«Пуга» падзейнічала. Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС сцішваецца

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, сацыёлаг Генадзь Коршунаў аналізуе жнівеньскія даныя аб колькасці спроб нелегальных перасячэнняў меж Беларусі з краінамі ЕС і адзначае, што пагроза закрыць мяжу ў выпадку спробы масавага прарыву мігрантаў спрацавала вельмі паспяхова.

Фота: «Sputnik»

Фота: «Sputnik»

Жнівень, які скончыўся толькі на мінулым тыдні, аказаўся багатым на падзеі на межах Беларусі з Літвой і Польшчай, у меншай ступені — з Латвіяй.

Інтэнсіўнасць абмеркавання тэмы крызісу на межах, вядома, была не такая, як у кастрычніку-лістападзе 2021 года, але дзесьці побач з тым. Тут табе і вайсковыя вучэнні, і сілавое ўзмацненне меж, і закрыццё памежных пераходаў (пакуль толькі двух), і пагрозы закрыць альбо яшчэ два пераходы, альбо наогул усю мяжу. Зрэшты, на Варшаўскай сустрэчы 28 жніўня было сказана, што мяжу пакуль закрываць не будуць. Затое на чырвонай лініі выразна пазначылі два сцяжкі — узброены інцыдэнт на межах з удзелам «вагнераўцаў» і «арганізаваны масавы прарыў нелегальных мігрантаў».

Тут паказальныя два моманты. Па-першае, прынцып калектыўнай бяспекі: на якой бы мяжы (беларуска-польскай, беларуска-літоўскай, беларуска-латвійскай) ні здарыўся інцыдэнт, жалезная заслона ўпадзе на ўсіх межах (і на беларуска-польскай, і на беларуска-літоўскай, і на беларуска-латвійскай). Па-другое: прынцып «Дамоклова мяча», гэта значыць пагрозы раптоўнай рэалізацыі ўсіх абяцанняў з нагоды закрыцця меж.

Справа ў тым, што калі адносна першага сцяжка — узброенага інцыдэнту на мяжы — былі дадзены хоць нейкія тлумачэнні аб тым, што будзе лічыцца «крытычным» парушэннем (інцыдэнт, які «ўяўляе сур'ёзную пагрозу нацбяспецы краін»), то другі сцяжок застаўся нявысветленым. Проста «арганізаваны масавы прарыў».

Якім чынам арганізаваны? Наколькі масавы? Менавіта прарыў з заходам на чужую тэрыторыю або досыць нейкай атакі на памежныя ўмацаванні? Магчыма, на сваёй сустрэчы міністры Польшчы, Літвы і Латвіі адказы на гэтыя пытанні і прагаварылі, але ніякія медыя пра гэта да ведама не давялі.

Невядомасць — гэта фрустрацыя, таму што «калектыўны Захад» фармальна пакінуў за сабой права назваць крытычным «прарывам» любую досыць вялікую па колькасці падзею на любой з меж Беларусі з краінамі ЕС.

Разам з тым, каб не ўзнікала двухсэнсоўнасцей, улады Польшчы і балтыйскіх краін паказалі на неабходнасць прыбраць з тэрыторыі Беларусі «вагнераўцаў» і адвесці ад памежных тэрыторый мігрантаў (паралельна з гэтым намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Павел Яблонскі правёў сустрэчу з прадстаўнікамі пасольстваў арабскіх краін па тэме Беларусі і міграцыйнага крызісу на яе мяжы).

У дадатак да гіпатэтычнай «пугі» пачаліся размовы і пра магчымыя «пернікі». Так, у прыватнасці, польскія ўлады ў асобе намесніка міністра ўнутраных спраў Мацея Вонсіка сказалі, што, тэарэтычна, яны маглі б адкрыць пункты пропуску на сваёй мяжы з Беларуссю, калі рэжым Лукашэнкі з разуменнем паставіцца да вылучаных яму прапаноў.

Які водгук гэтыя словы атрымалі ў нетрах рэжыму, сказаць складана. Хоць Лукашэнка і чарговым разам згадаў, што з суседзямі трэба сябраваць, яны ж «ад Бога!», і нават запрасіў Польшчу даслаць назіральнікаў на чарговыя вучэнні (польскі бок запрашэння не прыняў).

Што ж цягам усяго гэтага часу адбывалася на паўночных і заходніх межах Беларусі? Праглядалася некалькі выразных жнівеньскіх трэндаў:

  • тэндэнцыя да зніжэння колькасці спроб прарыву беларуска-польскай мяжы (з больш чым 1000 кейсаў да менш чым 500 на тыдзень);
  • захаванне «плато мінімумаў» на мяжы з Літвой (на ўзроўні менш за 50 спроб нелегальнага перасячэння на тыдзень);
  • на беларуска-латвійскай мяжы ўмацоўваўся яшчэ ліпеньскі трэнд на рост колькасці нападаў на мяжу (ад 160 у другім тыдні ліпеня да 324 на трэцім тыдні жніўня).

Пасля 28 жніўня («ультыматум» з чырвонымі сцяжкамі ад Польшчы, Літвы і Латвіі) сітуацыя часткова змянілася. Часткова, таму што польскі «трэнд на зніжэнне» і «літоўскае плато» засталіся без змен. А вось на беларуска-латвійскай мяжы адбыўся скачкападобны рост нападаў — практычна двухразовае павелічэнне колькасці спроб нелегальнага перасячэння меж (з 324 да 616 кейсаў, што стала гістарычным максімумам з самага пачатку міграцыйнага крызісу, з чэрвеня 2021 года).

І хоць за кошт латвійскага кірунку агульная колькасць спроб перасекчы межы Беларусі з краінамі ЕС на гэтым тыдні вырасла, думаецца, рэжым усё ж паспрабаваў зрэагаваць на польска-балтыйскую рыторыку — па максімуме прыбіраючы мігрантаў з меж найбольш актыўных апанентаў.

На працягу мінулага тыдня (другі пасля «ўльтыматуму») латвійскі трэнд з ростам колькасці нападаў усё ж зламаўся: у параўнанні з папярэднім тыднем колькасць спроб прарыву ўпала амаль у два разы (з гістарычнага максімуму да 321 кейса). Пры гэтым на беларуска-літоўскай мяжы «плато мінімумаў» захоўваецца, а на беларуска-польскай колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы па-ранейшаму працягвае падаць. І гэта падзенне прывяло да таго, што на мінулым тыдні для нелегальных спроб перасячэння беларуска-польскай мяжы адзначаны гадавы мінімум — усяго 195 кейсаў (менш было толькі ў верасні 2022 года).

krizis2_06.webp

Таксама знізілася і агульная колькасць нападаў з боку Беларусі на межы краін ЕС, прычым знізілася вельмі значна — амаль у два разы (ад тысячных значэнняў у сярэднім за тыдзень да крыху больш за 500).

Такім чынам, на бягучы момант сітуацыя складваецца ў прынцыпе абнадзейлівая, з пазітыўнай перспектывай. Аднак як і куды яна павернецца ў будучыні — вялікае пытанне. У канцы 2021 года ўсе думалі, што міграцыйны крызіс на ўсходніх межах ЕС паспяхова разрулены, а вось глядзі ж ты. Ён проста згасаў тады і, магчыма, згасае цяпер.

Але датуль, пакуль і ў Беларусі, і ў Расіі, праз якую ідуць міграцыйныя шляхі ў Беларусь, ва ўладзе будуць знаходзіцца браты-аўтарытары, пра поўнае спыненне крызісу казаць не даводзіцца.