Класкоўскі: Адносіны з суседзямі будуць нацягнутымі да канца эпохі Лукашэнкі

Палітычны аналітык праекта «Позірк» лічыць, што Лукашэнка ўжо не верыць у магчымасць нейкай здзелкі з Захадам. Рэжым перайшоў Рубікон, не «жарсціць» ён ужо не можа і баіцца, што абрынецца нават ад мінімальнага паслаблення гаек…

Фота з glagol.press

Фота з glagol.press

Пагроза поўнага закрыцця меж паміж Беларуссю і краінамі ЕС, здаецца, крыху змяншаецца. Ва ўсякім выпадку, літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што гэтае пытанне губляе актуальнасць, паколькі сітуацыя са знаходжаннем наймітаў ПВК «Вагнер» на беларускай тэрыторыі стабілізуецца.

Пасля гібелі правадыра гэтай ПВК Яўгена Прыгожына «з'явіліся падставы казаць пра разлад у «Вагнеры», адзначыў Наўседа. У яго няма інфармацыі, што «чальцы групы «Вагнер» знаходзяцца на нашай мяжы і спрабуюць дэстабілізаваць памежную сітуацыю».

Хрэнін паблажлівы

У сваю чаргу міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін нечакана паблажліва пракаментаваў нядаўні інцыдэнт з меркаваным перасячэннем мяжы польскім баявым верталётам. Маўляў, гэта не правакацыя, усяму віной «нізкая падрыхтоўка лётчыкаў». Як бачым, генерал адначасна мазнуў летуноў польскай арміі, але ў цэлым выказаўся міралюбна.

Дый самі вучэнні АДКБ, на якіх Хрэнін зрабіў гэтую заяву, наўрад ці нясуць пагрозу суседзям-натаўцам, хоць і праводзяцца ля іх меж. Не той маштаб, удзел дзяржаў Цэнтральнай Азіі — таксама стрымлівальны фактар.

У Расіі на варожыя дзеянні супраць NATO пад выглядам манеўраў проста няма пораху. Запланаваныя раней на тэрыторыі Беларусі вучэнні «Захад-2023» і зусім скасаваны. Як цынічна прамовіў расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу, «сёлета ў нас «вучэнні» ва Украіне».

Паток нелегалаў трохі аслабеў

Некалькі менш стала нелегалаў, якія спрабуюць пранікнуць у блаславёны ЕС з Беларусі.

У першы дзень восені мяжу з ЕС з тэрыторыі Беларусі спрабавалі нелегальна перасячы 89 мігрантаў, 2 верасня — 52, 3 верасня — 62. 4 верасня колькасць такіх спроб вырасла да 133, аднак гэта ўсё роўна менш за пік сённяшняга года — 292 спробы 27 ліпеня. І ўжо ні ў якое параўнанне не ідзе з лічбамі восені 2021 года, калі пры поўным папушчальніцтве беларускіх сілавікоў мяжу штурмавалі натоўпы ў тысячы чалавек.

Даследчык Генадзь Коршунаў,аналізуючы свежую мігранцкую статыстыку, адзначае, што за мінулы тыдзень «колькасць нападаў з боку Беларусі на межы краін ЕС» знізілася амаль удвая.

Паказальны штрых: днямі АМАП узяў групу з 40 нелегалаў-індыйцаў у Калодзішчах пад Мінскам. Пры гэтым МУС паведаміла, што замежнікі, не маючы віз, прыбылі з Расіі наземным транспартам, далей планавалі прайсці ў Латвію.

Паколькі мяжа з Расіяй адкрыта, то пры жаданні плынь нелегалаў могуць фарсіраваць адтуль. Так што не ўсё тут у руках беларускага рэжыму. Але зразумела, што магутныя, разгалінаваныя сілавыя структуры Лукашэнкі, якія ахапілі сачэннем усю краіну, здольныя, калі спатрэбіцца, заканапаціць практычна ўсе шчыліны, эфектыўна адлоўліваць нелегалаў. Іншая справа, што сам ён адкрытым тэкстам дае зразумець: мы на гэтую справу глядзім скрозь пальцы, атрымлівай, Еўропа, адказ за санкцыі.

Хутчэй за ўсё, Мінск працягне адсочваць і рэгуляваць гэты працэс, падтрымліваць яго ў тлеючым рэжыме. Каб не перагнуць палку, пазбегнуць закрыцця меж, адной з падстаў для якога міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі вызначылі арганізаваны масавы прарыў нелегалаў.

Глядзіце таксама

Лукашэнка ўжо не верыць у магчымасць здзелкі з Захадам?

Пры гэтым польскі міністр унутраных спраў Марыюш Каміньскі назваў цяперашнія вучэнні АДКБ у Беларусі элементам псіхалагічнай вайны супраць Польшчы. Варшава адпрэчыла запрашэнне Мінска назіраць за гэтымі манеўрамі: маўляў, на фоне рознага кшталту недружалюбных крокаў (з'яўленне «Вагнера» і ядзернай зброі ў Беларусі, міграцыйнага прэсінгу, варожых выказванняў Лукашэнкі) «такога кшталту запрашэнні варта трактаваць як прапагандысцкія дзеянні».

Гэты момант наглядна ілюструе характар двухбаковых адносін, калі ўзаемны недавер зашкальвае, кожны з бакоў чакае ад іншага падвоху.

І ўжо, вядома, не дадала паразумення недарэчная заява Лукашэнкі аб злашчаснай ПВК, якая прагучала ўжо пасля смерці Прыгожына, 25 жніўня: «Вагнер» жыў, «Вагнер» жывы і «Вагнер» будзе жыць у Беларусі». Ну хто за язык цягнуў так выказвацца пра гэты чамадан без ручкі?

Глядзіце: ужо і Наўседа не бачыць ад прыгожынцаў ранейшай небяспекі, зразумела, што групоўка распадаецца, а беларускі кіраўнік усё храбрыцца. Хоць сам напэўна не зацікаўлены, каб гэтыя «вагнераўцы» сваволілі, тузалі за вусы НАТА.

Падобна на тое, што і ў пытанні вызвалення Анджэя Пачобута, прадстаўніка польскай дыяспары, які атрымаў вялікі тэрмін за палітыку, Мінск і Варшава пакуль не знаходзяць агульнай мовы.

І нават замануха ад асобы намесніка міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацея Вончыка, маўляў, можам нават «адкрыць частку памежных пераходаў, закрытых цяпер», калі беларускі бок пазітыўна адгукнецца на нашы патрабаванні, не факт што спрацуе.

Можна меркаваць, што Лукашэнка ўжо не адчувае такога драйву, як у часы ўдалага геапалітычнага манеўравання. Не верыць у магчымасць нейкай сур'ёзнай здзелкі з Захадам — каб выслізнуць з-пад санкцый, адвесці пагрозу Міжнароднага крымінальнага пераследу. А «разменьвацца па дробязях» — не царская справа.

У беларускага кіраўніка іншыя арыенціры. Прымаючы кіраўніка ўзбекскага сената, Лукашэнка пахваліў, як там правялі сёлета канстытуцыйны рэферэндум і датэрміновыя прэзідэнцкія выбары: «Малайцы. Акуратна».

Для даведкі: на рэферэндуме тамтэйшы кіраўнік Шаўкат Мірзіёеў павялічыў тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў да сямі гадоў, а на выбарах яму напісалі больш за 87%. Ёсць да чаго імкнуцца беларускаму калегу. Зразумела, што «электаральныя кампаніі» 2024 і 2025 гадоў у Беларусі рыхтуюцца правесці як ніколі жорстка. Тут не да вытанцоўвання перад Захадам.

Пекла на памежных пераходах

Тым часам на памежных пераходах паміж Беларуссю і краінамі ЕС, якія яшчэ працуюць, — сапраўднае пекла. Людзі пакутуюць у кашмарных чэргах. Па паведамленні Дзяржпагранкамітэта Беларусі, 5 верасня чарга на ўезд у Літву складала больш за 500 фур. Беларускі бок сцвярджае, што літоўцы вельмі павольна працуюць. Напрыклад, супрацоўнікі пункта пропуску «Мядзінінкай» за суткі прапусцілі на сваю тэрыторыю ўсяго каля 30% фур ад нормы.

І сапраўды, можна дапусціць, што суседзі, у якіх выхадкі рэжыму ўжо ў пячонках сядзяць, залішняга імпэту ў плане абслугоўвання груза- і пасажырапатоку з «дыктатуры», «савецкага запаведніка» не праяўляюць. З іншага боку, вярхі рэжыму, якія ў такіх чэргах не стаяць, пакуты звычайных грамадзян таксама не асабліва хвалююць. Так што звычайныя беларусы, кіроўцы-дальнабойшчыкі і іншы вандроўны народ аказваюцца паміж двух агнёў.

Сітуацыя вакол мяжы — гэта той выпадак, калі інтарэсы палітыкаў суседніх краін і беларускіх дэмакратычных сіл наконт выбару метадаў ціску на рэжым могуць не цалкам супадаць.

І вялікае пытанне, наколькі тамтэйшы палітычны істэблішмент стане прыслухоўвацца да замежных штабоў апазіцыі, калі будзе вырашана дзейнічаць радыкальна. Прасцей секануць наводліў, чым думаць, як бы і дыктатуры насаліць, і грамадзян не ўшчаміць. Рэмаркі накшталт той, што мы пакінем нейкія гуманітарныя калідоры — гэта, вядома, размовы на карысць бедных.

Глядзіце таксама

Хоць бы не стала горш

Зразумела, што галоўная крыніца памежных бед — характар цяперашняга беларускага рэжыму (хоць і ўнутрыпалітычныя гульні ў суседніх краінах, і лабізм тамтэйшых сілавікоў даюць пра сябе ведаць).

Так, Лукашэнка можа час ад часу змякчаць рыторыку, рабіць рэверансы перад суседзямі, каб не нарвацца на поўную блакаду. Але ў прынцыпе ён успрымае Захад як падступнага ворага, які пляце змовы супраць яго, Лукашэнкі, сакральнай улады. Плюс залежнасць ад Крамля такая, што з арбіты яго сатэліта не сысці.

Ды і ўнутры краіны наламана занадта шмат дроў, каб цяпер можна было пагуляць у саступкі Захаду, як гэта было ў перыяды адліг да 2020 года. Цяпер рэжым перайшоў Рубікон, не «жарсціць» ён, здаецца, ужо не можа, баючыся абрынуцца нават ад мінімальнага паслаблення гаек.

Так што стасункі з суседзямі, хутчэй за ўсё, будуць дрэннымі, нацягнутымі да канца эпохі Лукашэнкі. Нейкія гульні Мінска з Захадам магчымыя, мабыць, толькі калі рэжым моцна прыпячэ. Пакуль жа максімум, на што могуць пакуль спадзявацца беларусы, каб на межах не стала яшчэ горш, каб іх, грамадзян, не заканапацілі ў дыктатуры наглуха.