Сяргей Навумчык: Будзе горш, і будзе вельмі доўга
Апошні «ўказ» Лукашэнкі – гэта найперш помста. Ахвярамі якой робяцца сотні тысяч людзей, лічыць палітык і журналіст Сяргей Навумчык.
Пару гадоў таму адна шаноўная спадарыня ў адказ на мой допіс, што дыктатура пратрымаецца вельмі, вельмі доўга (10 гадоў – гэта вельмі аптымістычны прагноз) напісала, што я надзвычай моцна дэматывую людзей. Ніякіх прэтэнзіяў да тых, хто казаў пра «рэжыму засталося нашмат», «Лукашэнка не дасягне да восені» – выказана не было.
Не ведаю, што мела яна на ўвазе пад «матывацыяй» – я бачыў, што пратэст прайграў (і пісаў пра гэта), і разумеў, што «матываваць» – заклікаць людзей выходзіць на вуліцы і «змагацца з рэжымам» – азначала б накіроўваць іх наўпрост за краты.
Сцвярджэнні, што пратэст прайграў, вельмі не падабалася і ў «штабах» (якія «матывавалі» і складаліся, большасцю, з тых, чый палітычны досвед не меў і году). Мяне б, відаць, увогуле разадралі на часткі, калі б я напрамую параіў збіраць рэчы, прадаваць кватэры, афармляць дакументы – і з’яжджаць, бо ў агляднай перспектыве ў Беларусі будзе выпаленая зямля.
Адзінае, што мог сабе дазволіць – раіў тым, хто ўжо з’ехаў, не слухаць пра «хутка мы вернемся», а як мага хутчэй афармляць патрэбныя дакументы і прадаваць кватэры ў Беларусі, калі яны ёсць. Але такая парада не надта ўспрымалася – такая ўжо наша чалавечая натура, заўсёды спадзяемся на лепшае…
Акрамя пэўнага палітычнага досведу, у мяне было яшчэ і вельмі добрае асабістае веданне Лукашэнкі, больш як 30 гадоў. Я разумеў ступень помслівасці гэтага чалавека і разумеў, што ніякія рацыянальныя матывы (прычым выгодныя для Лукашэнкі) нічога для яго не вартыя перад бязмежным жаданнем адпомсціць.
Неяк пісаў на «Свабодзе», што для Лукашэнкі з шэрагу прычынаў надзвычай выгодна было б вызваліць Сяргея Ціханоўскага і выслаць яго ў Літву, — і ўпэўнены, што такі варыянт яму неаднойчы прапаноўвалі аналітыкі спецслужбаў.
Але жаданне адпомсціць за «таракана» і ўсё іншае нагэтулькі невычарпальнае, што гэта перакрывае ўсе аргументы.
Апошні ягоны «ўказ» – гэта найперш помста. Ахвярамі якой робяцца сотні тысяч людзей.
Мне асабліва няма чаго параіць тым, хто цяпер апынуўся ў гэтай сітуацыі. Добра іх разумею, бо ў 1996 годзе сам, разам з Пазьняком, прайшоў усе колы бюракратычнага пекла – пад улюлюканьне і лукашэнкаўскіх, і большасці незалежных СМІ, і шмат якіх лідараў апазіцыі.
Самым аптымальным мне бачыцца падача на палітычны прытулак – дзяржавы абавязаныя яго прадставіць. Так, цяжка давядзецца ў першыя месяцы, але гэта адкрые шлях для поўнай легалізацыі і, пры жаданні, натуралізацыі.
Разлічвайце на 20 гадоў. Усведамляйце, што калі вы прыедзеце праз гэты час у Беларусь, вы, як і я, прыехаўшы праз 20, убачыце зусім іншую краіну і цалкам чужы для вас асяродак (за выключэннем бацькоўскага дому і некалькіх блізкіх сяброў).
А Офіс, паколькі сёння ён фактычна манапалізаваў міжнародныя стасункі, мусіць пераканаць урады выконваць у дачыненні да беларусаў палажэнні Канвенцыі аб правах уцекачоў (Жэнева, 1951 г.). Існуе меркаванне, што на сённяшні дзень гэта асноўная яго мэта.
З улікам узроўню нацыянальнай свядомасці і палітычнай адукаванасці насельніцтва Беларусі, з аднаго боку, і ясна выказанага нежадання Захаду разбурыць Расійскую імперыю, з другога – я не бачу абсалютна ніякіх прычынаў, якія б сведчылі пра магчымасць дэмакратычных зменаў у бліжэйшыя 15-20 гадоў. Гэта аптымістычны тэрмін: з 1918-га па 1991-шы прайшло больш як сем дзясяткаў.