Бітва за ўраджай, бессэнсоўная і бязлітасная
У Беларусі летась атрымалі рэкордны ўраджай збожжавых, і атрымалася тая самая лічба «харчовай бяспекі» — 1 тона збожжа на аднаго чалавека. Лукашэнка заявіў, што гэта поспех, «якога, я ўпэўнены, не дасягнулі нават найбуйнейшыя дзяржавы нашай планеты». Ён заклікаў паўтарыць гэты подзвіг у 2023 годзе. І сурочыў.
Сённяшні ўраджай будзе вельмі далёкі да той самай запаветнай тоны на чалавека. Але калі паглядзець на пытанне ледзь глыбей — ці патрэбная яна нам, гэтая тона? Адкуль наогул узялася гэтая сакральная лічба?
Як падняць ураджай? Прыпіскамі!
Сённяшні ўраджай нас далёка не радуе, таму што зусім не радавала надвор'е. Для людзей яно было прымальнае, для ўраджаю — не зусім: спачатку дажджы, потым — засуха (як і ва ўсёй Еўропе). Аднак толькі ў нас у краіне (сярод суседзяў) ураджайнасць — гэта планавы паказчык, прычым той, які плануецца задоўга нават да наступлення Новага года. Як сабралі мінулы ўраджай — так і пачынаем планаваць наступны.
І вядома ж, на фоне рэкорднага ўраджаю 2022 года — выніковы «каравай» краіны «важыў» 10,5 млн т збожжа ўсіх культур, — нашы дзеячы ад сельскай гаспадаркі заявілі, што ў гэтым, 2023 годзе, мы збярэм не менш за 9 мільёнаў тон збожжавых.
Памятаючы пра гэтыя абяцанні, Лукашэнка ад гэтых лічбаў і адштурхваецца. «Прагназуемы валавы збор збожжа, уключаючы рапс, кукурузу, свірэпіцу, складзе крыху больш за 9 млн тон. Гэта менш за ўзровень мінулага года. І гэта тое, што цяпер знаходзіцца на корані, што трэба яшчэ без страт прыбраць і адправіць у сховішчы. Урад запэўнівае: такой колькасці нам амаль хопіць для забеспячэння краіны харчовым і фуражным збожжам. Я ў гэтым абсалютна не сумняюся», — заявіў ён у час селектарнай нарады 21 ліпеня.
Аднак прырода ўносіць свае карэктывы. Начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык паведаміў, што ўраджай збожжавых у Беларусі ў 2023 годзе па папярэдніх ацэнках складзе 6,5 мільёна тон. Такім чынам, першапачатковы прагноз «усох» на траціну.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Па выніках уборкі 89,5% плошчаў пад збожжавымі коласавымі збожжа аказалася намалочана ўсяго 5,73 млн тон. Каб палепшыць рапарты, ведамства сёлета ўключае ў статыстыку ўраджаю масласемена рапсу. Іх намалочана яшчэ 934 тысячы тон. У выніку ведамства рапартуе пра ўраджай 6,67 млн тон, хоць звычайна рапс не ўлічваецца ў вытворчасці збожжавых.
Бо што ў нас галоўнае? Галоўнае, каб лічбы больш-менш сыходзіліся і Лукашэнка не лаяўся, правільна?
А што ў суседзяў?
Адзіная краіна, якая больш-менш прагназуе свой ураджай, як і Беларусь — гэта ваюючая Украіна. Там, на думку першага намесніка міністра аграрнай палітыкі і харчавання Тараса Высоцкага, ураджай збожжавых «прасядзе» ў параўнанні з 2022 годам на 5-7%. «Чакаецца, што збожжавых будзе сабрана каля 46 млн тон. Гэта, на жаль, менш, чым летась. Памяншэнне складае прыкладна 5-7%», — сказаў ён.
Бліжэйшая суседка Літва таксама чакае зніжэння ўраджайнасці, але там пра лічбы не гавораць, паколькі на цэнтралізаваным узроўні імі не займаюцца. Старшыня Літоўскай асацыяцыі вытворцаў збожжа Аўшрыс Мацыяўскас прагназуе, што гэты год будзе цяжкім для фермераў і горшым за 2022 год. Паводле яго, нягледзячы на тое, што рэальная шкода ад засухі пакуль не адчуваецца, яна непазбежная. «Мы яшчэ не адчулі гэтага. Наступствы адчуем, калі збярэм ураджай і зоймемся яго рэалізацыяй. Цяпер можна толькі варажыць, якія будуць страты праз засуху. Але тое, што яны будуць, непазбежна», — сказаў Мацыяўскас.
Польшча, у свае рэкордныя дні збірала па 0,95 тоны збожжавых на чалавека. І так, здарылася гэта ў тым самым рэкордным мінулым годзе, калі краіна сабрала 36 млн тон збожжа. Але вось закавыка: Польшчы такой колькасці збожжа проста не трэба. У таму іх з мінулага ўраджаю ў сховішчах ляжыць прыкладна столькі, колькі мы сабралі збожжа ў новым ураджаі — 5,8 млн тон, і гэта на 70% больш, чым у 2021 годзе.
Акрамя таго, Польшча практычна «засыпаная» збожжам з Украіны, якое прыйшло да яе праз «танцы з бубнам» Расіі вакол «збожжавай здзелкі». Бо Расія то ўваходзіла ў яе, то выходзіла з яе некалькі разоў. У выніку сітуацыя ў Польшчы такая, што збожжа няма куды складаваць, на што і лаюцца польскія фермеры.
Пакуль мы «прыпісваем» сябе лічбы ўраджайнасці, нашыя суседзі не ведаюць, куды падзець зерне.
Тона збожжа на чалавека: навошта?
Цікавая сама пастаноўка пытання аб «харчовай бяспецы». Адкуль узялася лічба ў тону збожжа на чалавека?
Як ні дзіўна, але ні ў адной крыніцы не ўдалося знайсці выражаны ў лічбах узровень «харчовай бяспекі». Цяпер агульнапрынятая шкала той самай бяспекі вымяраецца не ў тонах на чалавека, а спажываннем калорый на чалавека ў дзень, даступных на сямейны бюджэт.
Толькі ў Расіі была прынятая дактрына харчовай незалежнасці, якая вызначае ўзровень самазабеспячэння прадуктамі, і разлічваецца як адносіны аб'ёму айчыннай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і харчавання да аб'ёму іх унутранага спажывання.
У 2010 годзе тагачасны першы віцэ-прэм'ер РФ Віктар Зубкоў заявіў, што Расія павінна імкнуцца да нормаў забеспячэння збожжам з разліку адна тона на аднаго чалавека. Але, паводле яго ж слоў, такі ўзровень збору збожжавых дасць магчымасць не толькі забяспечыць хлебам насельніцтва, але таксама і загрузіць перапрацоўчую прамысловасць (напрыклад, вырабляць са збожжа спірт), і развіваць жывёлагадоўлю (то-бок скормліваць худобе).
У сучаснай Украіне пры прыкладна 40-мільённым насельніцтве ўнутранае спажыванне — прыкладна 18 мільёнаў тон збожжа. Гэтых 18 млн тон цалкам хапае для задавальнення ўнутранага попыту. Астатняе ідзе на экспарт праз тыя ж «збожжавыя калідоры».
Польшча з насельніцтвам прыкладна 38 млн чалавек спажывае прыкладна 20 млн тон збожжа на год. А сярэднестатыстычны літовец спажывае крыху больш за 100 кілаграмаў збожжа і збожжавых прадуктаў.
Такім чынам зразумела, што прынятая Лукашэнкам планка «харчовай бяспекі» ў тону збожжавых на чалавека — не больш чым калька з расійскай сістэмы. Але Расію можна і зразумець — ёй даводзіцца забяспечваць хлебам рэгіёны, дзе пшаніца не расце: тую ж Сібір, Чукотку і Далёкі Усход. А навошта «тона збожжа на чалавека» ў кампактнай Беларусі?
Так што ў прынцыпе сабраныя цяпер у Беларусі 5,7 млн тон збожжа для ўнутранага попыту — гэта цалкам нармальная справа, і не трэба «выскокваць з штаноў» з паказчыкамі. Тым больш, што, па словах былога кіраўніка беларускага Мінсельгасхарча Ігара Брыло, краіне ўвогуле (разам з жывёлагадоўляй па максімальнай планцы) трэба ўсяго 6,5 млн тон зерня. Чаго не хопіць — дакупім у Расіі.
Грузія наогул імпартуе 95% пшаніцы з Расіі і зусім не парыцца з гэтай нагоды. Таму што ў Грузіі ёсць грошы, і калі ёй не прадасць збожжа Расія, яны купяць пшаніцу ва Украіны.
Але мы чамусьці штогод наладжваем «пагоню за паказчыкамі», «бітву за ўраджай» і іншую непатрэбную трасцу і завышаную «харчовую бяспеку» — нават нягледзячы на тое, што нам столькі збожжа не трэба.
Але апраўданне гэтаму таксама ёсць: калі б не было «бітвы за ўраджай», чым бы займаўся Аляксандр Лукашэнка?