгону пратэстаў.
Лукашэнка, які апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі і пад прыгнётам санкцый, стаў крытычна залежным ад Расіі. Пасля падпісання славутых 28 саюзных праграм па інтэграцыі Расія рэзка памяняла падыход.
У снежні 2021 года прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў абверг магчымасць стварэння «агульнага рубля».
«Вы ведаеце, што тая стадыя інтэграцыі, якая дасягнута цяпер за кошт падпісання пакета саюзных праграм, не прадугледжвае ўвядзення адзінай валюты. Таму ў прадметным плане пакуль канкрэтных размоў не вялося», — пракаментаваў ён.
Цяпер тармазіць працэс стварэння адзінай валюты пачала Расія. Тлумачэнне гэтаму можа быць толькі адно: у Расіі адышлі ад ідэі стварэння адзінай валюты, затое ўзяліся за пашырэнне сферы прымянення ў Беларусі расійскага рубля.
Гэта значыць — фактычнага паглынання фінансавай сістэмы Баларусі.
На працягу 2022 года сапраўды адбыліся тэктанічныя змены. Нацбанк Беларусі выключыў еўра з кошыка валют, які ўжываецца для курсаўтварэння, павялічыўшы долю расійскага рубля ў кошыку з 50% да 60%. Дарэчы, папярэдняя карэкцыя была ў сярэдзіне ліпеня, калі НББ уключыў у кошык валют кітайскі юань. Акрамя таго, Беларусь па-ранейшаму расплачваецца расійскімі рублямі за газ і будзе гэта рабіць як мінімум да 2025 года. Пры гэтым памер аплаты прывязаны да долара, а значыць, курсавыя ваганні расійскай валюты будуць уносіць сур'ёзную долю нявызначанасці ў разлікі.
Буйная пазыка «на імпартазамяшчэнне» ў памеры 1,4 млрд долараў, якую Беларусь узгадняла паўгода, таксама была ў выніку выплачана ў рублях (105 млрд RUB). З сакавіка 2022 года фіксуецца частковае замяшчэнне ўзятых насельніцтвам крэдытаў у доларах ЗША і еўра крэдытамі ў расійскіх рублях. Доля такіх крэдытаў у агульным аб'ёме валютнага крэдытавання ў чэрвені 2022 года ўзрасла да 74,6%.
Аблытаны павуціннем санкцый Лукашэнка цяпер проста не мае іншага выйсця, акрамя як патроху аддаваць РФ кантроль над манетарнай палітыкай краіны. Адпаведна і ў Крамлі вырашылі, што ўжо прыйшоў час выкідваць планы «агульнай валюты» ў сметніцу — за непатрэбнасцю.