«Свае вербальныя інтэрвенцыі ён яшчэ пакуль кантралюе, а свае межы — не заўсёды»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» задаецца тым жа пытаннем, якім шматкроць задаваліся і мы: чаму словы беларускай улады разыходзяцца са справай, і другое часцяком абясцэньвае першае? І прыходзіць да высновы, што гэта — нездарма.
Літва абяцала ў пятніцу закрыць два памежныя пераходы — Літва закрыла ў пятніцу два памежныя пераходы. Улічваючы прапускную здольнасць двух закрытых пагранпераходаў гэта мера больш папераджальнай уласцівасці і зусім крыху — практычнай.
Але праз тыдзень Польшча і балтыйскія краіны збіраюцца абмеркаваць план поўнага закрыцця беларускай мяжы. Гэта значыць, яны будуць абмяркоўваць не пытанне, ці трэба закрываць мяжу. Не. Яны будуць абмяркоўваць, што канкрэтна трэба ім зрабіць. Паслядоўнасць крокаў, адказныя асобы, тэрміны выканання.
І беларускім уладам гэта вельмі не падабаецца. Таму што па наступствах для эканомікі поўнае закрыццё межаў будзе прыкладна як выбух тактычнай ядзернай бомбы. І, як я падазраю, беларускія ўлады гэтыя наступствы сабе нават прыкладна палічылі.
Так добра палічылі, што нехта зразумеў, што ён зайшоў далёка. Таму што яшчэ нядаўна сёй-той не мог сабе ўявіць, што яму насамрэч закрыюць мяжу. А цяпер уявіў. І пачаў укладвацца вербальнымі інтэрвенцыямі ў палітыку добрасуседства.
Але пры гэтым яны ж як закідвалі чужыя межы нелегальнымі мігрантамі, так і далей сабе закідваюць. Толькі на выходных у Польшчу зноў ішло больш за сто чалавек. Вось Латвія быццам не збіралася закрываць мяжу, але пасля таго, як нелегальная міграцыя часткова пераарыентавалася ў яе бок, адразу задумалася.
Вось раней я гэтую неадпаведнасць паміж вербальнымі інтэрвенцыямі і паводзінамі на мяжы спісваў на эксцэс выканаўцаў, якія не разумеюць тонкія дыпламатычныя манеўры. Але за два тыдні нават самому тупому выканаўцу ўжо можна было растлумачыць, што так рабіць не трэба.
І ведаеш што? Я пачаў задумвацца пра тое, што сёй-той, можа быць, не так ужо і кантралюе свае ўласныя межы. Гэта значыць, свае вербальныя інтэрвенцыі ён яшчэ пакуль кантралюе, а свае межы — не заўсёды. Нават у такім выключна ўнутраным пытанні, як нелегальная міграцыя ў бок Еўрасаюза.
А ў Беларусь ужо пачалі прыбываць расійскія войскі для ўдзелу ў вучэннях, якія пачнуцца з 1 верасня. І частка гэтых вучэнняў пройдзе на Берасцейскім палігоне, за 12 кіламетраў ад польскай мяжы. Гэта значыць, з аднаго боку, кантроль прынамсі над гэтым участкам мяжы стане яшчэ больш сумнеўным. А з іншага боку, усё ж памятаюць, чым скончыліся мінулыя вучэнні, якія праходзілі на мяжы з Украінай.
Я гэта табе да чаго кажу? Магчыма, суседзі, як і я, ужо не ўпэўненыя ў тым, што сёй-той можа трымаць сябе ў межах. Нават калі ён вельмі гэтага захоча. Урэшце, сёй-той сам прызнаўся, што пра пачатак вайны ва Украіне яго не папярэдзілі. Дык калі ў расійскіх войскаў ёсць якія-небудзь дадатковыя планы адносна беларуска-польскай мяжы, то сяго-таго ў гэтыя планы могуць зноў не пасвяціць.
Заўваж, я не кажу, што яно так ёсць. Я кажу, што суседзі могуць так падумаць. Беларускія ўлады маглі б, вядома, прадэманстраваць паўнату свайго суверэнітэту над даручанай тэрыторыяй. Ну, там, з турмаў каго-небудзь адпусціць, або прытармазіць мігрантаў. Але беларускія ўлады гэтага ж не робяць.
Ці не могуць зрабіць, ці не хочуць. Але, як падазраю, беларускім суседзям унутраная матывацыя беларускіх уладаў у даным выпадку зусім абыякавая. І яны могуць што-небудзь цалкам прэвентыўна прыкрыць ужо да 1 верасня. Не чакаючы, пакуль хто-небудзь, — не важна хто, — пачне іх да гэтага правакаваць.