Варшава патрабуе таго, чаго Мінск не можа выканаць, а Лукашэнка прапануе тое, на што не пойдзе Польшча
Падаецца, што ў адносінах Беларусі з заходнімі суседзямі можа пайсці пацяпленне. Але ці так гэта?
У выпадку закрыцця мяжы з Еўрасаюзам Мінску давядзецца размаўляць з Пекінам. Эмоцыі, якія Беларусь 30 гадоў паспяхова прадавала Расіі (захапленне, замілаванне, вобраз малодшага брата — уся гульня на расійскіх комплексах), у кітайскім выпадку абсалютна не працуюць.
Нядаўна прайшло пасяджэнне Савета Бяспекі. У адкрытай частцы пасяджэння прагучала рэакцыя на прапанову Польшчы. Напярэдадні намеснік міністра ўнутраных спраў РП Мацей Вонсік заявіў, што яго краіна гатовая пайсці на саступкі ў выпадку вываду «вагнераўцаў» з Беларусі і спынення патокаў нелегальных мігрантаў.
«Калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, то павінна пачаць супрацоўнічаць. Гэта відавочна павінна быць аплачана Беларусі. Можа быць, адкрыем частку памежных пераходаў, закрытых цяпер. Але калі супрацоўніцтва і рэакцыі з іншага боку не будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, закрыюць усе памежныя пераходы, не толькі дарожныя, але і чыгуначныя, і Беларусь фактычна будзе адрэзаная ад Еўропы», — сказаў Мацей Вонсік.
«Яны дастукаліся да таго, што ўжо патрабуюць неадкладнага вываду іх з Беларусі. Пры гэтым самі павялічваюць ваенныя бюджэты, сцягваюць да нашых межаў буйныя воінскія фарміраванні. Адказ просты: ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць аніводнага замежнага вайскоўца. Тады можна і нам прад'яўляць прэтэнзіі з нагоды прысутнасці тут вайскоўцаў з іншых краін. А пакуль гэта — неабгрунтаваныя і дурныя патрабаванні (нават не просьбы і прапановы, а патрабаванні)», — абвясціў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адмаўляецца выводзіць «вагнераўцаў», але прапанаваў Польшчы паназіраць за вайсковымі вучэннямі АДКБ «Баявое братэрства — 2023», якія пачаліся 1 верасня на Брэстчыне.
І вішанькай на торце стала чарговае вядро абвінавачанняў, вылітае на галаву Варшаве, напрыклад, «аб падрыхтоўцы на іх тэрыторыі нашых збеглых для ажыццяўлення ваеннага перавароту ў Беларусі».
Вось такі абмен думкамі адбыўся ў публічнай прасторы. Пра што ён сведчыць? «Свабодныя навіны» папрасілі адказаць на гэтыя пытанні гісторыка, палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.
— Асноўныя тэмы, натуральна, абмяркоўваліся на закрытай частцы пасяджэння Савета Бяспекі. Але сам факт яго правядзення паказвае, што сітуацыя сапраўды напружаная: і на межах, і з «Вагнерам», — таму неабходна калектыўна яе абмеркаваць.
А адкрытая частка выкарыстоўвалася для рэтрансляцыі адпаведных мэсэджаў — як для сваёй публікі, так і замежнай. Як і раней, на публіцы Лукашэнка фактычна ўступае ў дыялогі з польскімі і літоўскімі ўладамі — гэта, хутчэй за ўсё, гаворыць пра тое, што іншых каналаў камунікацыі не прасочваецца; так ці інакш, у яго ёсць патрэба мець зносіны ў такім адкрытым фармаце.
— Польшча выказала гатоўнасць пайсці на саступкі наўзамен на вывад «вагнераўцаў» з Беларусі, на што Лукашэнка адказаў запрашэннем паназіраць за вайсковымі вучэннямі «Баявое братэрства — 2023». Ведаеце, гэта ўсё роўна, што я пайду на базар — купляць каня, а прадавец: «Прабач, дарагі, каня няма, вазьмі курыцу».
— Таксама няблага (смяецца).
Пачнём з Польшчы. Польская прапанова папулісцкая, заходнія суседзі выдатна разумеюць, што гэтае патрабаванне выканана быць не можа. Варшава гуляе ў «кошкі – мышкі»: выставіла патрабаванне, ведаючы, што Мінск яго не хоча выканаць, а хутчэй за ўсё — не можа, бо тыя ж «вагнераўцы» не ў яго кампетэнцыі. Іх лёс вырашаюць у іншым месцы, а ў значнай ступені і нелегальнай міграцыі. Тым не менш, умовы пастаўленыя ва ўльтыматыўнай форме. Спыніць перасячэнне межаў — значыць, прызнаць сваю адказнасць, а гэтага не хочацца. Нават калі мы ўявім фантастычны сцэнар: ультыматум пачне выконвацца — як гэта будзе выглядаць збоку? Значыць, Захад «прагнуў», карыстаючыся вядома чыёй тэрміналогіяй, націснуў і прымусіў выканаць умовы. Гэта цалкам супярэчыць усёй палітычнай логіцы Мінска: тамтэйшая аўтакратыя не можа паказаць слабасць.
Цяпер мы ўваходзім у асенне-зімовы сезон, калі колькасць мігрантаў натуральна знізіцца, а «вагнераўцы», цалкам магчыма, будуць паступова знікаць з Беларусі. Пакуль выглядае так, што расійскі бок настроены знішчыць гэтую ПВК як самастойную структуру. Гэта значыць, тэарэтычна, зрухі сапраўды магчымыя. Тым больш, рэжым не пойдзе на саступкі адкрыта.
Замест гэтага ён навязвае псеўдааргументы, спрабуе запудрыць мазгі; прычым не палякам гэта сказана, і не літоўцам — сказанае адрасавана беларускай публіцы. Маю на ўвазе запрашэнне паназіраць за вайсковымі вучэннямі. Акрамя таго, нам невядомы фармат прысутнасці назіральнікаў. І ў такім выпадку ўдзел азначае фактычна прызнанне легітымнасці Лукашэнкі, бо запрашэнне паступіла менавіта ад яго. Гэта зваротны прапагандысцкі папулісцкі крок, калі загадзя вядома: з гэтага прыгожага жэсту нічога рэальнага не выйдзе.
І яшчэ адзін момант трэба падкрэсліць: рыторыка. Яна запазычаная ў расійскім МЗС, які рэгулярна паўтарае: каго можна выводзіць з Беларусі, калі на тэрыторыі суседніх дзяржаў размешчаныя замежныя войскі?
Тут мы маем справу з падменай паняццяў, таму што краіны Балтыі і Польшча з'яўляюцца чальцамі NATO, а войскі ЗША ў Польшчы або падраздзяленні бундэсвера ў Літве — частка аднаго альянсу.
А «Вагнер» — ПВК, якая не з'яўляецца нават часткай Мінабароны РФ, гэта прыватныя найміты з адпаведнай рэпутацыяй.
Калі ўжо казаць пра сіметрыю, то Лукашэнка мог бы ўжываць гэты аргумент, запатрабуй палякі вывесці падраздзяленні расійскага войска. Тады б ён мог заявіць: як у вас з NATO, так у нас з Расіяй – такі ж вайсковы саюз. Але Польшча такіх патрабаванняў — абсалютна фантастычных — не выстаўляла. Так што ў Мінску зноў пусцілі пыл у вочы звыклым чынам, без канкрэтыкі. Мы застаёмся на ранейшым узроўні: крокаў у бок эскалацыі пакуль няма, але і пра дээскалацыю казаць не даводзіцца.
— Значыць, Мінск задавальняе цяперашняе становішча спраў?
— Не. Непрыемна жыць з думкай пра магчымае закрыццё мяжы. Што б ні гаварылася, калі шлагбаум апусціцца і грузы не пойдуць — давядзецца тлумачыць Кітаю. Кітайцы не стануць нават выслухоўваць аніякія аргументы, менавіта Беларусь павінна забяспечваць транзіт праз сваю мяжу, а не забяспечвае — прабачце.
Увогуле, непрыемна, але даводзіцца дзейнічаць у рамках сваіх магчымасцей. А залежнасць Беларусі ад Расіі дайшла да такой ступені, што ўжо асабліва нічога самастойнага зрабіць не даводзіцца.
У Варшаве, якая выставіла ўльтыматум, таксама выдатна разумеюць, што Мінск не можа выканаць умовы, нават калі б і захацеў. Польшча выкарыстоўвае метад пугі і перніка, прычым пакуль вербальнага: з аднаго боку, падсоўвае пернік, які не з'есці, з другога — пагражае пугай, але пакуль не ўдарыла (я маю на ўвазе закрыццё мяжы). У адказ іншы бок таксама спрабуе брыкацца. Але ўсе цвяроза думаючыя людзі разумеюць: у яго проста няма поля для манеўру, ён нічога не можа зрабіць. Можа быць, Пуціну выказваюцца нейкія меркаванні на гэты конт, але не факт, што яны будуць рэалізаваныя.
— Як верагоднае закрыццё мяжы адаб'ецца на «ўсепагодным супрацоўніцтве» Мінска і Пекіна?
— Кітай заўсёды дзейнічае прагматычна, эмоцыі, якія Беларусь усе 30 гадоў паспяхова прадавала Расіі (захапленне, замілаванне, вобраз малодшага брата — уся гульня на расійскіх комплексах), у кітайскім выпадку абсалютна не працуюць. Пакуль Кітаю выгадна — ён супрацоўнічае, да апошняга часу ўсё ўсіх задавальняла. Але калі Мінск нанясе шкоду кітайскім інтарэсам, а ў сённяшніх умовах, калі ў Пекіна няма вялікіх магчымасцей перазапусціць праект «Шаўковага шляху» (Украіна сёння закрытая і без асаблівых шанцаў адкрыцца найбліжэйшым часам), не патрэбныя праблемы яшчэ і тут. Кітай акрэсліў сваю пазіцыю.
Але не варта перабольшваць яго значэнне. Мінск заглядваецца на Кітай, хацеў бы больш залежаць ад Кітая, Кітай для яго — арыенцір. Але пад бокам сапраўдны гаспадар, і гэта — Расія. Таму калі яна загадае закрыць мяжу, давядзецца гэта выканаць, нягледзячы на пажаданні Пекіна.
Што тычыцца механізмаў ціску Кітая на Расію, то яны ёсць. Але, зноў жа, я б не стаў успрымаць адносіны паміж імі як адносіны паміж сюзерэнам і васалам. Крэмль, нягледзячы на сваю залежнасць ад Паднябеснай, усё роўна працягвае гнуць сваю лінію. Праект Пуціна на мяжы, супрацьстаяння з Захадам – гэта праект яго жыцця, мабыць, менавіта да яго ішоў увесь свой прэзідэнцкі тэрмін, нарэшце дабраўся і ўвайшоў у клінч. Калі кітайцы нават і будуць ціснуць (а яны будуць ціснуць), Пуцін, хутчэй за ўсё, не зможа спыніцца. Кітай гэта разумее. Захад чакае ад Пекіна сур'ёзнага ціску на Расію, але ў рэальнасці там могуць зрабіць значна менш, чым ад іх чакае Захад.