Чаму ўлады забаранілі беларусам атрымліваць пашпарты за мяжой? Як гэта тлумачаць «дэпутаты»?

Чаму ўлады вырашылі абавязаць людзей вяртацца на радзіму, каб зрабіць дакумент? Пра гэта «Люстэрка» вырашыла спытаць у «дэпутатаў».

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2___4__logo.jpg

Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога беларусы больш не змогуць атрымаць пашпарты або падоўжыць тэрміны іх дзеяння за мяжой. Паўнамоцтвы на гэтыя працэдуры ў беларускіх дыпмісій забіраюць.

«Пашпарты, калі ёсць беларускія, павінныя цаніць, скарыстацца імі і вярнуцца на радзіму»

Першаму журналістка «Люстэрка» патэлефанавала экс-старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», дэпутату Генадзю Давыдзьку. Ён узначальвае Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Журналістка папрасіла дэпутата пракаментаваць сітуацыю як супрацоўніцы «Люстэрка» ці як звычайнай грамадзянцы Беларусі.

— Вы працуеце не на нас, таму я адказваць ні на што не буду, — адразу адмовіўся той размаўляць.

— Мы працуем для беларусаў. Людзі цяпер вельмі ўсхваляваныя, многія не могуць проста патэлефанаваць вам і задаць гэтыя пытанні. Можа, дзеля іх вы з намі пагаворыце?

— Я не магу вам каментаваць, бо я не ўпэўнены, што вы будзеце адкрытыя і аб’ектыўныя. Вы абавязкова ўсё гэта будзеце выкарыстоўваць у рамках той ідэалогіі, ад якой вы фінансуецеся. Вы працуеце на чужую ідэалогію. І тыя людзі, якія хочуць вярнуцца, яны заўсёды могуць вярнуцца. Для гэтага ў нас ёсць інструменты. Калі ніхто не здзяйсняў ніякіх злачынстваў, правапарушэнняў, дзверы для іх заўсёды адчыненыя. І пашпарты ў іх, калі ёсць беларускія, — яны павінныя іх цаніць, скарыстацца імі і вярнуцца на радзіму. Калі трэба — адбыць пакаранне і нармальна працаваць у свабоднай, справядлівай і чыстай, мірнай краіне.


Глядзіце таксама

— Я магу паказаць вам перад публікацыяй вашыя адказы.

— Я не буду з вамі супрацоўнічаць. Вы працуеце не на радзіму, і не на людзей, і не на патрыётаў! Вы працуеце на развал краіны! Няўжо вы не адчуваеце, якое заданне ў вашай рэдакцыі?

— У нас няма задачы развальваць краіну.

— І мы чытаем ваш рэсурс. На жаль, — перабіў Давыдзька і працягнуў свой маналог. — Я ж медыйны чалавек, бачу, як вы ўсе падаяце матэрыялы! Пад выглядам аб’ектыўнасці спрабуеце выконваць адну задачу: пасеяць разлад унутры краіны. Пасеяць сумневы ў правільнасці рашэнняў. [Калі дам вам каментар], усё роўна гэта будзе працаваць на папулярнасць рэсурсу! Гэта ілюзія вашай аб’ектыўнасці, плюралізму меркаванняў і гэтак далей!

Перастаньце мне тэлефанаваць! Я [вас] не паважаю! Больш за тое, я асуджаю вашае супрацоўніцтва з гэтым сродкам масавай інфармацыі або дэзінфармацыі. Таму да пабачэння. Забудзьце мой нумар, калі ласка, — эмацыйна адказаў дэпутат і паклаў трубку.

 

Глядзіце таксама

«Нельга вам інтэрв'ю! Вы ж усе — у турму вас»

Спытаць, чаму нават тыя беларусы, хто з’ехаў з краіны даўно і не ўдзельнічаў у пратэстах, не выказваўся супраць улады, цяпер будуць вымушаныя марнаваць час і грошы на паездку, каб зрабіць дакументы менавіта ў Беларусі, журналістка спрабавала і ў «Міс Беларусь — 2018», дэпутаткі парламента Марыі Васілевіч. Як і Давыдзька, яна таксама сябра Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ і параіла звярнуцца да дэпутата па прапісцы альбо звязацца падчас жывой лініі, прыйсці на прыём асабіста.

— Цяпер, на жаль, няма магчымасці вам даць каментар па тэлефоне. Час прыёму, калі вас цікавіць мой асабісты, — кожная другая серада з 16 да 18 вечара.

— Чаму вы адгароджваецеся ад непасрэднай камунікацыі? Я вам ужо патэлефанавала, вы можаце проста адказаць на пытанні. Ці абавязкова патрэбная гэтая бюракратычная сістэма?

— Спадзяюся, вы мяне пачулі. Калі ў вас ёсць такі запыт — радая буду вам дапамагчы ў тых фарматах, якія ўстаноўленыя, — паўтарыла Васілевіч.


Глядзіце таксама

Алег Гайдукевіч, чалец Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, спачатку пагадзіўся пагаварыць з журналісткай, але з агаворкай: «Я вам адкажу, але як грамадзяніну! Нельга вам інтэрв'ю! Вы ж усе [журналісты «Люстэрка"] — у турму вас», — у звыклай манеры адказаў па тэлефоне дэпутат. Яшчэ ў аўторак днём ён паабяцаў адказаць на пытанні пасля нарады, а пасля зноў адкладаў размову, спаслаўшыся на тое, што вывучае нарматыўную базу.

У сераду мы яшчэ некалькі разоў папрасілі ў Гайдукевіча каментар, але ўсярэдзіне дня ягоная памочніца паведаміла, што ён выкладзе яго ў сваім тэлеграм-канале, «можа, цягам сутак-двух».