У Расіі з фасадаў дамоў знікаюць шыльды з імёнамі рэпрэсаваных жыхароў
З «Дома спецыялістаў» на Лясным праспекце ў Пецярбургу прыбралі 34 шыльды фонду «Апошні адрас», прысвечаныя ахвярам рэпрэсій.
Першым на гэта звярнуў увагу "Коммерсантъ". Паводле інфармацыі выдання Sota, жыхары дома паведамілі куратарам праекта "Апошні адрас", што шыльды з будынка зняла кіруючая кампанія. Фонд гэтую інфармацыю не каментаваў.
Яшчэ пяць шыльдачак у памяць аб рэпрэсаваных былі дэмантаваныя ў Маскве на доме па адрасе: Пакроўскі бульвар 14/5, піша Astra са спасылкай на чытачоў.
Як паведамляе выданне, у 1930-я гады былі расстраляныя 26 жыхароў гэтага дома. Першыя шыльды "Апошняга адрасу" на гэтым доме — аграному Рыгору Аляксеевічу Кардышу і юрысту Яўгену Браніслававічу Пашуканісу — правіселі там з кастрычніка 2016 года.
Шыльды ў памяць аб ахвярах савецкіх рэпрэсій знікаюць з фасадаў жылых дамоў у Расеі пачынаючы з вясны. Па даных "Медыязоны", усяго знялі не менш за 16 таблічак.
Праект "Апошні адрас" — грамадзянская ініцыятыва, якая праводзіцца ў Расіі і накіраваная на ўвекавечанне памяці пра людзей, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій у гады савецкай улады.
У памяць аб пацярпелым на сцяне дома, у якім жыў рэпрэсаваны, усталёўваецца маленькая, памерам з далонь, памятная шыльда, прысвечаная толькі аднаму чалавеку. Прынцып праекта — "адно імя, адно жыццё, адзін знак".
Праект рэалізуецца некамерцыйнай арганізацыяй "Фонд ушанавання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій "Апошні адрас"" на сродкі заяўнікаў і ахвяраванні. Асноўнай крыніцай звестак пра амаль 3 мільёны грамадзян СССР, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям, з'яўляецца база даных "Мемарыяла".