«Ён з вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край – адзiн вялiкi вастрог». 91 год таму адбыўся абмен палітвязнямі-беларусамі
«Бронюсь, куды ты ідзеш?» — скрушна запытаўся Францішак Аляхновіч у Браніслава Тарашкевіча, стоячы на памежным мастку. Расказваем пра самы вядомы абмен беларускімі палітвязнямі і разважаем, ці магчыма штосьці падобнае сёння.
![369675820_6961016093962834_5868102724875135720_n.jpg 369675820_6961016093962834_5868102724875135720_n.jpg](/img/v1/images/369675820_6961016093962834_5868102724875135720_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Палітычна мудры крок польскіх уладаў, якія за беларуса патрабавалі ад Саветаў беларуса-ж»
З газеты «Родны Край» (Вільня, 16 верасня 1933):
«У сумных, шэрых буднях нашага нацыянальнага жыцця нейкім ясным праменем сонейка паказалася вестка, для беларускага грамадзянства бадай зусім неспадзяваная.
У выніку паразумення між польскім і савецкім урадамі 6 верасня на граніцы паміж Польшчай і БССР адбылася замена палітычных вязняў: Польшча звольніла з вастрогу і пусціла ў Саветы выдатнага беларускага грамадскага дзеяча і навукоўца Браніслава Тарашкевіча; Саветы ўзамен за яго звольнілі з вастрогу і пусцілі ў Польшчу выдатнага беларускага драматурга і драматычнага артыста Францішка Аляхновіча.
Пад той час, як беларускае грамадзянства шчыра вітае ў мурах старое Вільні вернага сына яе Аляхновіча, такое ж свята спраўляе беларускі Менск, вітаючы Тарашкевіча.
Дзелючыся з нашымі чытачамі гэтай радаснай весткай аб павароце з вастрожных муроў да вольнага жыцця дзвух такіх цэнных культурных сілаў беларускіх, мы лічым сваім абавязкам адзначыць сапраўды шляхетны і палітычна мудры крок польскіх уладаў, якія за беларуса патрабавалі ад Саветаў беларуса-ж».
![Браніслаў Тарашкевіч Браніслаў Тарашкевіч](/img/v1/images/a57ed24450c84b1a3da03eb56870d25b.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Браніслаў Тарашкевіч
«Наколькі выезд Тарашкевіча нікога не здзівіў, настолькі яго абмен на Аляхновіча ўсіх шакіраваў. Якая іронія лёсу! Даўнія старыя сябры сталі каля памежных слупоў, як прадстаўнікі варожых палітычны накірункаў. І абодва адначасова атрымалі свабоду пасля шматгадовай вязніцы…» — пісаў у 1933 годзе Антон Луцкевіч.
Сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзнялі капелюшы, і Аляхновіч скрушна прамовіў: «Куды ты, Бронюсь, ідзеш?».
Францішак Аляхновіч добра ведаў, на якія пакуты выракае сябе Тарашкевіч…
«Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край – гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну.
Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедзтва, а я – кiруюся на Захад, да «капiталiстычных» гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госьцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы», — пісаў Аляхновіч.
![Францішак Аляхновіч Францішак Аляхновіч](/img/v1/images/f._aljahnovicz__1921_h..jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Францішак Аляхновіч
Ён падрабязна апісаў ва ўспамінах гістарычную сустрэчу:
«Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм – з двума палiцыянтамi па бакох – той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень «капiталiстычнага гаспадарства» меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце…
Гэтулькi гадоў ня бачыўшы, з зацiкаўленьнем углядаўся я на гэтага чалавека, якi, хоць у добрай веры, усё-ж гэтулькi зламаў чалавечых жыцьцяў, кiруючы вочы сваiх землякоў на мiраж за межавымi слупамi…
Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер – чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi».
Глядзіце таксама
![Францішак Аляхновіч стварыў мастацкі летапіс свайго жыцця: «Хроніка Аляхновіча» Хроніка Францішка Аляхновіча](/img/v1/images/f._aljahnovicz_u_lvove__1910_ja_hh..jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Краязнаўца Кастусь Шыталь адзначаў: «Браніслаў Тарашкевіч пайшоў у СССР. Спачатку то яму магло здацца, што ён на волі, бо вакол не было турэмных кратаў. Затое адразу ён убачыў, як камуністы знішчылі ягоную найважнейшую працу для Беларусі — беларускі правапіс».
Глядзіце таксама
![«Што чуваць у вас з беларускай граматыкай?» Да дня народзінаў Браніслава Тарашкевіча «Што чуваць у вас з беларускай граматыкай?» Да дня народзінаў Браніслава Тарашкевіча](/img/v1/images/epoplqcltv1cw4o0ibin33fxctqy5yrf.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
8 студзеня 1938 г. Тарашкевіч быў прыгавораны да расстрэлу. Пад нечалавечымі катаваннямі падпісаў даносы на 249 (!) чалавек. Даследчык Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч не быў расстраляны, а загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.
«Камуністычная сістэма — смяротна небяспечная і знішчыла шмат беларусаў. Гэтаксама смяротна небяспечнымі ёсць сістэмы, якія выраслі на спадчыне камунізму», — падкрэсліў спадар Шыталь.
Францішку Аляхновічу было наканавана пражыць яшчэ 11 гадоў пасля вызвалення. Ягоная кніга «У капцюрох ГПУ», напісаная на волі, сталася адным з першых сведчанняў пра жахі ГУЛАГу.
«Францішак Аляхновіч быў забіты ў Вільні ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 г. Хто яго забіў — чырвоныя партызаны ці АК, невядома да нашага часу. Але перад забойствам Аляхновіч як рэактар газеты "Беларускі голас" пачаў друкаваць спісы беларусаў, забітых АК-аўцамі ў Лідскім павеце», — пісаў гісторык Леанід Лаўрэш.
Ці ёсць шанцы на вызваленне беларускіх палітвязняў сёння? «У нас няма часу на спрэчкі»
Азіраючыся на страшэнныя падзеі 1930-х, асабліва на часы чырвонага тэрору, беларусы нясмела прыглядаюцца: а дзе мы зараз? Ужо зазірнулі ў бездань 1937-га, альбо ўсё ж ёсць, куды імкнуцца?
На сёння выглядае, што крывавыя камуністы былі больш здольныя да перамоваў, чым рэжым Лукашэнкі. Абмен Аляхновіча на Тарашкевіча быў самым гучным, але далёка не адзіным.
Глядзіце таксама
![Лёс тых, хто вярнуўся на радзіму не зайздросны Яны паверылі і вярнуліся. Што з імі сталася?](/img/v1/images/partyzanski_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__39__logo_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Сёння, нягледзячы на намаганні розных прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, вызваленне беларускіх палітвязняў праз дамоўленасці здаецца амаль немагчымым.
Да таго ж, некаторыя барацьбіты з рэжымам лічаць падобныя размовы недапушчальнымі, выкарыстоўваючы тэрмін «гандаль палітвязнямі».
Так, напрыклад, баец палка Каліноўскага Аляксандр Клачко (ён ваюе пад пазыўным «Кусь») заяўляў: «Для мяне асабіста любы дзеяч перастане існаваць як дзеяч беларускай рэвалюцыі, калі ён возьме ўдзел у гандлі палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый».
«Людзі, якія выступаюць за гандаль у пытанні палітвязняў, пераследуюць інтарэсы, што пераклікаюцца з інтарэсамі рэжыму. Альбо яны выпадковыя беларусы ў пратэсце – не разумеюць, чаму людзі селі ў турму, за што яны змагаліся. Мая мэта – вызваленне Беларусі. Гэта аўтаматам зробіць палітвязняў вольнымі», — тлумачыў ваяр у размове з «Нашай Нівай».
Журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргей Навумчык з такім меркаваннем не згодны.
«Тое, што робяць у турмах з палітычнымі (маю на ўвазе ўсіх, а ня толькі прызнаных афіцыйнымі праваабаронцамі) — кваліфікуецца ў дыяпазоне ад катаваньняў да павольных забойстваў (ці хуткіх, як з Ашуракам). Горка прызнаваць, але адказнасьці за гэта сілавікі не панясуць. Ня бачу гістарычных перадумоваў. Будзем глядзець на рэчы рэальна — ў нашых шыротах гэтага не было ніколі», — нагадвае ён.
«Тое, што адказнасьці ня будзе, толькі распальвае садызм сілавікаў. Нельга чакаць гуманнасьці ад гэтай улады і яе выкармленых ёй забойцаў.
І калі захаваньне Незалежнасьці любымі даступнымі спосабамі сёньня мусіць быць мэтай усякага, хто лічыць сябе беларускім палітыкам — дык зьберажэньне жыцьця палітвязьняў ёсьць абавязкам кожнага, хто называе сябе чалавекам», — лічыць спадар Навумчык.
Глядзіце таксама
![Сяргей Навумчык пра тое, як Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай Сяргей Навумчык: «Ніхто ня ведае, што будзе ў Беларусі праз год — дай Бог, каб сама Беларусь захавалася»](/img/v1/images/sjarhej_navumczyk_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Былая палітзняволеная, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова нагадвала, што, згодна з рэгламентам дзейнасці АПК, адной з прыярытэтных мэтаў Кабінета з’яўляецца вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў.
«Нягледзячы на адсутнасць вынікаў, увесь скепсіс і канфліктнасць меркаванняў унутры дэмакратычнага руху, пытанне вызваленне палітычных вязняў – самы галоўны ў павестцы прадстаўніцтва. Мною праводзіцца рэгулярная праца на міжнародным узроўні, камунікацыя з прадстаўнікамі розных краін Еўразвязу, ЗША, міжнародных арганізацый, якія з’яўляюцца патэнцыйнымі перамоўшчыкамі альбо мелі адпаведны досвед у мінулым.
Да таго ж ідзе пастаянны пошук і камунікацыя па збору інфармацыі ўнутры Беларусі, сярод прадстаўнікоў рэжыма і набліжаных да іх», — сказала спадарыня Вольга.
Таксама Вольга Гарбунова расказала пра «гуманітарны спіс» асоб, якія паводле ўзросту (пенсіянеры), стану здароўя, наяўнасці інваліднасці і іншых фактараў патрабуюць экстранай медыцынскай дапамогі і павінны быць вызваленыя неадкладна – па стане здароўя і іншых гуманітарных прычынах. Гэта непаўнагадовыя асобы, шматдзетныя бацькі, бацькі, якія самастойна выхоўвалі дзяцей, ветэраны вайны.
«На жаль, у гэтым спісе ўжо няма двух прозвішчаў. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць другой групы па сэрцы і памёр у калоніі, ён прабыў у зняволенні 2 месяцы. Алесь Пушкін меў праблемы са здароўем, схуднуў на 20 кілаграм, праз неаказанай своечасова медыцынскай дапамогі памёр ад прабадной язвы ў турме.
Гэта кажа пра тое, што ў нас няма часу на спрэчкі, няма часу на асуджэнне палітвязняў за напісанне імі прашэнняў аб памілаванні. Нам патрэбна аб’ядноўваць і прыкладаць намаганні ўсіх структур, якія могуць дапамагчы выпрацаваць стратэгію вызвалення палітвязняў і пошуку рэсурсаў на гэта», — заявіла Вольга Гарбунова.
Зянон Пазьняк прапаноўваў абмяняць двух ваеннапалонных на палітзняволеную шматдзетную маці і журналіста-расследавальніка
Сёлета ў жніўні палітык Зянон Пазьняк звярнуўся да прэзідэнта Украіны і самаабвешчанага кіраўніка Беларусі з прапановай абмяняць ваеннапалонных на палітвязняў.
Адзначым, што гэта была першая канкрэтная прапанова ў гэтым кірунку з боку дэмакратычных сіл.
«Два палонныя грамадзяне Беларусі (Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч), якія былі ў расійскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, звярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь. Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазіцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы.
Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар — маці пецярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўленьня волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі», — напісаў палітык у публічным звароце да Зяленскага і Лукашэнкі.
Глядзіце таксама
![Зянон Пазьняк прапанаваў Лукашэнку і Зяленскаму абмяняць палонных расійцаў на беларускіх палітвязняў Зянон Пазняк просіць Лукашэнку і Зяленскага абмяняць ваеннапалонных на палітвязняў](/img/v1/images/67e7daad_b370_4266_adb7_7a4457055861_w1023_r1_s.avif?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх», — падкрэсліваў Зянон Пазьняк.
Аднак беларускі рэжым праігнараваў гэтую прапанову.
«У 1933 годзе ІІ Рэч Паспалітая выцягнула Францішка Аляхновіча з Салаўкоў. Ён напісаў турэмныя ўспаміны пад загалоўкам "У капцюрох ГПУ", якія выйшлі на некалькіх мовах. Што ж, напрошваецца пэўная паралель. І ў наш час цяпер мяжа Польшчы стала рысай, за якой тысячы беларусаў могуць адчуваць сябе спакойна і бяспечна. І я таксама ў кастрычніку 2021 года адчуў палёгку, калі ўбачыў польскі сцяг і надпіс "Rzeczpospolita Polska" на памежным пераходзе», — падзяліўся Кастусь Шыталь, акрэсліўшы гістарычную паралель.
На шчасце, сёння беларусам ёсць дзе шукаць бяспеку. Спадзяемся, неўзабаве гэтую патрэбу нашы суайчыннікі змогуць рэалізаваць і ў роднай краіне.