Указ Лукашэнкі — не пра пашпарты і даверанасці, а пра адмову дзяржавы выконваць свае абавязацельствы

Права распараджацца маёмасцю з'яўляецца адным з асноўных і недатыкальных правоў чалавека — цяпер дзяржава пазбаўляе частку беларусаў гэтага права.

img_3136_logo_1.jpg

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала новы скандальны ўказ кіраўніка Беларусі:

— Новы ўказ Лукашэнкі пазбавіў беларусаў не толькі магчымасці памяняць пашпарт у пасольствах і консульствах, але і закрыў магчымасць распараджацца ўласнай маёмасцю з-за мяжы.

Згодна з указам, людзі больш не могуць прадаваць і перадаваць нерухомасць і транспарт без асабістай прысутнасці або даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі. Даверанасці, заключаныя за мяжой, з гэтага часу не могуць выкарыстоўвацца ў Беларусі для такога віду здзелак.

Усім, у каго ў Беларусі засталася нерухомасць і транспарт, прыйдзецца атрымліваць «дазвол» дзяржавы ёю распараджацца. Зрабіць гэта будзе магчыма, толькі апынуўшыся ў краіне. А значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, не змогуць свабодна кіраваць сваёй маёмасцю.

Права распараджацца маёмасцю з'яўляецца адным з асноўных і недатыкальных правоў чалавека. Ні адна дзяржава не павінна ўсталёўваць неабгрунтаваныя абмежаванні на яго ажыццяўленне».


Глядзіце таксама

Нагадаем, учора стала вядома, што беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой больш не змогуць выдаваць пашпарты беларусам, якія эмігравалі. Адмыслова для гэтага Лукашэнка падпісаў указ №278 ад 4 верасня, які ўскладніць жыццё многім беларускім эмігрантам.

Якраз месяц таму на канферэнцыі «Новая Беларусь» Валер Кавалеўскіпрадставіў узор новага беларускага нацыянальнага пашпарта. Плануецца, што такія пашпарты будуць выдаваць тым беларусам, якія вымушана з'ехалі з краіны,  а ў іх існуючых пашпартоў скончыўся тэрмін дзеяння. Але калі гэта здарыцца, пакуль не вядома.