Хронікі рэпрэсій за 5 верасня
Сумная статыстыка за жнівень ад праваабаронцаў: 615 адміністрацыйных справаў і палітычна матываванага разбіральніцтва ў судзе, 69 чалавек прызналі палітвязнямі. Навіны з жыцця палітвязняў — затрыманні, ператрусы і суды. Галоўныя навіны дня знутры краіны.
- Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні
Вядома пра не менш як 615 фактаў пераследу паводле адміністрацыйных справаў і пра 307 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разбіральніцтва ў судзе: прызначана не менш як 98 арыштаў і 65 штрафаў.
За месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 69 чалавек;
Праваабаронца Наста Лойка асуджаная да 7 гадоў пазбаўлення волі паводле адвольных палітычна матываваных абвінавачванняў і знаходзіцца ў следчым ізалятары ў чаканні апеляцыйнага перагляду прысуду.
Беларускія ўлады бязлітасна распраўляюцца з грамадзянамі за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народу і войска з агрэсарам, у прыватнасці — за спробы ці за намеры далучыцца да вайсковых падраздзяленняў абаронцаў Украіны.
- Беларус Дзяніс Дашкевіч адмаўляецца ад грамадзянства
Дзяніс Дашкевіч — шасціразовы лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх музычных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. У знак пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі і выкарыстання тэрыторыі краіны для нападу на Украіну ён адмовіўся ад узнагародаў. Цяпер ён заявіў, што хоча адмовіцца і ад грамадзянства.
- Супрацоўніка МТС Аляксея Кузьміна будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў
Суд над палітвязнем распачнецца 11 верасня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Хрыпач.
Аляксей — начальнік аддзелу МТС, саліст музычнага гурта "Закон гуку". Мае трох дзяцей, адзін з іх з інваліднасцю. Яго затрымалі 26 кастрычніка 2022 года за тое, што нібыта перадаваў асабістыя даныя сілавікоў "Чорнай кнізе Беларусі". У ліпені прапагандысты запісалі з палітвязнем "палоннае інтэрв'ю".
Аляксея Кузьміна абвінавачваюць паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (Дапамаганне ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненае групай асоб) і арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
- За супрацу з «Белсатам» судзяць сям'ю палітзняволеных — суд закрыты
У Віцебску сёння, 5 верасня, пачынаюць судзіць палітзняволеных відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і ягоную жонку Таццяну Пыцько. Справу разглядае Віцебскі абласны суд, суддзя — Яўген Буруноў. Судовы працэс ідзе ў закрытым рэжыме.
Віцебскага відэааператра-фрылансера Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым пасля ператрусу. Пазней стала вядома, што яму прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава — Таццяну. Пазней стала вядома, што яе вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК).
Дачку Таццяны і Вячаслава, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, адразу накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячы шпіталь, але пазней перадалі бабулі.
- У Гомелі загадчыка аптэкі асудзілі да 6 гадоў калоніі і аграмаднага штрафу за данаты і фота расійскай вайсковай тэхнікі
У Гомельскім абласным судзе да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў!) асудзілі 34-гадовага загадчыка адной з гарадскіх аптэк Дзмітрыя Макеева. Прысуд вынес Яўген Шаршнёў.
За данаты «Белсату», фонду салідарнасці BYSOL, а таксама палку Каліноўскага яго абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» і «фінансаванні ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні».
За перадачу службовых дакументаў і фота расійскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-каналы, прызнанымі экстрэмісцкімі фармаваннямі, яго абвінавацілі ў «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
-
Нашто ў журналіста-расследавальнікаДзяніса Івашына за кратамі забралі ружанцы?
У палітвязня, журналіста-расследавальніка НЧ Дзяніса Івашына ў Гродзенскай турме №1 забралі два ружанцы. Адзін пазней аддалі сваякам, а другі знік зусім.
- У Пружанах асудзілі хлопца за сарваны чырвона-зялёны сцяг
У судзе Пружанскага раёна 23 жніўня асудзілі Руслана Глушанка паводле арт. 370 КК (Здзек над дзяржаўнымі сімваламі). Суддзя Ігар Жытко прызначыў Руслану тры месяцы арышту.
27-гадовага гамельчука абвінавацілі ў тым, што ён сарваў чырвона-зялёны сцяг з адной з крамаў у Прыжанах і кінуў яго на зямлю. Гэтыя дзеянні кваліфікавалі, як «здзек над дзяржаўнымі сімваламі».
- ГУБАЗіК затрымаў трэнера ФК «Дынама Мінск»
Затрыманы — Артур Мустыгін. На «палонным відэа» затрыманы кажа, што працуе з камандай U-18. кажа, што нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Голас».