Хронікі рэпрэсій за 6 верасня: Светлагароскі «Ранак» — цяпер «экстрэмісцкае фармаванне», +15 новых палітвязняў
Навіны з жыцця палітвязняў — затрыманні, ператрусы і суды. Галоўныя навіны 6 верасня знутры краіны паводле інфармацыі СМІ і праваабаронцаў.
- 15 новых палітвязняў: Хто яны?
Сёння палітвязнямі праваабаронцы “Вясны” прызналі яшчэ 15 чалавек: гэта Юрый Ташкінаў, Сяргей Скатарэнка, Сяргей Нікіцін, Міхаіл Мякека, Ганна Скрыган, Анатоль Сашуноў, Іван Янчук, Жанна Волкава, Вераніка Ніколкіна, Сяргей Леанюк, Андрэй Паротнікаў, Максім Лапацін, Андрэй Лапацін, Сяргей Кострыж, Вадзім Пацэнка.
Праваабаронцы выступілі з адмысловай заявай, дзе адзначаецца, што беларуская ўлада вельмі адвольна трактуе паняцце “тэрарызму”.
“Пад тэрарызмам у міжнародным праве звычайна разумеюцца акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах…Генеральная Асамблея заявіла, што тэрарызм уяўляе сабой «злачынныя акты, накіраваныя або разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб або канкрэтных асоб у палітычных мэтах».
…Дзеянні, якія павінны перадухіляцца і карацца, … маюць наступныя тры характарыстыкі:
- здзяйсняюцца, у тым ліку супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць або сур'ёзную шкоду здароўю або захапіць закладнікаў;
- здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, або групы людзей, або асобных асоб, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад або міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне або ўстрымацца ад яго здзяйснення;
- уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.
У адсутнасці гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць парадку кіравання (пагроза ўжывання гвалту супраць службовых асоб), асобы або супраць уласнасці (напрыклад, наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці) з ужываннем санкцый, адпаведных цяжару і грамадскай небяспекі зробленага”, — адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.
Праваабаронцы згадваюць, што ім “вядома аб узяцці пад варту паводле адвольнага абвінавачвання ва ўчыненні тэрарыстычнага акту з абцяжарвальнымі віну абставінамі паводле арт. 289 ч. 3 КК Максіма Лапаціна, Андрэя Лапаціна, Сяргея Кострыжа, Вадзіма Пацэнкі ў сувязі з нападам невядомых на баявы самалёт узброеных сіл РФ, які базаваўся на вайсковым аэрадроме ў Беларусі”.
- Светлагароскі тэлеканал «Ранак» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 верасня.
Яшчэ 11 чэрвеня ў Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.
На ўсіх затрыманых склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 базавых велічынь.
- На Гомельшчыне за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы затрыманыя не менш за 10 чалавек
Гомельскім праваабароцам стала вядома, што затрыманні адбыліся ў Брагіне, Камарыне, Лоеве і Хойніках.
Імёны і акалічнасці затрыманняў невядомыя, але калялукашэнкаўскія паблікі паведамляюць, што ўсе затрыманыя знаходзяцца ў ІЧУ.
Акрамя таго, стала вядома пра затрыманне гамяльчанкі Сняжаны Цадавай. Ёй выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 130 КК РБ (распальванне варожасці ці варажнечы). За што менавіта на Сняжану завялі крымінальную справу, пакуль не вядома.
- Бацьку палітвязня-падлетка зноў пакаралі 15 суткамі арышту
Міхаіл Лапуноў – тата палітзняволенага Мікіты Залатарова. Праваабаронцам стала вядома, што мужчыну ўжо другі раз пакаралі арыштам на 15 сутак паводле часткі 2 адміністрацыйнага артыкула 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі).
З судовай пастановы вынікае, што Міхаіл падзяліўся нейкім відэа ад інтэрнэт-рэсурса, прызнанага уладамі экстрэмісцкім. Другі суд адбыўся 23 жніўня. Такім чынам, Міхаіл правядзе за кратамі як найменш 30 сутак запар.
- Затрыманага за каментары пра расіян грамадзяніна Туркменістана хочуць дэпартаваць з Беларусі
Пра затрыманне Мэйліса Матдурдыева стала вядома 2 верасня. На «палонным відэа» затрыманы кажа, што 10 гадоў жыве ў Беларусі, скончыў у нашай краіне медуніверсітэт, апошні час працуе барменам. Паводле хлопца, затрымалі яго за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, а таксама абразлівыя каментары ў дачыненні да грамадзян РФ.
Верагодна, Мэйліса пазбавілі віду на жыхарства і прызначылі дэпартацыю, а таксама штраф у памеры 900 рублёў.
- Мінчука, якога ў 2020-м «адбілі» ад затрымання на пікеце па зборы подпісаў, цяпер судзяць па крымінальных артыкулах
У Мінскім гарадскім судзе 4 верасня распачаўся суд над 36-гадовым Яўгенам Гормашам. Гэта той самы мінчук, якога людзі «адбілі» ад затрымання на пікеце па збору подпісаў 31 траўня 2020 года пасля таго, як той крыкнуў супрацоўнікам ДАІ «Ганьба!».
Цяпер Яўгена судзяць у межах крымінальнай справы за «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні», «абразу Лукашэнкі». Справу разглядае суддзя Любоў Сімахіна. Яўгену пагражае да шасці гадоў зняволення. Аднак падрабязнасці судовага працэсу праваабаронцам невядомыя.
- Вядомага глыбоцкага бодзібілдара Аляксандра Шарабайку будуць судзіць 13 верасня
Аляксандра затрымалі 13 сакавіка, пазней яму прызначылі 10 сутак арышту. Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 368 КК (абараза Лукашэнкі). Суд над ім распачнецца ў Глыбокім 13 верасня. Справу будзе разглядаць суддзя Андрэй Тарасевіч.
Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў саджалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сцяг на доме. У ліпені 2021 яго затрымлівалі на трое сутак «па падазрэнні ў злачынстве».
У чэрвені жонку палітвязня Алену аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (2590 беларускіх рублёў) паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Перад гэтым у доме Алены сілавікі правялі ператрус.
- Палітвязень Сяргей Моніч не выйшаў пасля заканчэння тэрміну, а яго жонку хочуць дэпартаваць з ЗША
21 жніўня Сяргей Моніч мусіў выйсці на волю пасля 3 гадоў зняволення, паведамляюць праваабаорнцы. Але яго не выпусцілі. Сваякі вязня не ведаюць нічога пра новую справу, у калоніі адказалі, што вязень змешчаны ў ШІЗА да 9 верасня.
Акрамя таго, ягоная жонка з-за пагрозы пераследу паспела з'ехаць у ЗША з двума дзецьмі, дзе і чакала мужа. Калі Сяргей Моніч не выйшаў, яна падалася на статус уцекача. Учора адбыўся суд, дзе ёй вынеслі рашэнне аб дэпартацыі (паводле папярэдняй інфармацыі).
Пракурор адзначыў:
- калі яна бяспечна пакінула Беларусь, значыць, ёй нічога не пагражае, інакш бы яе не выпусцілі;
- яму вядома, што ў Беларусі прыняты закон, згодна з якім людзі могуць вярнуцца бяспечна (заўв.: хутчэй за ўсё, размова пра праграму сілавікоў "Дарога дамоў");
- беларусам тут не месца.
Вельмі часта адмова ў запыце на прытулак не азначае, што чалавек не атрымае абарону. У ЗША існуюць розныя законы і праграмы, праз якія гэта пытанне вырашаецца, але, вядома, што такія суды і пазіцыя чыноўнікаў — гэта вялікі стрэс для людзей у эміграцыі.