«Узнікае новы вобраз беларуса ў Еўропе — чалавек без пашпарта»
Нельга сказаць, што ўказ пра забарону беларускім консульствам выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі стаў такім ужо нечаканым. З аднаго боку, рэжым ставіць задачу пазбавіць усіх нязгодных статусу грамадзян Беларусі. З іншага — прызнае значную палітычную вагу беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой, піша палітолаг Валерый Карбалевіч на «Свабодзе».
Нельга сказаць, што ўказ пра забарону беларускім кансулятам выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі і выконваць вялікую колькасьць іншых адміністрацыйных працэдураў стаў такім ужо нечаканым. Да гэтага ішло.
Фактычна ўлады ўзялі на ўзбраеньне канцэпт, што грамадзянамі, народам варта лічыць толькі тых людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Усе, хто супраць рэжыму, выключаюцца з грамадзтва, яны аўтаматычна залічваюцца ў ворагі, заходнія агенты, на іх вешаюць ярлыкі «экстрэмісты», «тэрарысты» і «нацысты».
Праціўнікі Лукашэнкі фактычна апынуліся пазбаўленымі правоў. Законы на іх не распаўсюджваюцца. Пад гэты канцэпт падведзеная прававая база. У межах барадзьбы з дыяспарай рэжым прыняў заканадаўчыя акты пра пазбаўленьне грамадзянства беларускіх эмігрантаў і канфіскацыю іх маёмасьці, дазволіў завочныя суды над імі. Але пакуль іх практычная рэалізацыя не набыла шырокага характару, закранула ня так шмат людзей.
А вось цяперашні ўказ пра забарону беларускім кансулятам выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі закране вялікую колькасьць эмігрантаў. Лукашэнка нанёс балючы ўдар па сваіх праціўніках. Асалода помсты — важная рэч, якая кіруе ягонымі дзеяньнямі.
Выцісканьне праціўнікаў рэжыму за мяжу было першым этапам пазбаўленьня ад неляяльных асобаў. Цяпер, на новым этапе, рэжым ставіць задачу ўвогуле пазбавіць іх статусу грамадзянаў Беларусі. Спачатку фактычна, потым і юрыдычна. Пасьля зьяўленьня гэтага ўказу нямала беларускіх эмігрантаў задумаецца пра тое, каб набыць грамадзянства іншых краінаў. І гэты працэс будзе паскарацца. Іншае пытаньне, наколькі гэта дазволіць Лукашэнку рэалізаваць сваю мару пра ператварэньне Беларусі ў краіну ягоных прыхільнікаў. Але цяпер зроблены рашучы крок у гэтым кірунку. І ўсе развагі пра тое, калі, нарэшце, усё гэта спыніцца, ня маюць сэнсу. Эвалюцыя рэжыму адбываецца толькі ў адзін бок.
Цяперашні ўказ — гэта чарговы этап працэсу дэфолту дзяржаўных функцыяў, рэдукцыі дзяржавы да палітычнага рэжыму. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы перасталі выконваць свае абавязкі. Напрыклад, разбурана прававая сыстэма і інстытуты правасудзьдзя. Абрынулася вонкавая палітыка Беларусі, краіна страчвае сваю міжнародную суб’ектнасьць. Гісторыя зь мігрантамі, якія прарываюцца празь мяжу, сьведчыць пра тое, што дзяржава не выконвае функцыі аховы межаў. І вось цяпер дзяржава адмаўляецца ад абароны сваіх грамадзянаў за мяжой, у прыватнасьці, ухіляецца ад аказаньня ім консульскіх паслугаў.
Разам з тым выданьне згаданага ўказу азначае, што рэжым прызнае значную палітычную вагу беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой. Гаворка ня толькі пра Офіс Сьвятланы Ціханоўскай ці Аб’яднаны пераходны габінэт. Дыяспара ператварылася ў палітычны чыньнік, яна так ці інакш уплывае на палітыку Захаду адносна афіцыйнага Менску. Таму і робіцца спроба нэўтралізаваць гэты чыньнік тымі інструмэнтамі, якія рэжым мае ў сваіх руках.
Як слушна кажа ў сваім тэлеграм-канале Павал Латушка, гэтым указам рэжым стварае праблемы ня толькі вялікай колькасьці беларусаў, але і краінам ЭЗ. Узьнікае новы вобраз беларуса ў Эўропе — чалавек бяз пашпарту. Гэта выклік і для самога Эўразьвязу. І было б лягічна, каб адказ на пытаньне, што рабіць тым тысячам беларусаў, якія апынуліся ці хутка апынуцца без пашпартоў, быў знойдзены на ўзроўні Брусэлю, кіраўніцтва Эўрапейскага зьвязу.
Захаваны правапіс арыгінала