Рудкоўскі: Польшча прапануе «плату» за тое, што Лукашэнку і так прыйдзецца зрабіць

Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік заявіў, што разлічвае на змякчэнне палітыкі афіцыйнага Мінска ў розных вымярэннях — не толькі ў міграцыйнай палітыцы, але і ў тым, што датычыць прысутнасці «вагнераўцаў». Па яго словах, польскі бок чакае, што «Лукашэнка пазбавіцца ад гэтых людзей». У адказ Польшча можа адкрыць закрытыя раней памежныя пераходы на польска-беларускай мяжы.

Фота з censoru.net

Фота з censoru.net

«Філін» абмеркаваў заяву польскага чыноўніка з палітолагам Пятром Рудкоўскім.

— На вашу думку, чым абгрунтаваны і ці абгрунтаваны ўвогуле гэтыя чаканні?

— Мяркую, тут два фактары згулялі сваю ролю. Першы — гэта імператыў каардынавання рашэнняў наконт мяжы з Беларуссю паміж Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Мы не ведаем зместу непублічнай часткі нядаўніх перамоў паміж міністрамі ўнутраных спраў балтыйскіх краін і Польшчы, але падазраю, што асноўнай задачай быў пошук больш збалансаванага падыходу ў гэтай справе.

Бо да нядаўняга часу было так, што ў Літве дзейнічала шэсць кантрольна-прапускных пунктаў, у Польшчы, уключна з чыгуначнымі — чатыры, у Латвіі — два.

Хоць у публічнай прасторы пераважна агучвалася перспектыва поўнага закрыцця меж (пакуль што толькі тэарэтычная), але я перакананы, што міністры абмяркоўвалі таксама — як адзін з варыянтаў больш збалансаванага падыходу — адкрыццё раней закрытых пунктаў (гэта тычылася Польшчы).

На гэта наклалася справа з гібеллю двух кіраўнікоў «вагнераўцаў», што, імаверна, матывавала польскі бок «падштурхнуць» беларускі рэжым у бок дээскалацыі памежнага напружання. Гэта і ёсць другі фактар.

Ці «чаканні» абгрунтаваныя? Ну, гэта не столькі «чаканні», колькі элемент, калі можна так сказаць, гульні: польскі бок, бачачы нарастанне арганізацыйных і фінансавых праблем беларускага рэжыму з «вагнераўцамі» (ці, дакладней, ужо экс-«вагнераўцамі»), дае рэжыму сігнал, які патрабуе пэўнай рэакцыі.

У залежнасці ад таго, якой будзе рэакцыя, будуць прыняты наступныя крокі (або адкрыццё закрытых пунктаў, або закрыццё чарговых пунктаў, або працяг цяперашняга стану рэчаў).

— Мацей Вонсік патлумачыў, што платай рэжыму Лукашэнкі за крокі насустрач будзе адкрыццё закрытых раней памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Ці дастатковая гэта плата для Мінска сёння?

— Уявім, што ў вас ёсць спраўны і добры аўтамабіль і хтось прапануе 100 даляраў за тое, каб вы яго пазбыліся. Плата, канешне ж, нічога не вартая. А ўявіце сабе, што аўтамабіль ваш безнадзейна паламаўся і далейшае яго захоўванне спараджае для вас больш праблем, чым карысці.

У гэтым другім выпадку плата ў памеры 100 даляраў за тое, што пазбудзецеся такога аўтамабіля, будзе цалкам дарэчнай. Справа з «вагнераўцамі», канешне ж, не такая простая, як у прыкладзе з аўтамабілем, але агульная логіка застаецца актуальнай.

Калі зыходзіць з таго, што, як нядаўна заяўляў Лукашэнка, «вагнераўцы» ў Беларусі — усур’ёз і надоўга, што згортванне намётаў — элемент аптымізацыі, а масавыя выезды наймітаў з краіны звязаны выключна з «перыядам адпачынкаў», то, хутчэй за ўсё, плата недастатковая.

Але дужа сумнеўна, што сапраўды так ёсць. Знаходжанне «вагнераўцаў» у Беларусі, хутчэй за ўсё, пад вялікім пытаннем, бо няма рэсурсаў на іх утрыманне і — што асабліва важна — ёсць апасенні наконт таго, ці здольныя лаяльныя Лукашэнку спецслужбы эфектыўна кантраляваць іх у перспектыве многіх месяцаў або гадоў.

Такім чынам, ёсць падставы лічыць, што Польшча прапануе «плату» за тое, што рэжыму і так прыйдзецца ажыццявіць.

— Раней польскі бок агучыў патрабаванне да ўлад Беларусі вызваліць Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў. У гэтай заяве прадстаўніка МУС Польшчы, падаецца, такой умовы не гучала. Чаму?

— Тут два тлумачэнні: логіка малых крокаў і прынцып захавання твару. У сітуацыі, калі партнёр (праціўнік) настроены варожа і няма шанцаў на вялікія саступкі, часам мае сэнс дамагчыся хаця б мінімальных, нават сімвалічных, саступак.

Гэта можа запусціць працэс далейшых саступак і павялічыць шанец дамагчыся большых мэт, як, напрыклад, вызваленне Пачобута.

Другое тлумачэнне: не агучваць публічна ключавое патрабаванне, каб даць магчымасць рэжыму «захаваць твар» у выпадку, калі ён усё ж наважыцца пайсці на саступку.

Калі будзе заяўлена: «Патрабуем вызваліць Пачобута», то рэжым у цяперашняй сітуацыі амаль напэўна не зробіць гэтага — толькі па той прычыне, што гэта сапсавала б яму вобраз моцнага і самаўпэўненага суб’екта. Бо атрымалася б, што Польшча выставіла нейкае патрабаванне, а рэжым тут жа ўзяўся яго выконваць.

У цяперашняй сітуацыі адзіны спосаб павысіць шанцы на вызваленне Пачобута — зрабіць гэта, дазваляючы рэжыму захаваць твар. Гэта другое тлумачэнне, чаму не было ўзнята пытанне, якое для Польшчы, канешне ж, дужа важнае.