Рудкоўскі: Лукашэнка ўчора агучыў запыт Крамля на «перадышку»

Мэта прэс-канферэнцыі Лукашэнкі — паслаць сігнал Захаду, што РФ гатова да перамоў.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1_logo_1.jpg

Палітолаг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі ў каментары для «Філіна» — пра прэс-канферэнцыю кіраўніка Беларусі для замежных журналістаў.

— Адно з выказванняў Лукашэнкі: Зяленскі «знішчае краіну», а Украіну пасля завяршэння канфлікту «ніхто» аднаўляць не будзе. Як вы думаеце, навошта запрашаць замежных журналістаў, каб выказаць думкі, якія на Захадзе не могуць быць прыняты?

— У ходзе прэс-канферэнцыі хіба разоў дзесяць, як мінімум, Лукашэнка — у розных варыянтах — агучваў адзін і той жа пасыл: ідзіце на мірныя перамовы з Расіяй. Два разы ён нават намякнуў на тое, што Расія можа пайсці на «неверагодныя» саступкі. Разважанні пра злыя інтэнцыі Зяленскага, пра адрознасць інтарэсаў ваеннага і палітычнага кіраўніцтва Украіны і г.д. — гэта рытарычнае суправаджэнне асноўнага месэджу.

Для мяне застаецца пакуль што загадкай, ці прэс-канферэнцыя была «замоўлена» Крамлём, ці была аўтаномным ходам Лукашэнкі. Але няма сумневу, што Лукашэнка агучваў тут — чарговы ўжо раз — запыт Крамля на «перадышку».

З гэтай нагоды Лукашэнка таксама прасунуў пару сваіх уласных «месэджаў», але дамінавала менавіта пытанне Крамля.

— Лукашэнка выказаўся пра заходніх палітыкаў, з якімі меў справу. Сказаў, што Меркель і Аланд цяпер «хлусяць» аб сваіх мэтах падмануць Расію падчас перамоў у Мінску, а Джона Болтана і Майкла Пампеа, якія здзейснілі візіты ў Беларусь, назваў «прыстойнымі людзьмі». Звяртае на сябе ўвагу той факт, што Лукашэнка казаў пра людзей, якія ўжо даўнавата пакінулі палітыку. Чаму ён звярнуўся да ўспамінаў?

— Пра Меркель і Аланда ён згадаў у кантэксце палемікі з тэзай, што, маўляў, Мінскія дамоўленасці былі інструментам падрыхтоўкі Украіны «да вайны» (пакідаем убаку пытанне таго, наколькі адэкватна Лукашэнка пераказвае пазіцыі згаданых палітыкаў). Болтана і Пампеа згадаў у кантэксце разважанняў пра ролю беларуска-кітайскіх адносін.

Згадванне ўсіх гэтых палітыкаў было звязана з агучваннем сваіх месэджаў — наконт Мінскіх дамоўленасцей і наконт адносін з Кітаем. Тое, што яны «былыя», тут не мае асаблівага значэння.


— Лукашэнка падкрэсліў, што хоча нармальных адносін з заходнімі краінамі: «Умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод. Мы неяк тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і палітвязняў не будзе, і іншых праблем у нас не будзе». Чаго канкрэтна хоча Лукашэнка і ці здольны яго сігнал атрымаць рэакцыю на Захадзе?

— Сігнал тут ясны: можам паступова вярнуцца да адносін, якія былі да 2020-га (а тагачаснымі адносінамі былі ў цэлым задаволены і рэжым, і заходнія еўрапейцы), але спыніце падтрымку апазіцыі. Зняцце санкцый было б для рэжыму цалкам дарэчы, і дзеля гэтага ён, відаць, пайшоў бы на паступовае вызваленне палітвязняў. Але яго хвалюе актыўнасць і ўплыў палітыкаў-эмігрантаў на чале з Ціханоўскай.

На Захадзе сігнал, пэўна, будзе заўважаны, але кардынальнай змены палітыкі амаль напэўна не адбудзецца. У лепшым выпадку ён можа быць узяты пад увагу ў ходзе абмеркавання іншых санкцый супраць рэжыму.

— Якое ў цэлым уражанне пакінула ў вас гэтая прэс-канферэнцыя? Якія ў яе маглі быць мэты і ці ўдасца іх дасягнуць?

— Асноўная мэта — паслаць моцны сігнал заходнім грамадствам, што Расія гатова да мірных перамоў. Тут Лукашэнка прадэманстраваў ці не ўвесь свой аратарскі талент, каб пераканаць у тым, што такія перамовы — мэтазгодныя і выйгрышныя для самога Захаду і Украіны («С Россией можно договориться о невероятном... Сейчас более выгодные условия для Украины»).

Што ж, цалкам магчыма, што на частку заходніх грамадстваў такія пасылы могуць падзейнічаць, улічваючы, што там назіраецца стомленасць пабочнымі прадуктамі вайны (напрыклад, ростам цэн) і апасенні таго, каб вайна не перакінулася ў іншыя часткі Еўропы.

Але, напэўна, гэта будзе не настолькі моцнае ўздзеянне, каб грамадская думка заходніх дзяржаў паўплывала на змену курсу, які ўжо абраны (узмацненне эканамічнай і ваеннай дапамогі Украіне).