Котаў: Знікла неабходнасць наогул трымаць беларускія пасольствы за мяжой
Цяпер беларусы могуць пазбавіцца магчымасці прадаць кватэру, а калі пачаць гуляць па правілах улады і паехаць у Беларусь — то яшчэ можна пазбавіцца і свабоды, нагадвае супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта і пасольства Беларусі ў Варшаве Анатоль Котаў.
Палітолаг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта і пасольства Беларусі ў Варшаве — аб праблеме з пашпартамі.
— Праблемы могуць з’явіцца ў многіх. Але я маю надзею, што гэта можа стаць і дадатковым аргументам, каб палепшыць працэдуру выдачы дакументаў у Літве, Польшчы, — выказаў меркаванне Анатоль Котаў на відэа« Свабодзе». — Польшча, дарэчы, ужо зрабіла шмат крокаў у кірунку менавіта становішча беларусаў, якія масава выязджаюць у гэту краіну.
Яна першая ўвяла гуманітарныя візы, пазней гуманітарны від на жыхарства. Цяпер вельмі спрасціла парадак атрымання дакумента, які замяняе пашпарт, якраз у такіх выпадках, калі яго немагчымага замяніць.
А такія дзеянні рэжыму, спадзяюся, стануць падставай, каб адбыліся яшчэ больш сур’ёзныя крокі насустрач беларусам.
Розныя краіны па-рознаму ставяцца да знешняй эміграцыі. І пасля 24 лютага 2022 стаўленне да беларусаў змянілася. Але ёсць тыя, хто разумее, што да іх з’язджаюць перад усім адукаваныя людзі, якія жадаюць працаваць і ўладкоўвацца на новым месцы.
Палітолаг пагаджаецца з думкай аб тым, што адбылася чарговая спроба рэжыму ўскладніць жыццё беларусам, якія з’ехалі з краіны, бо хаваюцца ад рэпрэсій. Ён лічыць, што да такіх дзеянняў беларускую ўладу падштурхнуў правал ідэі з вяртаннем праз спецыяльную камісію.
— Прыкладна паўмільёна беларусаў з’ехалі з краіны толькі ў апошнюю хвалю эміграцыі. На працягу трох гадоў 15–20% з іх ужо сутыкнуліся неўзабаве з тым, што іх пашпарт несапраўдны.
Вырашэннем гэтай праблемы з’яўляецца якраз спрашчэнне атрымання дакументаў краіны, якая прымае нашых грамадзян. Усё гэта вядзе да таго, што галоўным дакументам, які сведчыць асобу, будзе пасведчанне аб нараджэнні.
Рэжым убачыў, што не працуе механізм камісіі па вяртанні, таму трэба проста зрабіць чарговую непрыемнасць беларусам, якія з’ехалі.
Гэта можа быць даволі балючым, але — з іншага боку — якраз і павінна падштурхнуць дэмакратычныя сілы да працы з краінамі знаходжання беларусаў, па-першае, каб ім хутка выдавалі іншыя дакументы, якія сведчаць асобу, на падставе таго, што ў іх ёсць, таго ж пасведчання аб нараджэнні.
Па-другое, канешне, гэта ставіць пад сур’ёзны знак пытання законную сілу ўсіх такіх крокаў беларускага рэжыму.
Не думаю, што шмат людзей вырашаць згуляць у гэтую гульню. Цяпер можна пазбавіцца магчымасці прадаць кватэру, а калі ты пачынаеш гуляць па гэтых правілах і едзеш у Беларусь, ты яшчэ можаш пазбавіцца і свабоды. Гэта трэба разумець.
Параіць магу, калі нехта яшчэ не займаўся пытаннямі легалізацыі ў краіне сваёй эміграцыі, трэба тэрмінова гэта рабіць.
Да таго ж былы супрацоўнік амбасады заўважыў, што з такімі новаўвядзеннямі адпадае неабходнасць у наяўнасці саміх беларускіх пасольстваў.
— Няма насамрэч ніякіх падстаў ужо некалькі гадоў для пасольстваў Беларусі ў многіх краінах. Кантакты ў іх вельмі абмежаваныя, эканамічнае супрацоўніцтва таксама. Бізнесмены, якія сабе паважаюць, не пойдуць у беларускую амбасаду з нейкай інвестыцыйнай прапановай.
Беларусаў, якія тры гады былі вымушаны наведваць амбасады для вырашэння праблем з дакументамі, зараз не будзе.
Паводле gazetaby.com