Падатковая нагрузка на беларусаў, якія працуюць, складае 46,5 працэнта
У Беларусі падатковая нагрузка на прыбытак прадпрыемстваў — 34 працэнты. А калі вырашаць заплаціць дывідэнды — то стане яшчэ вышэйшая
Даследаванне ўзроўню падатковай нагрузкі на прадпрыемствы апублікавана ў студзеньскім часопісе «Банкаўскі веснік». Паводле ацэнкі аўтараў даследавання Аляксея Караткевіча, Дзмітрыя Табалы і Дзіны Шпарун, у Беларусі ўзровень канфіскацыі станоўчага грашовага патоку ў дзейнасці прадпрыемстваў (канфіскацыі выручкі) у выглядзе падаткаў і адлічэнняў складае 16,2%. Гэта значыць, што пры атрыманні 1 рубля выручкі беларускія прадпрыемствы пералічваюць у бюджэт і пазабюджэтныя фонды 16,2 капейкі, піша «Office Life».
Дабаўленая вартасць, якая ствараецца на прадпрыемствах, канфіскуецца ў даход дзяржавы ў памеры 33,9%, гэта значыць амаль траціна створанай у эканоміцы дабаўленай вартасці накіроўваецца ў цэнтралізаваныя фонды.
Персанальныя падатковыя нагрузкі па стане на пачатак 2023 года склаліся наступныя:
- падатковая нагрузка на даходы работнікаў (хатніх гаспадарак, фізічных асоб) з улікам адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва складае 46,5%;
- падатковая нагрузка на прыбытак прадпрыемстваў — 34%;
- чысты прыбытак, які пасля гэтага застаецца, прадпрыемства можа накіраваць на інвестыцыі. У выпадку яго накіравання на дывідэнды фізічным асобам (заснавальнікам) узровень падатковай нагрузкі ўзрасце на велічыню падаходнага падатку з базавай стаўкай 13%. У гэтым выпадку ўзровень падатковай нагрузкі складае 41,5%.
Нагадаем, раней прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на калегіі Міністэрства па падатках і зборах заклікаў падаткавікоў фарміраваць «камфортнае бізнес-асяроддзе» ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску. 27 студзеня Галоўчанка заявіў: каб падатковыя органы маглі выконваць сваю функцыю і збіраць падаткі, «павінна працаваць эканоміка». «Падатковая палітыка павінна стымуляваць эканамічны рост — гэта галоўнае. Яна павінна ўдасканальвацца, станавіцца больш простай, зручнай. Кансалідацыя бюджэтных даходаў павінна ажыццяўляцца без увядзення новых падаткаў».