Не ўсё тое золата, што блішчыць, або Пару слоў пра карысць «шэрага» імпарту
Без разнастайных мер падтрымкі імпартазамяшчэнне не здольна ўпэўнена крочыць па прасторах Саюзнай дзяржавы. Гэта выдатна ўсведамляюць як у Мінску, так і ў Маскве. Таму паток неабходных мер і не перапыняецца, не заканчваецца.
Свежы прыклад: авіякампанія «Расія» ўвяла для пілотаў даплаты за палёты на расійскіх авіялайнерах SSJ 100. Пра гэта паведаміла профільнае выданне «Авиаторщина». У прыватнасці, камандзірам паветраных караблёў структура «Аэрафлота» прапануе дадатковыя 150 тысяч рублёў на месяц за палёты на айчыннай машыне.
З чым звязаны такі арыгінальны від выбарчай шчодрасці? Разгадка простая: 29 жніўня ў Расіі адбылася знакавая падзея — імпартазамешчаны Superjet 100 здзейсніў першы палёт. На гэтым самалёце, паводле заявы распрацоўшчыкаў, заменена каля 40 імпартных сістэм і агрэгатаў на айчынныя.
Час пакажа, ці змогуць дадатковыя 150 тысяч рублёў на месяц кампенсаваць рызыкі, якія спарадзіла маштабнае імпартазамяшчэнне. Адно бянтэжыць: у паведамленні профільнага выдання гаворка вядзецца выключна пра кампенсацыі пілотам — і ні слова наконт нейкіх кампенсацый пасажырам.
А вы, дарагія чытачы, даверыце сваё жыццё імпартазамешчанаму варыянту Superjet 100? І калі даверыце, то якая велічыня зніжкі на цану білета вас на гэта магла б спакусіць?
Паміраць не трэба
Не даводзіцца сумнявацца ў тым, што замена 40 імпартных сістэм і агрэгатаў на айчынныя была б немагчымая без удзелу Беларусі. Пра гэта прамым тэкстам заяўлена на пленарным пасяджэнні другога Еўразійскага эканамічнага форуму, які прайшоў 24 траўня ў Маскве.
Прадстаўнік Беларусі, хоць і прызнаваў наяўнасць праблем у мікраэлектроніцы, аднак даходліва растлумачыў удзельнікам форуму, што для самалётаў найбольш тонкія тэхнічныя нормы вытворчасці працэсараў не патрэбны. У крыло можна «ўпіхнуць» нават і вялікія беларускія працэсары.
З гэтым не паспрачаешся. Яшчэ ў 1970-я гады на флагмане беларускай мікраэлектронікі Навукова-вытворчым аб’яднанні «Інтэграл» быў папулярны жарт: «савецкія вялікія інтэгральныя схемы — самыя вялікія ў свеце».
З тых часоў адставанне ад загніваючага Захаду, чыё тэхнічнае развіццё забяспечваецца за кошт некантралюемай эмісіі долараў, толькі павялічылася. Пераканацца ў гэтым нескладана. Афіцыйны сайт «Інтэграла» прапануе заказчыкам шырокую наменклатуру мікрасхем з праектнымі нормамі 0,35 мкм (350 нанаметраў). Гэта ў 50 (пяцьдзясят!) разоў больш за праектныя нормы, на якія выйшлі тайваньская TSMC, амерыканская Intel і паўднёвакарэйская Samsung.
Але на якія б праектныя нормы ні замахнуўся «Інтэграл», месца яго прадукцыі пад крылом (і ў крылах. — Рэд.) расійскага авіяпрама гарантаванае. І таму, як было прадэкларавана на Еўразійскім эканамічным форуме, «не трэба паміраць, што мы дзесьці паадсталі, трэба бегчы, трэба даганяць, трэба ствараць».
Заклік «не паміраць» усяляе надзею — што, аднак, не адмяняе актуальнасці прапановы «Аэрафлота» па даплаце штомесяц 150 тысяч рублёў пілотам за працу на імпартазамешчаных самалётах Superjet 100. На айчынных вытворцаў спадзявайся, але пра дадатковую аплату за рызыку не забывай.
Сумнявацца не даводзіцца
Хто шукае, той заўсёды знойдзе. Гэта ўніверсальнае правіла. Яго актуальнасць для Саюзнай дзяржавы ва ўмовах заходніх санкцый пацвердзіў пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў падчас наведвання Віцебскай вобласці: «Мы павінны развіваць яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва. Гэта неабходна, таму што мы павінны знайсці замену той прадукцыі, якая не пастаўляецца ні ў Беларусь, ні ў Расію. І мы знаходзім гэтыя варыянты».
У Мінпраме РБ рапартуюць: «За 2016–2021 гады ў рамках выканання галіновых праграм рэалізавана больш за 2 тысячы мерапрыемстваў для замяшчэння імпарту, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці прадукцыі. На 2023–2025 гады запланавана рэалізацыя больш за 1 тысячу мерапрыемстваў».
«Шэры» (паралельны) імпарт — г. зн. тавары, якія ўвозяцца ў краіну без дазволу праваўладальніка — яшчэ адзін кірунак супрацоўніцтва, які мае патрэбу ў падтрымцы з боку Саюзнай дзяржавы. Натуральна, адкрыта захапляцца поспехамі гэтага віду эканамічнай дзейнасці не прынята, што саміх поспехаў не адмяняе.
Каб не браць інфармацыю са столі і не высмоктваць яе з пальца, звернемся да «плацежнага балансу РФ за другі квартал 2023 г.», які быў падрыхтаваны Банкам Расіі.
За азначаны перыяд «вартасны аб'ём імпарту павялічыўся на 35% г/г. Змяншэнне імпарту з Еўрасаюза было цалкам кампенсавана павелічэннем паставак з іншых краін. < ... > Аднаўленню паставак тавараў у Расію спрыялі рэалізацыя механізму паралельнага імпарту і іншыя меры ўрада Расіі. Да канца 2023 года падоўжаны спрошчаны парадак увозу ў Расію электронных прылад і абсталявання, а да верасня 2023 года — спрошчаны парадак пацвярджэння адпаведнасці прадукцыі, якая ўвозіцца».
Беларуская мадэль, зразумела, у іншым маштабе паўтарае справакаваны «расійскай ваеннай спецаперацыяй» — так званай СВА — экспартна-імпартны лёс «нашай Расіі».
У 2022 годзе склалася станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў памеры 4,3 мільярда долараў за кошт больш энергічнага скарачэння імпарту над экспартам (–6,6% vs. –5,4%). Але ў першым паўгоддзі 2023 года адносна аналагічнага перыяду 2022 года сітуацыя памянялася кардынальна: пры росце экспарту на 8,6% імпарт дадаў 21,9%. Пры такім дысбалансе ад сальда засталіся рогі ды ногі: 0,17 мільярда долараў vs. 2,48 мільярда.
Пра ролю ўкладу «шэрага» (паралельнага) складніка ў такі значны рост імпарту можна толькі здагадвацца. Але не даводзіцца сумнявацца ў тым, што дзяржава для народа інавацыям у пытаннях экспарту-імпарту не перашкаджала.